УСЁ ДОБРАЕ — АД МАЦІ
Як паведамляе наш сталы аўтар Андрэй Струнчанка, днямі ў аграгарадку Мазалава Віцебскага раёна прайшоў канцэрт “За ўсё табе дзякую”, прысвечаны Дню маці. Пралогам да святочнага мерапрыемства быў міні-спектакль “Зорны хлопчык” у выкананні ўдзельнікаў тэатральнага калектыву “Вобраз” (кіраўнік Алеся Бекішава).
Да Дня маці бібліятэкі Астравеччыны прынялі ўдзел у абласным чэленджы #МамеАрт і парадавалі сваіх любімых і дарагіх матуль вершамі, самаробнымі паштоўкамі, сувенірамі. Як напісала на рэдакцыйную пошту бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі Вольга Заянчкоўская, у гонар мілых мам Міхалішкаўская сельская бібліятэка правяла ўрок-прызнанне. Бібліятэкар Вольга Багдановіч расказала дзецям пра тое, як важна праяўляць пачуццё любові, павагі і клопату да матуль і бабуль не толькі ў святочны дзень, але і ў паўсядзённым жыцці. Акрамя таго, бібліятэкар прапанавала зрабіць прыгожыя паштоўкі з цёплымі пажаданнямі і ўручыць іх дома сваім матулям.
А ў Варнянскай сельскай бібліятэцы Астравецкага раёна прайшла акцыя “Павіншуй маму”. Дзеці аматарскага аб’яднання “Добрае сэрца” падпісалі паштоўкі сваім мамам і павіншавалі іх з самым цёплым святам і з пажаданнямі здароўя, усмешак і добрага настрою. У гэты дзень у бібліятэцы была падрыхтавана прэзентацыя “Усё светлае — ад сонца, усё добрае — ад маці”.
У Дзень маці ў Жодзінскай цэнтральнай гарадской бібліятэцы віншавалі матуль, як супрацоўнікаў, так і наведвальнікаў бібліятэкі. Для іх, піша нам Ірына Хілюціч, была падрыхтавана літаратурна-музычная праграма “Сёння матулін дзень”, у аснову якой леглі лісты да маці і вершы пра маці беларускіх паэтаў і пісьменнікаў.
“Атрымалася сапраўды шчырая сардэчная споведзь сыноў перад сваімі матулямі на фоне іх фотаздымкаў, — піша нам аўтарка допісу. — Міхась Пазнякоў, напрыклад, называе сваю матулю Марыю Еўдакімаўну “маё сонца, і песня мая, і вясна” ў вершы “Незабыўнай матулі”, Максім Танк у вершы “Рукі маці” праслаўляе рукі сваёй матулі Домны Іванаўны, ад якіх, быццам ад сонца, цяплее ў хаце і ў сэрцы. Уладзіміру Караткевічу ж карцела пазнаць душу сваёй маці Надзеі Васільеўны, якую ён параўноўвае з кветкай у вершы “Матчына душа”. Шмат цёплых лістоў адправіў сваёй маці Акуліне Андрэеўне Рыгор Барадулін. Паэт, дарэчы, і сам імкнуўся захаваць усе матуліны пісьмы і паштоўкі, лічачы, што гэта самы дарагі скарб, што застаўся ад яе. А Уладзімір Ліпскі перад сваёй матуляй Марыяй Адамаўнай спавядаецца і верыць, што ад гэтай споведзі цяжкі панядзелак стане лягчэйшым”.
Яшчэ адзін ліст — з Ашмянаў. 13 кастрычніка ў гарадской бібліятэцы горада Ашмяны была арганізавана акцыя-віншаванне “Матулін дзень у бібліятэцы”, прымеркаваная да Дня маці. У гэты дзень, піша нам загадчык бібліятэкі Людміла Зарэцкая, супрацоўнікі ўстановы ўручалі карыстальнікам паштоўкі-напаміны “Не забудзь павіншаваць маму!”, на адвароце якіх былі напісаны вершы для мам.
ЦУКЕРКА ЛЕПШ ЗА ЦЫГАРЭТУ
Цяпер перайду да іншых мерапрыемстваў, што прайшлі днямі ў розных кутках Беларусі. Так, 17 кастрычнiка ў сельскай бібліятэцы аграгарадка Мураваная Ашмянка Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці прайшла акцыя “Кінь цыгарэту — з’еш цукерку”. Бiблiятэкар з валанцёрамi хадзiлi i раздавалi ўсім ахвотным цукеркi з просьбай адмовiцца ад курэння хоць бы на адзiн дзень, інфармавалі пра тое, колькi ў свеце людзей пакутуе i гiне ад гэтай згубнай звычкi.
