Яшчэ ў дзяцінстве ў Ліліі Тадэвушаўны выявіўся талент да выяўленчага мастацтва. Тады дзяўчынка малявала ўсё, што траплялася на вочы: прыроду, сяброў, свой пакой. Пасля да малявання далучылася яшчэ адно захапленне — лепка. Безліч прац упрыгожвала пакой дзяўчынкі, яна заўжды шукала штосьці новае, асвойвала новыя тэхнікі.
Пасля заканчэння школы дзяўчына дакладна ведала, што звяжа сваё жыццё з выяўленчым мастацтвам. Марам таленавітай зямлячкі было суджана спраўдзіцца. На сёння Лілія Тадэвушаўна — загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Астравецкага раёна. Аднак шлях да гэтай пасады быў цікавым, напоўненым творчасцю, перамогамі, новымі ўменнямі. Цяпер складана знайсці той від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, у якім яна яшчэ не працавала.
Лілія Тадэвушаўна з 18 гадоў займаецца роспісам шкла, на прафесійным узроўні распісвае кандытарскія вырабы, яе захапляе цукровая фларыстыка, а ў 2016 годзе яна асвоіла яшчэ і тэхніку анатамічнай лепкі. Вышыўка, вязанне мяккіх цацак, адзення, роспіс сцен і тканіны, вырабы з палімернай гліны і халоднага фарфору. Здаецца, працягваць гэты пералік можна бясконца...
“Таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім” — гэты афарызм цудоўна суадносіцца з нашай зямлячкай.
Як сапраўдная жанчына, Лілія Тадэвушаўна вельмі любіць упрыгожанні. Аднак аддае перавагу не ювелірным, а ўласным вырабам. Дзіўныя і незвычайныя, яны здзіўляюць з першага погляду: завушніцы і пярсцёнкі з элементамі шкла, вырабы з бісеру.
Прыемна і тое, што старэйшы сын Ліліі Тадэвушаўны пераняў талент матулі. Яго малюнак заняў прызавое месца ў конкурсе, які праходзіў у ЗША.
Талент і сканцэнтраванасць на сваім занятку — вось галоўныя элементы поспеху цудоўнага майстра. “Жыццё даецца, каб жыццё тварыць!” — пісаў Анатоль Вярцінскі. Гэтым жа прынцыпам кіруецца і Лілія Тадэвушаўна Кімса, якая кожны дзень дорыць прыгажосць гэтаму свету.
Вольга ЗАЯНЧКОЎСКАЯ, бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі