Памятаю Барыса Цітовіча яшчэ зусім маладым сімпатычным хлопцам, які паступіў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут на курс, якім кіраваў Павел Любамудраў, і куды я толькі нядаўна прыйшоў выкладчыкам. Памятаю, якім старанным і таленавітым студэнтам ён быў. Колькі працаздольнасці і намаганняў прыкладаў падчас вучобы. Да дыплома, дарэчы, на гэтым курсе з дзевяці паступіўшых студэнтаў дайшло толькі чатыры. І кожны з іх стаў творцам.
Патрапіўшы ў агульны струмень тагачаснай цікавасці да кнігі, адметнай філасофіі беларускай літаратуры, ён хутка захапіўся кніжнай графікай. Барыс Цітовіч паступіў у інстытут у той момант, калі яшчэ не была сфарміравана кафедра графікі, і асобныя групы графікаў існавалі пры кафедры малюнку. Але гэта не перашкодзіла яму разам з іншымі апантанымі гэтай галіной мастацтва студэнтамі напоўніцу разгарнуць свой талент.
Цітовіч быў усяго на адно пакаленне маладзейшы за мяне, але мне давялося кіраваць яго дыпломнай работай — Барыс абраў для ілюстравання раман Івана Мележа “Людзі на балоце”. Малюнкі атрымаліся настолькі ўдалымі, што выдавецтва вырашыла выпусціць іх асобным выданнем. Да моманта вяртання Барыса Цітовіча з войска кніга ўжо выйшла.
Памятаю цёплы і прыцягальны партрэт Івана Мележа, які ў 1973 годзе Барыс Цітовіч зрабіў у дадатак да графічных ілюстрацый яго рамана. Гэты партрэт стаў загалоўным і ў выдадзенай кнізе. Такім чынам, малады мастак стаў у кагорту тых кніжных ілюстратараў, хто парушыў традыцыю паказваць аўтараў літаратурных твораў у выданнях проста фотаздымкам, развіваў даўнія здабыткі сусветнай кніжнай графікі ствараць вобразы майстроў прыгожага пісьменства.
Займаўся Барыс Цітовіч і станковай графікай. Згадваюцца яго яркія графічныя серыі, прысвечаныя аднавяскоўцам, родным мясцінам, вобразам былых франтавікоў. Барыса адрознівала прафесійнае валоданне графічнымі тэхнікамі, уменне выбудоўваць, адточваць кампазіцыю, ствараць вобразы без залішняй шматслоўнасці. Але галоўнае — уменне перадаваць характары герояў, такія яркія, напружаныя, трагічныя і вельмі выразныя.
Аднак спраектавалі яго будучае творчае жыццё ўсё ж такі ілюстрацыі — да раманаў “Людзі на балоце”, “Подых навальніцы”, “Завеі, снежань...” Івана Мележа, кніг Янкі Брыля, Івана Шамякіна, Івана Навуменкі, Петруся Броўкі, Віктара Карамазава. З многімі пісьменнікамі ён блізка сябраваў. Гэта было не дзіўна, у 1970-1980-х гадах наша творчая супольнасць мела вельмі блізкія стасункі, жыла аднымі ідэямі і памкненнямі. Мастакі, пісьменнікі, навукоўцы, гісторыкі адчувалі неверагодую еднасць, займаючыся пытаннямі беларускай спадчыны. Мы шмат спрачаліся, часта збіраліся разам, нават і на адлегласці цікавіліся аднымі і тымі ж тэмамі. Шукалі ў крамах новыя кнігі, дыскутавалі на выставах аб новых сродках мастацкага выяўлення, радаваліся археалагічным знаходкам, абмяркоўвалі наноў адкрытыя факты з гістарычнага мінулага краіны.