Як напісала нам бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ваўкавыскай раённай бібліятэкі Таццяна Мядзведзева, ва ўсіх бібліятэках раёна былі арганізаваны выставы да Года народнага адзінства. У раённай бібліятэцы, напрыклад, размешчана інфармацыйна-пазнавальная выстава, дзе экспануецца літаратура пра Беларусь, яе гісторыю і дасягненні ў эканоміцы ды сацыяльнай сферы. “Падборка выданняў дазваляе ў храналагічнай паслядоўнасці пазнаёміцца з асноўнымі этапамі развіцця незалежнай беларускай дзяржавы з часу з’яўлення яе на міжнароднай арэне і да нашых дзён, малюе дэталёвы партрэт беларускага грамадства, які пачаў фарміравацца ў далёкім мінулым і ў рамках сучаснага свету”, — зазначае аўтар допісу.
Не можам не расказаць пра тое, што 9 кастрычніка ў Мастоўскім раённым цэнтры культуры адбыўся абласны фестываль дзіцячай эстраднай творчасці “Масты надзей”. Фестываль з 20-цігадовай гісторыяй, з пэўнымі вехамі і падзеямі ў творчым жыцці вялікай колькасці калектываў і выканаўцаў. Першы ў Гродзенскай вобласці фестываль такога кірунку, які даў штуршок для “нараджэння” падобных конкурсаў у іншых рэгіёнах Гродзеншчыны, а таксама заснавання дзіцячых эстрадных студый.
“У конкурснай праграме фестывалю прынялі ўдзел лепшыя дзіцячыя эстрадныя калектывы вобласці, індывідуальныя выканаўцы, вядучыя канцэртных праграм ад 6 да 17 гадоў”, — напісала нам вядучы метадыст па вакальна-харавым жанры Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Ала Варабей.
На святочна аформленай фестывальнай сцэне выканальніцкае майстэрства прадэманстравалі больш за 350 дзяцей. Усе канкурсанты атрымалі дыпломы і прызы. Пераможцы абласнога фестывалю дзіцячай эстраднай творчасці “Масты надзей” будуць унесены ў банк даных маладых выканаўцаў Гродзенскай вобласці і рэкамендаваны да ўдзелу ў абласных канцэртах, у рэспубліканскіх і міжнародных фестывалях і конкурсах.
“ФАРБЫ ЖЫЦЦЯ” І ЮБІЛЕЙ
“Фарбы жыцця” — так называецца выстава сямейнай творчасці, якая адкрылася ў Лідскім аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры. На ёй экспануюцца тканыя работы заснавальніцы творчай дынастыі Генуэфы Волчак, а таксама карункі яе дачкі Адэлі Кодзік, лапікавае шыццё ўнучкі Ірыны Дыдышка і маляўнічыя пейзажы ўнука Генадзя Кодзіка ды карціны і вырабы з гліны, створаныя праўнучкай Кацярынай Дыдышка. Кожны ўдзельнік выставы — сапраўдны творца са сваім светапоглядам і непаўторным мастацкім бачаннем, што беражліва гадавалася і развівалася ў асяроддзі сваякоў-аднадумцаў.
І апошняе. Як паведамляецца ў чарговым лісце на адрас “Культуры”, днямі Дзяржынскі ГДК ярка адзначыў свой 60-гадовы юбілей. На працягу дзвюх гадзін гледачоў радавалі любімыя артысты, чый лёс быў трывала звязаны са сцэнай роднага Дома культуры. Усе калектывы Дома культуры падрыхтавалі свае ўнікальныя, “фірмовыя” нумары, якія разам увасобіліся ў насычаную і рознабаковую праграму. Так, ансамбль народнай музыкі “Спадчына”, студыя эстраднай песні “Красавік”, ансамбль народнай песні “Карагод”, харэаграфічны ансамбль “Альянс”, салісты Наталля Галак, Вольга Дубоўская, Дзяніс Лысы і многія іншыя расказвалі гледачам пра самае важнае на мове музыкі.
“Па добрай традыцыі дырэктар Таццяна Чаган уручыла ўзнагароды ў намінацыі “За творчую адданасць” ГДК дуэту Алены і Андрэя Ліпскіх, якіх музыка звязала не толькі ў творчасці, але і ў сямейным жыцці, а таксама ў намінацыі “За адданасць і вернасць роднаму ГДК” Ігару Крыловічу, які адпрацаваў у Доме культуры больш за 20 гадоў. Асаблівай узнагароды быў удастоены Валерый Загалавец, вядомы гледачам у амплуа юнага вядучага на шматлікіх мерапрыемствах ГДК”, — паведамляецца ў лісце.
Акрамя таго, Таццяна Чаган выказала вялікую ўдзячнасць працоўным калектывам Дзяржынска за іх прызнанне і сталасць у выбары ўстановы культуры, а таксама ўручыла прыз пераможцам конкурсу “Глядач года” — абанемент на бясплатнае наведванне мерапрыемстваў ГДК гэтага сезона.
Беражыце сябе, дарагія чытачы! Сустрэнемся праз тыдзень.