КАЗАЧНЫ ЗАМАК НА ЎСКРАЙКУ МЯСТЭЧКА
Першы пункт на нашым шляху — Косава Івацэвіцкага раёна, дзе турыстаў перадусім цікавіць палац магнацкага роду Пуслоўскіх, які валодаў мястэчкам, пачынаючы з 1821 года. Але вартае ўвагі і само мястэчка, якое ў розныя гады належала родам Храптовічаў, Сангушкаў, Чартарыйскіх і Сапегаў. Тут можна пабачыць касцёл святой Тройцы, будаўніцтва якога было завершанае ў 1877 годзе. Храм мае рысы як неаготыкі, так і раманскага стылю, а вядомы, перадусім, дзякуючы таму, што збудаваны на месцы ранейшага касцёла, узведзенага ў XVII стагоддзі, дзе ў 1746 годзе быў ахрышчаны славуты кіраўнік вызваленчага паўстання 1794 года, нацыянальны герой Беларусі, Польшчы і ЗША Тадэвуш Касцюшка. Навокал касцёла — тыповая забудова, характэрная для заходнебеларускага мястэчка, якім яно было яшчэ да апошняй вайны. Проста насупраць касцёла можна пабачыць драўляныя дамкі з брандмаўэрамі — адмысловымі цаглянымі сценамі, якія ратавалі местачковую забудову ад поўнага знішчэння, не даючы агню перакінуцца з аднаго драўлянага будынка на іншы.
З цэнтра мястэчка выпраўляемся да яго славутай візітнай карткі — палаца, будаўніцтва якога адбывалася з 1838 да 1853 года пад кіраўніцтвам архітэктара Францішка Яшчалда. Гэты велічны белы гмах уражвае сваімі памерамі (даўжыня будынка складае сотню метраў) і нязвыклай архітэктурай у стылі гістарызму, якая, як і ў выпадку з тутэйшым касцёлам, спалучае рысы раманскага стылю і неаготыкі. Палац выгодна размешчаны на ўзвышшы, а перад яго галоўным фасадам разгорнуты ландшафтны парк, які некалькімі тэрасамі спускаецца да дарогі. З пагорку адкрываецца від на навакольныя палі і вялікую сажалку, якая надае краявіду асаблівую маляўнічасць.
У розныя часы гэты маёнтак роду Пуслоўскіх наведвалі такія вядомыя ў гісторыі краю асобы, як славуты мастак Напалеон Орда, літаратары Генрык Сянкевіч і Эліза Ажэшка. Сёння ў палацы працягваюцца аднаўленчыя работы, якія ажыццяўляе ААТ “Брэстрэстаўрацыя” пад навуковым кіраўніцтвам архітэктара Уладзіміра Казакова. Будынак, пашкоджаны яшчэ ў гады Першай сусветнай вайны, падчас нацысцкай акупацыі выкарыстоўваўся для размяшчэння яўрэяў з мясцовага гета, і ў 1944 годзе быў істотна панішчаны пажарам, у выніку якога былі страчаныя як дэталі інтэр’еру, так і сцены ды дах. Доўгія гады палац стаяў закінутым і зарастаў лесам, пакуль у 1989 годзе не былі распачатыя захады па яго паступовых расчыстцы і аднаўленні.
КАЛЫСКА ГЕРОЯ
Проста насупраць палаца Пуслоўскіх знаходзіцца сядзіба, якая некалі належала бацькам таго самага Тадэвуша Касцюшкі — дом таксама быў страчаны падчас апошняй вайны, а за адбудову яго ўзяліся напачатку 2000-ых. Лёсы двух гэтых помнікаў заўжды былі ўзаемазвязанымі. Таму, як толькі ў 2004 годзе было завершанае аднаўленне сядзібы Касцюшак, налета рэстаўратары ўзяліся ўжо за палац Пуслоўскіх. Сёння ў двух крылах будынка ўжо дзейнічаюць рэстаран і гатэль, а ў цэнтральнай частцы адчыніла свае дзверы для агляду публікі так званая белая зала. Неўзабаве мусяць быць адкрытыя для наведвальнікаў і памяшканні на другім паверсе палаца.
З ганку палаца Пуслоўскіх адкрываецца маляўнічы від на Мерачоўшчыну — фальварак, якім валодалі Касцюшкі. Менавіта тут у 1746 годзе з’явіўся на свет будучы правадыр паўстанцаў. Ля адноўленых будынкаў Мерачоўшчыны знаходзіцца і першы ў Беларусі помнік Тадэвушу Касцюшку — ён быў урачыста адкрыты тут у 2018 годзе. А ў самім адноўленым доме, які стаіць на падмурках арыгінальнай сядзібы, збудаванай у 1720-ыя, можна пабачыць матэрыялы з археалагічных раскопак на тэрыторыі фальварка, а таксама іншыя рэчы, што нагадваюць аб побыце тых часоў.
