Займаючыся без малага дзесяць год даследаваннем гісторыі роду Рэйтанаў і жыццярыса самога Тадэвуша Рэйтана, сабраўшы амаль усе больш-менш сур’ёзныя публікацыі па тэме, не кажучы ўжо пра незлічоную колькасць архіўных дакументаў, я не пераставаў здзіўляцца, як так сталася, што гэты артэфакт, сапраўдны “Святы Грааль” для рэйтаназнаўцаў, абсалютна нікога ніколі не цікавіў. Спробы яго пасляваеннага ўласніка, дарэчы вельмі вядомага гісторыка, неяк прыцягнуць увагу да кубка (праз згадкі ў інтэрв’ю, пазней у кнігах), які мог бы стаць сапраўднай музейнай сенсацыяй, не мелі ніякага выніка. Не было наладжана, наколькі я ведаю, аніводнай, нават маленечкай выставы. Хоць гаспадар артэфакта яшчэ ў 1992 годзе апублікаваў у часопісе для гісторыкаў мастацтва яго фотаздымкі.
Можа, так было наканавана лёсам, каб кубак гэты перажыў Тры падзелы Рэчы Паспалітай, войны і паўстанні ХІХ стагоддзя, Першую і Другую сусветныя войны ХХ стагоддзя, каб у рэшце рэшт мы, землякі Тадэвуша Рэйтана, змаглі ўбачыць яго? Можа, кубак проста чакае вяртання на Радзіму? Не бяруся сцвярджаць…
Княжна Чартарыская
Што адбывалася з дэпазітам у перыяд 1936-1945 гадоў, мы не ведаем. Але, на шчасце, вайна яго пашкадавала. Чарговая згадка прыпадае на вясну 1946 года. У той час у Кракаве знаходзіўся гісторык Стафан Кяневіч, чый род здаўна жыў на Тураўшчыне. Кяневіч быў пляменнікам Генрыка Грабоўскага, а той, нагадаю, пляменнікам апошняга з роду Рэйтанаў, Юзафа. Да маладога гісторыка звярнулася далёкая сваячніца Кяневічаў і Грабоўскіх, княжна Людвіка Чартарыская. Яна жыла ў нейкім пакойчыку пры музеі свайго роду, але збіралася неўзабаве пакінуць камуністычную Польшчу. Заставалася спадарыні Чартарыскай прывесці ў парадак сякія-такія дакументы і вырашыць некаторыя справы. І вось падчас сустрэчы Стафан Кяневіч ад яе даведаўся пра дэпазіт, які княжна прапанавала яму забраць сабе, бо музей мусіў быць нацыяналізаваны. Усе сваякі Стафана пагадзіліся з тым, што дэпазіт мусіць захоўвацца ў яго. Так дэпазіт разам з кубкам апынуўся ў сям’і Кяневічаў, дзе, мяркуючы па публікацыях, знаходзіцца і ў наш час.
Віншую цябе, шляхетны муж!
Мы абяцалі распавесці, што значыць лацінскі надпіс “Gratulor Tibi, generose Vir, optime rem tuam egisti” dixit Lentulus G.E.P. et A. A.P.”, які змешчаны на верхнім знешнім пазалочаным фрызе срэбнага кубка. Варыянты раскрыцця і перакладу скаротаў падаў у свой час вядомы філолаг-класік, прафесар Ежы Аксэр: G[eneralis] E[quituum] P[russiae] et A[mici] A[mico] P[osuerunt]. У перакладзе на беларускую мову, які зрабіў вядомы беларускі лацініст Алесь Жлутка, запіс цалкам выглядае так: “Віншую цябе, шляхетны муж, ты найлепш правёў (абараніў) сваю справу”, — сказаў Лентул, генерал прускіх войскаў, а сябры ахвяравалі сябру.
Хто былі тыя сябры, што падаравалі кубак Тадэвушу, невядома. Але сумніўна, што гэта было зроблена самымі блізкімі сябрамі па соймовай барацьбе — наваградцам Самуэлем Корсакам і менчуком Станіславам Багушэвічам — інькоўскім. Яны выдатна ведалі, што прозвішча Тадэвуша пішацца як “Reyten”, а не “Reytan” , як выгравіравана на донцы кубка. То, калі не яны, то хто? Загадка. А хто быў той Лентул, з прозвішчам якога абавязкова сустракаецца той, хто займаецца гісторыяй Сойму 1773–1775 гадоў? Генерал Руперт Сціпіё фон Лентул паходзіў з добрага роду рымскіх патрыцыяў, які напрыканцы XVI стагоддзя перабраўся ў Швейцарыю. Малады Лентул, звычайны “жаўнер удачы” спярша служыў у аўстрыйскім войску, але потым, не жадаючы зганьбіць свае імя і гонар продкаў, разарваў “кантракт” і перайшоў на прускую службу. У час Сойму 1773–1775 гадоў ён, ужо стары і шанаваны жаўнер, на чале прускіх войскаў знаходзіўся ў Варшаве, сачыў за соймам, і быў сведкам гераічнага ўчынка Тадэвуша Рэйтана. Уражаны, ён, звычайна нешматслоўны, прамовіў словы ў гонар Рэйтана, якія былі занатаваны відавочцамі і пазней патрапілі на кубак.
