Пленарнае пасяджэнне форуму было прысвечанае культурным ініцыятывам як аснове развіцця творчых індустрый у Беларусі і Расіі. Генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аксана Кніжнікава распавяла аб асноўных напрамках супрацоўніцтва між беларускімі і расійскімі бібліятэкамі, узаемадзеянні ў сферы міжнароднага дакументаабмену, фарміраванні агульных лічбавых калекцый, аднаўленні помнікаў кніжнай культуры. Намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Сяргей Вечар распавёў аб перспектывах развіцця згаданай установы, якая неўзабаве адкрые новыя карпусы, дзе размесцяцца рэстаўрацыйныя майстэрні і новыя выставачныя прасторы.
Таксама ў рамках форуму адбыліся адкрыццё выставы Дзяржаўнага музейна-выставачнага цэнтра РОСФОТО (Санкт-Пецярбург) і шэраг круглых сталоў, прысвечаных патэнцыялу творчых прадуктаў, якія фарміруюць нацыянальныя каштоўнасці на аснове матэрыяльнай і нематэрыяльнай культурнай спадчыны народаў Беларусі і Расіі, павышэнню канкурэнтаздольнасці творчых прадуктаў і паслуг айчынных прадпрымальнікаў, а таксама культуры ў сучаснай інфармацыйнай прасторы. Форум завяршыўся ўрачыстым прыёмам, зладжаным Міністэрствам культуры Расійскай Федэрацыі.