Праўда, ёсць і іншыя. Яны лічаць мясцовую культуру эканамічна бездапаможнай (хіба мы атрымліваем ад узыходу сонца грашовыя дывідэнды?), асаблівыя сродкі ў яе развіццё не ўкладаюць, рэдагуюць ці не кожнае раённае мерапрыемства. У такіх умовах работнікі культуры нават і не чулі пра нязмушанасць творчага разняволення.
У ідэальным раёне РДК, ЦБСМ, ДШМ і музей утвараюць аўру сталага культурнага асяродка з не менш сталымі мясцовымі традыцыямі. Прынамсі, на спектаклі і ў літаратурна-музычныя салоны дамы ходзяць у вячэрніх сукенках, а кавалеры стараюцца ўсяляк ім адпавядаць. Да слова, бачыў я і такіх.
У ідэальным мястэчку ідэальныя работнікі культуры атрымліваюць ідэальныя заробкі. І пра свае дасягненні яны распавядаюць з вялікім гонарам за прафесію. Дарэчы, апошняе, мяркуючы па аглядах нашай пошты, не мара, а ява. Застаецца дачакацца іншага.
Адзін з праектаў Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы называецца “З “мышкай” і кніжкай”. Ён прадугледжвае планавыя выступленні мясцовых літаратараў перад моладдзю. Чарговы праект — заснаванне літаратурнай прэміі імя Валянціна Таўлая на лепшы нацыянальны твор. Не магу не пракаментаваць сітуацыю. Бібліятэкары на сёння — аўтары бліскучых праектаў з бліскучымі назвамі і мэтамі. Клубнікам, як я лічу, варта падцягнуцца. Давайце вернемся да ліста бібліятэкара аддзела бібліятэчнага маркетынгу згаданай установы Кацярыны Сандаковай: “Перад бібліятэкай прайшоў фэст кнігі і друку “Зоркі Лідскіх небасхілаў”. Былі арганізаваны літаратурныя імпрэзы, кніжныя выставы, майстар-класы (ахвотныя спрабавалі пісаць на бяросце і разбіраліся ў клінапісе)”. А адметнасцю фэсту сталі праекты, з якіх мы і пачалі гаворку пра ідэі супрацоўнікаў Лідскай бібліятэкі імя Янкі Купалы.
Яшчэ адзін праект Лідскай раённай бібліятэкі называецца “Літаратурны экспрэс”. Як распавядае Кацярына Сандакова, у адпаведнасці з гэтай доўгатэрміновай акцыяй адбываюцца сустрэчы з пісьменнікамі, навукоўцамі. У выніку фонды папаўняюцца кнігамі, што госці ахвяравалі бібліятэцы.
Процьма праектаў і ў Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэцы. Яе кіраўнік Наталля Маеўская піша, што адна з акцый — “Літаратурная субота”. Мэта — краязнаўча-даследчая дзейнасць. У выніку становяцца вядомымі да драбніц лёсы землякоў, што мацавалі славу раёна.
“Сюрпрыз кожнаму чытачу” — акцыя бібліятэкараў Зэльвенскай раённай бібліятэкі. Намеснік дырэктара ўстановы Вольга Камякевіч тлумачыць, што актыўныя наведвальнікі бібліятэкі атрымліваюць закладкі для кніг. Вялікім попытам карыстаецца фотазона “Кніжны торт”.
Магілёўская абласная бібліятэка імя Уладзіміра Леніна ладзіла дні адкрытых дзвярэй. Намеснік дырэктара ўстановы Вольга Чумакова адзначыла галоўнае: “Падчас акцыі ў бібліятэку запісалася 447 чытачоў”. Мяне заўжды радавала ўменне прафесіяналаў расстаўляць акцэнты. Усё правільна, спадарыня Вольга, можна правесці мерапрыемства, вынікі якога застануцца для ўсіх вялікім сакрэтам, а можна і справу зрабіць прыгожа: з карысцю для ўсіх.
Мы пісалі пра тое, што 18 верасня Ашмяны адсвяткавалі 680-годдзе. У сваім чарговым лісце супрацоўнікі Ашмянскай раённай бібліятэкі дадалі, што падчас святкаванняў працавала пляцоўка “БібліяПаркоўка”. Ахвотным прапаноўвалася вандроўка па горадзе, падчас якой трэба было знайсці будынак па фотаздымку і адзначыць на карце яго месцазнаходжанне. Арт-майстэрня прапанавала майстар-клас па вырабе з нітак лялькі Ашмяначкі.
Яшчэ адно мерапрыемства культурнай Ашмяншчыны — свята маланаселенай вёскі Клеі. Не дзіва, што амаль усе жыхары паселішча — у сваяцкіх адносінах паміж сабой. Таму і мерапрыемства прайшло як сямейнае свята — шчыра, весела, з песнямі і танцамі.
Навагрудская раённая бібліятэка правяла марафон “30 кніг пра Беларусь”. Святлана Чубрык, загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі згаданай установы, удакладняе, што “цягам жніўня і верасня ў акцыі бралі ўдзел навучэнцы школ і каледжаў. Былі прадстаўлены выданні пра гісторыю, культуру, прыроду нашай краіны, а таксама былі аб’яўлены самыя папулярныя кнігі па версіі навагрудскіх чытачоў”.
Пра сустрэчы з пісьменнікамі Віктарам Праўдзіным, Мікалаем Іваноўскім, вайскоўцам-паэтам Аляксеем Галаскокам паведамілі супрацоўнікі Ваўкавыскай, Мастоўскай, Зэльвенскай раённых бібліятэк.
Метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Мастоўскай раённай бібліятэкі Вольга Коршун распавяла пра фотаконкурс “Кніжны драйв”, дзе прадстаўлены работы супрацоўнікаў бібліятэк-філіялаў. У цэнтры ўвагі фотамайстроў — кнігі.
Урэшце мы падабраліся да навін клубнай работы. Мастацкі кіраўнік палаца мастацтваў Бабруйска Наталля Шулікова напісала: “На гала-канцэрце “Харавое веча” ў Мінску Бабруйск прадставілі заслужаныя аматарскія калектывы Рэспублікі Беларусь: народны хор народнай песні Бабруйскага палаца мастацтваў (кіраўнік Васіль Петракоў) і народны гурт народнай песні і музыкі “Бабруйскія музыкі” цэнтра культуры і дасугу Ленінскага раёна Бабруйска (кіраўнік Наталля Курыловіч).
Аўтар чарговай навіны з Бабруйска — загадчык арганізацыйна-метадычнага аддзела Бабруйскага палаца мастацтваў Наталля Чорная. Яна распавяла пра штогадовае дзіцячае свята, што адбылося днямі ў Маладзёжным парку. Удзел у ім прынялі творчыя калектывы, рамеснікі, дзеці і іх бацькі.
18 верасня народны тэатр гульні “Завадатар” Смаргонскага раённага цэнтра культуры адзначыў 20-годдзе перамогай на абласным адкрытым фестывалі гульні “Карнавал весялосці”. Удзельнікі калектыву Людміла Барахоўская, Маргарыта Бунь і Вольга Крывянкова прадставілі сюжэтна-гульнёвую праграму “Смаргонскія абаранкі-забаўлянкі”. Пра гэта напісала метадыст РЦК Вольга Крывянкова. І правільна зрабіла!
Беражыце сябе, шаноўныя чытачы!
Сустрэнемся праз тыдзень.