Што было і што засталося?
Яшчэ раз падзякуем кракаўскай даследчыцы светлай памяці Вандзе Канчынскай, якая ў 1935 годзе зрабіла скрупулёзны пералік усіх прадметаў “рэйтанаўскага дэпазіта”. Акрамя кубка, быў там залаты гадзіннік сярэдзіны ХІХ стагоддзя, які быў выкананы ў Жэневе фірмай “Czapek i Spolka” для Стафана Рэйтана (сын Дамініка, пляменніка Тадэвуша Рэйтана). На знешняй частцы накрыўкі гадзінніка быў выгравіраваны герб Рэйтанаў (вершнік з дзвюма дзідамі), а на ўнутранай была змешчана выява Тадэвуша Рэйтана (гл. малюнак). Як сцвярджае сын Стафана, Ян Кяневіч, у 1946 годзе гэты гадзіннік быў прададзены, а грошы пайшлі на фінансаванне выезда з Польшчы Зафеі з Грабоўскіх Кяневіч. Выява Рэйтана, знятая з гадзінніка, засталася ў сям’і. Іншыя памяткі належалі згаданаму вышэй Дамініку Рэйтану. Юнаком ён уступіў у легіёны генерала Дамброўскага, пазней быў ад’ютантам пры генеральным штабе Напалеона. У дэпазіце знаходзілася яго мініяцюра і тры баявыя ўзнагароды — крыжы ордэна Ганаровага легіёна, якія ён атрымаў падчас вайсковай службы. Яшчэ тры крыжы “Virtuti Militari” (1792 года) належалі, па ўсей верагоднасці, камусьці з братоў Тадэвуша Рэйтана — Міхалу, Юзафу або Станіславу. Яшчэ ў дэпазіце былі — прыватная пячатка Стафана Грабоўскага, міністра і сакратара ў часы кангрэсовай Польшчы, а таксама памяткі па Генрыку Грабоўскаму, якіх было шмат — лісты, мовы, улёткі і газеты, якія датычыліся выступу Грабоўскага супраць падпісання Рыжскай дамовы. Што датычыцца ўзнагародаў і пячаткі, то Стафан Кяневіч у сваіх успамінах іх не згадаў. Лёс жа друкаў вядомы — яны былі ім перададзены ў варшаўскую Нацыянальную бібліятэку, бо, як пісаў ва ўспамінах Стафан Кяневіч, трымаць дома “такія кампраметуючыя паперы было небяспечна”. Але гэта, па шчырасці, дзіўна. Дэпазіт быў перададзены недзе напрыканцы 1980-х ці ў самым пачатку 1990-х, калі такія паперы наўрад ці былі небяспечнымі.
У 1935 годзе быў у дэпазіце яшчэ і фотаальбом. Праўда, у ім было толькі два здымкі, на адным грушаўская капліца-пахавальня, а на другім — памятная пліта Тадэвуша Рэйтана, якая раней знаходзілася ў гэтай капліцы. Гэты фотаальбом таксама быў перададзены Кяневічам у Нацыянальную бібліятэку. Але, як нам удалося высветліць, альбом пасля 1992 года з бібліятэкі знік. Добра хоць здымкі былі надрукаваны. На здымку памятнай дошкі Тадэвуша Рэйтана, якая ў 1928 годзе была ўсталявана ў грушаўскай капліцы, на ніжняй частцы з чорнага мармуру былі выбіты імёны фундатараў капліцы і пліты.
Вось так, у пэўным скароце, выглядае гісторыя рэйтанаўскіх артэфактаў. Але апошняя кропка ў гэтай справе яшчэ не пастаўлена.
Мне ж застаецца толькі падзякаваць тым, хто ў меру магчымасцей спрыяў і дапамагаў маім пошукам — пані Малгажаце Буйко, кракаўскаму мастацтвазнаўцу, літаратару спадару Язэпу Янушкевічу, польскай даследчыцы-генеолага пані Івоны Суднік. А таксама спадару Алесю Жлутку, філолагу, які пераклаў лацінскія тэксты.