ЗЯМНЫЯ СПРАВЫ Ў КАСМІЧНЫХ КРАЯВІДАХ
Наступны прыпынак робім у Ружанах Пружанскага раёна, дзе таксама захаваўся цудоўны палацавы комплекс, які быў збудаваны ў 1784-1786 гадах і належаў роду Сапегаў. Некалі гэта быў цэльны ансамбль, які складаўся з уласна палаца, двух бакавых карпусоў і двух флігеляў абапал брамы — усе гэтыя будынкі ўтваралі своеасаблівае кальцо з унутраным дваром шырынёю ў дзве сотні метраў. Маштаб палацавага комплексу ўражвае і сёння, хаця ён быў істотна панішчаны падчас апошняй вайны. Да нашага часу палац дайшоў у руінаваным выглядзе, захаваліся таксама каланады, якія злучалі яго з бакавымі карпусамі, з якіх захаваўся толькі ўсходні, дзе акурат цяпер працягваюцца рэстаўрацыйныя работы. Прыбрамныя ж флігелі ўжо адрэстаўраваныя — у іх размешчаны музей, прысвечаны гісторыі комплексу і роду Сапегаў. Стоячы сярод маляўнічых руінаў палацавага двара, лягчэй уявіць, што знаходзішся на іншай планеце, чым паверыць, што гэты цуд знаходзіцца ў простым беларускім райцэнтры — і, тым не менш, гэта факт.
Вандруючы гэтымі ваколіцамі, нельга не заўважыць, што своеасаблівае кальцо палацаў і іншых помнікаў гісторыі ды архітэктуры прываблівае не толькі турыстаў, але і мясцовых жыхароў — так, напрыклад, і ў Косаўскім, і ў Ружанскім палацах мы заспяваем адну і тую ж групу — маладая пара, відавочна, вырашыла адзначыць вандроўкай па гэтых знакавых аб’ектах сваё вяселле, і цяпер з задавальненнем ладзіць фотасесію ля маляўнічых муроў, пакуль іх госці з цікавасцю аглядаюць тэрыторыю палацава-паркавых комплексаў. А гэта сведчыць аб тым, што высілкі рэстаўратараў ды музейных супрацоўнікаў былі недарэмнымі — з закінутых ды доўгі час нікому непатрэбных руін палацы Пуслоўскіх ды Сапег ператварыліся сёння ў сапраўдныя культурныя цэнтры мясцовага жыцця, дапамагаючы тутэйшым жыхарам адчуць повязь з уласнымі продкамі і далучаючы іх да агульнай памяці ранейшых пакаленняў.
Прытым не варта забываць, што, акрамя палаца, ёсць на што паглядзець і ў самім мястэчку — тут захаваліся барочная царква, збудаваная ў другой палове XVIII стагоддзя як грэка-каталіцкая, з прылеглым будынкам кляштара, а таксама ўзведзены на пачатку XVII стагоддзя па фундацыі канцлера ВКЛ Льва Сапегі касцёл Святой Тройцы. Варта звярнуць увагу і на дзве сінагогі — адна з іх дайшла да нашых дзён у выглядзе руіны, а іншая выкарыстоўваецца як адміністратыўны будынак.
АДСУТНАЯ НОТА ДА СЛОНІМСКАГА ПАЛАНЭЗУ
Нарэшце рушым у кірунку Слоніма. Тут увагу варта звярнуць нават на саму планіроўку гістарычнага цэнтра з яго пакручастымі вулачкамі, якая склалася яшчэ ў сярэднявеччы. Цэнтральная частка горада мае характэрную местачковую забудову, якая складаецца, у значнай ступені, з двух-трохпавярховых камяніц канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, побач можна сустрэць і прыклады міжваеннай забудовы, узведзенай у часы, калі горад знаходзіўся ў складзе Польшчы — гэтыя дамы маюць рысы функцыяналізму: простыя кубічныя аб’ёмы, скругленыя вуглы, часта на фасадзе пазначаны год будаўніцтва.
Хрысціянскія храмы Слоніма, збудаваныя ў XVII — XVIII стагоддзях, даўно адрэстаўраваныя і з’яўляюцца выразнымі архітэктурнымі дамінантамі горада. Занепакоенасць пакуль выклікае хіба што лёс слонімскай сінагогі, узведзенай у 1642 годзе. Велічны барочны будынак доўгі час стаяў закінутым, і толькі сёлета быў набыты ў прыватную ўласнасць. Аднак ці пачнуцца тут бліжэйшым часам рэстаўрацыйныя работы — пакуль застаецца пад пытаннем.
ДЗІВА МІЖ ПАЛЁЎ
А ў ваколіцах Слоніма, безумоўна, варта звярнуць увагу на адзін з найцікавейшых помнікаў старадаўняй беларускай архітэктуры — Свята-Міхайлаўскую царкву ў вёсцы Сынкавічы Зэльвенскага раёна. Афіцыйна яе пабудова датуецца XVI стагоддзем, але існуе меркаванне, што храм можа быць яшчэ старэйшым. Так ці іначай, гэтая царква абарончага тыпу — адзін з самых ранніх узораў беларускай готыкі, якія захаваліся да нашых дзён. Магутныя муры ды велічныя вежы і вытанчаны франтон не могуць пакінуць нікога абыякавым, а само размяшчэнне храма ў чыстым полі робіць уражанне ад яго відарысу яшчэ мацнейшым.
Не менш уражвае яшчэ і тое, што на службе нядзельным ранкам гэтая царква, на пару дзясяткаў кіламетраў аддаленая як ад Зэльвы, так і ад Слоніма, цалкам запоўненая людзьмі. Такое нячаста пабачыш у простым вясковым храме — відаць, усё-такі невыпадковае гэтае прыцягненне незвычайнага помніка, які застаецца, як і ў ранейшыя стагоддзі, месцам далучэння як да гістарычнай ды архітэктурнай, так і да духоўнай спадчыны народа.