Па матывах той паездкі 25 мая 2019 года быў напісаны артыкул “Сляды пажара ў маёнтку “Гаспадыні” (№20, 2019). Пазней быў напісаны яшчэ адзін “Ці кожны Карфаген мусіць быць зруйнаваны?” (№37, 2020)
Артыкулы гэтыя мелі на мэце прыцягнуць увагу дзяржаўных уладаў і шырокай грамадскасці да трагічнага стану сядзібаў. Кожную з іх у сваім раёне з поўным правам можна лічыць сапраўдным турыстычным аб’ектам з багатай гісторыяй. Гэтыя аб’екты з’яўляюцца гонарам сваіх раёнаў і, пры належным клопаце і інфармацыйным прасоўванні, маглі б прыносіць краіне немалую выгоду.
Чаму? Ну таму, напрыклад, што слава “Беларускага Манчэстэра” (галошаўскай сядзібы) на мяжы ХІХ — ХХ стагоддзя грымела ў СМІ таго часу дзякуючы цікаваму эксперыменту, на які наважыўся яе гаспадар. Ён пераўтварыў той “аграрны куточак” у моцны эканамічны вузел, дзе працавала некалькі заводаў і дабрабыт жыхароў пайшоў угору. А ў дадатак да сядзібы ёсць яшчэ цудоўнае возера, у якім, растуць лекавыя водарасці, пакуль яшчэ ёсць побач вялізарны лес, дзе могуць адпачыць не толькі аматары “ціхага палявання” (грыбнікі).
Дарэчы, сядзіба ў Галошава ў гэтым годзе займела статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Што там адбыліся за змены мы плануем распавесці бліжэйшым часам. Дарэчы, цікава, ці былі накрыты некалькімі лістамі шыфера, то-бок хоць неяк закансерваваны калоны тэрасы. Хуткім часам мы плануем наведацца ў Галошава ды паразмаўляць з прадстаўнікамі мясцовых уладаў наконт усяго гэтага.
Другі аб’ект з цікавай багатай гісторыяй — Кішчына слабада, якая знаходзіцца на поўнач ад Барысава. Ходзяць у той бок аўтобусы, таму дабрацца туды турыстам не будзе складана. Гэты маёнтак вядомы тым, што тут доўгі час жыла Ганна Цюндзявіцкая, аўтарка кнігі — “Літоўская гаспадыня” (1848), шырока вядомага не толькі на Беларусі падручніка (ці, лепей сказаць, энцыклапедыі) па вядзенні хатняй гаспадаркі. Дарэчы, бестселера ХІХ, ХХ і, не пабаімся сказаць, ХХІ стагоддзяў. Дык вось, менавіта тут, у 1840-х гадах гэта выдатная кніга і стваралася.
Як і “Манчэстэр”, сядзіба “Гаспадыні” была нацыяналізавана, дзясяткі гадоў верна служыла мясцовым жыхарам. Быў тут і дзіцячы садок. Але пасля закрыцця яго ў 2007 — 2008 гадах будынак некалькі гадоў не выкарыстоўваўся. І тады ў сядзібе атабарыліся новыя гаспадары — вандалы. А ў 2016 годзе здарыўся пажар. Калі мы прыехалі ў Кішчыну слабаду, то глядовішча было даволі сумнае. Але разумны гаспадар мог бы пазбавіцца слядоў вандалізму.
Дарэчы, праз дарогу ад сядзібы захаваліся драўляная капліца і сямейныя пахаванні Цюндзявіцкіх.
Як і ў выпадку з Галошава, наша публікацыя выклікала некаторыя “кругі на вадзе”. Былі зроблены пэўныя захады, каб надаць сядзібе статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Праўда, з адмоўным вынікам. І пакуль мы збіралі матэрыял для публікацыі, літаральна на днях у сеціве з’явіліся фотаздымкі сядзібы, на якіх яна выглядае, нібы на гэтым месцы неўзабаве з’явіцца будаўнічая пляцоўка. Што там адбываецца, і якія перспектывы ў гэтага патэнцыйнага “Кландайка” Барысаўскага раёна, мы плануем падрабязна распавесці ў адным з бліжэйшых нумароў.