Мне здаецца, што ў лёсе Барыса Цітовіча гэты неверагодны час — адкрыцця для кожнага сваёй Беларусі — адыграў кардынальную ролю. Ужо будучы дастаткова вядомым мастаком, удзельнікам выстаў, ілюстратарам кніг, супрацоўнікам Мастацкага фонду БССР, ён прыняў нечаканае і не ўсім зразумелае рашэнне развітацца з мінскай прапіскай і пераехаць жыць у вёску. Цітовічы набылі дом у вёсцы Заброддзе Вілейскага раёна, у жывапісных мясцінах, непадалёк ад ракі. Яго жонка Валянціна, тэатральны рэжысёр па адукацыі (з ёю Барыс пазнаёміўся яшчэ студэнтам у інстытуце) хутка стварыла дзіцячы лялячны тэатр “Ялінка”. У Заброддзі нарадзіўся сын Даніла, цяпер таксама мастак…
Барыс ілюстраваў кнігі і пісаў карціны. Менавіта тут ён адчуў у сабе цягу і моц заняцца іканапісам. Вучыў дзетак у мастацкай студыі. Пасадзіў на беразе Нарачанскі гай, дзе кожны дубок, кожная бярозка — імя і памяць пра загінулага ці сышоўшага ветэрана сусветных ды іншых войнаў. Растуць у гэтым гаі і дрэвы, што пасадзілі Васіль Быкаў і Алесь Адамовіч, тыя, хто зведаў на сабе вайну і здолеў многім наступным пакаленням расказаць пра яе жахлівую сутнасць.
Ці можна было гэту новую дарогу, якая ўзяла мастака ў жыццёвы і творчы палон, назваць выпрабаваннем?.. Хутчэй шчаслівым лёсам, падчас якога талент Барыса Цітовіча раскрыўся іншымі гранямі. Маленькая геаграфічная кропка на мапе Беларусі стала для яго кропкай жыццёвага адліку, эпіцэнтрам перажыванняў, шляхам, на якім ён спасцігнуў самога сябе, сваё прызначэнне. Заброддзе з’явілася для Барыса Цітовіча тым мастацкім апірышчам, на якім творца знайшоў вельмі важную для сябе і для ўсіх нас справу — стварыць тут музей Першай сусветнай вайны.
Для мяне, як і для ўсіх творчых людзей нашых пакаленняў, было вельмі зразумелым і блізкім імкненне Барыса Цітовіча захаваць гісторыю сваёй краіны, у тым ліку і малавядомай нам на той час вайны пачатку ХХ стагоддзя. Тым больш у лясах не толькі Вілейшчыны, але і маёй роднай Мядзельшчыны было шмат пахаванняў з Першай сусветнай, забытых, без крыжоў або са зваленымі на зямлю каменнымі помнікамі.
Барыс Цітовіч адразу захапіўся ідэяй увекавечыць гэту гістарычную памяць. Хадзіў у вілейскія лясы, вывучаў магільныя пагоркі, чытаў гістарычную літаратуру. Па крупінках збіраў інфармацыю. Пачаў самастойна рабіць і ўсталёўваць крыжы, помнікі, часта пераадольваючы непаразуменне і незадаволенасць мясцовых уладаў. Стаў запрашаць у Заброддзе самых розных людзей. Як чалавек творчы, духоўны, з філасофскім падыходам да жыцця, Барыс сцвярджаў, што трэба помніць войны розныя, што ўвага да могілак і ахвяр Першай сусветнай — гэта і сплачванне нашых даўгоў тым, хто прайшоў праз Вялікую Айчынную... Так яго важным і сапраўды знакавым жыццёвым клопатам стала стварэнне музея Першай сусветнай вайны. Глабальны праект, што ахоплівае тэрыторыю ад Вілейкі да Смаргоні і Нарачы. Так званы “тэатр ваенных дзеянняў”. А яшчэ паставіць побач каплічку — як сімвал духоўнай еднасці…
А людзі дапамагалі Барысу Цітовічу ў яго справе. Яго імкненне было часткай нашай агульнай заклапочанасці лёсам бацькаўшчыны — Беларусі. Таму дапамагалі Барысу мастакі, святары, пісьменнікі, музыканты, музейныя работнікі, вайскоўцы, краязнаўцы, вясковыя людзі, нават дзеці… Дапамагалі, бо адчувалі шчырасць яго працы, без афіцыёзу і патэтыкі, з цяжарам смутку і праўды…
Ідэі Барыса Цітовіча не знікнуць. Засталіся яго спадчыннікі, яго сябры і паплечнікі. Справа мастака будзе працягвацца…
Васіль ШАРАНГОВІЧ, народны мастак Беларусі