Зачараваны “гітарным зоркалётам”
Свет музыкі захапіў маленькага Славіка ў самым раннім дзяцінстве. Малы яшчэ не навучыўся добра хадзіць, а ўжо падпаўзаў да радыёлы, цягнуўся да яе ручкамі, чуючы чароўныя гукі музыкі. Мама ставіла пласцінку і спакойна займалася гаспадарчымі справамі, а Слава, як зачараваны, стаяў на адным месцы, стаіўшы дыханне, слухаў, паглыбляючыся ў чароўны свет музыкі. Ён яшчэ не навучыўся гаварыць, але ўжо спрабаваў спяваць, паўтараючы па-свойму словы пачутых песень.
З гадоў пяці-шасці хлапчук часцяком ладзіў канцэрты для ўсіх ахвотных, цешачы іх сваім захапленнем песнямі. Аднак, калі хлопчык падрос і мама паспрабавала прывесці Славіка ў музычную школу, ён наадрэз са слязамі на вачах адмовіўся ад навучання музычным навукам. Хлопчык цягу да музыкі не згубіў, але даводзіў матулі, што трэба ж яму пагуляць з сябрамі і ў футбол, і ў “вайнушку”, і рагатку змайстраваць, і на рэчку збегаць, і бульбу на вогнішчы спячы.
Але свет музыкі не адпускаў падлетка. Як вядома, у сярэдзіне сямідзясятых у кожным гарадскім двары былі свае гітарысты — дарослыя хлопцы, якія жылі побач. Падлеткі, сярод якіх быў і Слава, збіраліся вакол гэтых музыкаў і з захапленнем слухалі папулярныя эстрадныя песні савецкай і замежнай эстрады, аўтарскія творы бардаў Уладзіміра Высоцкага, Юрыя Візбара, Булата Акуджавы ды многіх іншых.
А ў адным пад’ездзе са Славам жыў вядомы на той час у горадзе масціты музыка з ВІА “Снегіры” Віктар Церашок. Калі Віктар выходзіў на вуліцу са сваёй электрагітарай ярка-чырвонага колеру, то гітара зачароўвала ўяўленне ўсіх хлапчукоў. Віктар здаваўся ім проста касманаўтам з “гітарным зоркалётам” у руках. Часцяком старэйшыя векам хлопцы, паказваючы хлапчукам некаторыя свае прыёмы грання на гітары, навучалі падлеткаў трохакордавым дваровым песням. Сярод гэтых падлеткаў быў, натуральна, і Слава.
Так паступова Вячаслаў Лявоненка самастойна асвоіў гітарныя акорды і яго прынялі ў ВІА пры Домабудаўнічым камбінаце, а таксама паралельна — у падрыхтоўчую групу духавога аркестра “Гелікон” Палаца культуры хімікаў. Атрымаўшы вопыт практычнай гульні і трохі асвоіўшы некалькі музычных інструментаў, Слава разам з сябрамі-школьнікамі стварыў групу “Імпульс”. Хлопцы не толькі гралі на школьных вечарах, але ўжо і сталі трошкі зарабляць, выступаючы на вяселлях, юбілеях, святах, танцах і выпускных вечарах.
Музыка — справа жыцця
Пасля заканчэння школы Вячаслаў Лявоненка пару гадоў працаваў на прадпрыемствах горада, затым скончыў Светлагорскае вучылішча і паступіў у Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут. Акрамя вучобы, у вышэйшай навучальнай установе быў час і на актыўны ўдзел у грамадскім жыцці інстытута — хлопец з’яўляўся ўдзельнікам факультэцкага ВІА і інстытуцкага духавога аркестра.
Пасля заканчэння інстытута малады спецыяліст В. Лявоненка працаваў па спецыяльнасці, а таксама граў у народным духавым аркестры “Гелікон”, а таксама спяваў у народнай вакальнай студыі “Ліра”, створанай Ірынай Шульга. Пастаянна прымаў удзел у мясцовых і выязных канцэртах, фестывалях і конкурсах. І аднойчы зразумеў, што музыка — галоўны занятак у яго жыцці.
У 1999 годзе Вячаслаў Мікалаевіч уладкоўваецца на працу прафесійным музыкам эстраднага аркестра “METALLIC BIG BAND” Палаца культуры металургаў Беларускага металургічнага завода (Жлобін). Любімая справа захапіла цалкам, прыносіла радасць творчасці і натхненне. А яшчэ праз 15 гадоў, у 2014 годзе Вячаслаў Лявоненка перайшоў на працу ў Светлагорскі цэнтр культуры кіраўніком моладзевай рок-студыі “Ad Libitum”. Да слова, музычны тэрмін “Ad Libitum” азначае выкананне твора па жаданні, на сваё меркаванне, у свабоднай трактоўцы.
З’яднаны са сферай культуры
Задачай сваёй працы ў Светлагорскім цэнтры культуры Вячаслаў Мікалаевіч лічыць, у першую чаргу, далучэнне падлеткаў да актыўнага ладу жыцця з дапамогай іх асабістага ўдзелу ў рок-культуры, навучання гульні на розных інструментах (гітара, барабаны, клавішны сінтэзатар і іншыя), і ў далейшым — стварэнне рок-гуртоў і кавер-бэндаў на базе студыі.
Да слова, створаныя падобным чынам групы бралі ўдзел і станавіліся дыпламантамі фестываляў і конкурсаў розных па сваім статусе і ўзроўню: гарадскія, рэгіянальныя, міжрэгіянальныя і рэспубліканскія. У “скарбонцы” студыі дыпломы І, ІІ і ІІІ ступеняў фестываляў “Сожскі шлягер”, “Шацілінскі шлягер”, “Навальніца”, “Рок-эйфарыя”, “Новая хваля”, “Памяці Віктара Цоя” ды многіх іншых. Так, Светлагорскі школьны кавер-бэнд “Post Scriptum” рок-студыі “Ad Libitum” прэзентаваў рок-музыкаў моладзевага руху ад Гомельскай вобласці на “Дажынках” у Жлобіне.
Канцэрты музыкаў студыі прымаюцца моладзевай аўдыторыяй з захапленнем. На сёння ў складзе студыі дзве групы дарослых музыкантаў і тры групы — дзіцячых. Кіраўнік студыі мяркуе, што гурт нараджаецца не на рэпетыцыях, а ў момант першага выступлення на сцэне. Але перш, чым выпусціць сваіх гадаванцаў на сцэну, Вячаслаў Мікалаевіч скрупулёзна працуе над падрыхтоўкай маладых музыкаў, выбарам рэпертуару, удасканаленнем навыкаў валодання інструментам.
Маладыя і вельмі перспектыўныя ў далейшай творчай дзейнасці кавер-бэнды “Справа №1” і “Не па прызначэнні” ўжо ўдала выступілі на рок-фэсце “НенаROCKом по поROCKам”. Цяпер студыйцы занятыя падрыхтоўкай да міжрэгіянальнага фестывалю “Rockоделание”, які адбудзецца ў Светлагорску напрыканцы лістапада.
Дарэчы, на названы фестываль прыедуць калектывы практычна з усіх абласцей Беларусі. Вячаслаў Мікалаевіч ганарыцца тым, што ягоныя калегі-музыкі з многіх беларускіх гарадоў прызнаюць наш невялікі горад раённай “Rock-Мекай”. На пытанне пра тое, у чым заключаецца сакрэт яго поспеху ў якасці кіраўніка моладзевай рок-студыі, Вячаслаў Лявоненка адказаў: “Трэба перш за ўсё фанатычна любіць сваю працу і, нягледзячы на ўсе цяжкасці ў ёй, часцяком ахвяраваць нечым сваім, асабістым на карысць творчасці. Тады і вынік будзе не за гарамі”.
Галіна КАПЕЦКАЯ, Светлагорск
Фатаграфіі з асабістага архіва В. М. Лявоненкі.
На здымках: В. М. Лявоненка, кавер-бэнд “Справа №1”, кавер-бэнд “Не па прызначэнні”.