Брэсцкая крэпасць сёння — незвычайны кангламерат сведчанняў аб падзеях розных эпох. Гэтае месца можна акрэсліць і як своеасаблівы архітэктурны палімпсест — як вядома, абарончыя ўмацаванні крэпасці часоў Расійскай імперыі паўсталі тут у 1830-ыя гады на месцы зруйнаванага для яе пабудовы старажытнага горада Бярэсця. Відаць, самім лёсам гэтаму месцу было наканавана цягам усёй сваёй гісторыі зазнаваць разбурэнні і ваенныя трагедыі. Зважаючы на геаграфічнае становішча горада і крэпасці, іначай, відаць, і быць не магло — нездарма Брэст і сёння, і ўжо доўгія гады яго існавання ў складзе як савецкай, так і сучаснай незалежнай Беларусі, успрымаецца як брама краіны на яе заходнім рубяжы. А грукалі ў гэтую браму не заўжды жаданыя госці.
НАПЛАСТАВАННЕ ЭПОХ
У шырокім сэнсе Брэсцкая крэпасць — вялізная сістэма абарончых збудаванняў, якая складаецца, акрамя ўласна цытадэлі на заходняй ускраіне Брэста, з двух паясоў умацаванняў, якія былі збудаваныя падчас мадэрнізацыі фартыфікацыйнай сістэмы ў 1880-ыя і напярэдадні Першай сусветнай вайны, і знаходзяцца вакол горада на адлегласці ад трох да сямі кіламетраў. Унутры самой крэпасці і на прылеглай да яе тэрыторыі захаваліся ўнікальныя помнікі, што нагадваюць аб часах, калі самой цытадэлі яшчэ не існавала — на Валынскім умацаванні, што на поўдзень ад крэпасці, захавалася драўляная забудова старажытнага Бярэсця, якая сёння ператвораная ў экспазіцыю аднайменнага археалагічнага музея.
Зусім побач — руіны збудаванага ў XVIІІ стагоддзі жаночага кляштара каталіцкага ордэна бернардынак, апошняга з хоць часткова ацалелых будынкаў, што дайшлі да нашых дзён ад старога Брэста, які існаваў на гэтым месцы да ўзвядзення крэпасці. А на іншы, паўночны бок ад крапасных сцен, на Кобрынскім умацаванні, збярогся след знаходжання тут польскіх войск, калі крэпасць і горад уваходзілі ў склад міжваеннай другой Рэчы Паспалітай — казармы 30-га Палескага палка лёгкай артылерыі, збудаваныя ў 1930-ыя гады.
СВЕДКА ЗАМІРЭННЯ
Экспазіцыі мемарыяльнага комплекса размяшчаюцца ў крапасных будынках часоў Расійскай імперыі, дзе разгортваліся трагічныя і гераічныя падзеі славутай аба-
роны ўлетку 1941 года. Але тут можна адшукаць і сляды ранейшых эпох ды вызначальных падзей у гісторыі нашай радзімы. Першае, што бачаць наведвальнікі цытадэлі, перайшоўшы мост, які вядзе ад галоўнага ўвахода — гэта руіны так званага Белага палаца, яшчэ аднаго будынка старога Бярэсця, які, хоць і ў стане руінаў, дайшоў да нашых дзён.
Збудаваны напрыканцы XVIII стагоддзя як царква пры манастыры грэка-каталіцкага ордэна базыльянаў, падчас будаўніцтва крэпасці ён быў прыстасаваны пад афіцэрскі клуб, у якім у 1918 годзе адбываліся перамовы ваюючых бакоў Першай сусветнай вайны, што завяршыліся 3 сакавіка падпісаннем Брэсцкай мірнай дамовы. Белы палац моцна пацярпеў ад нямецкіх авіяналётаў яшчэ ў верасні 1939 года, падчас абароны крэпасці польскімі войскамі, а пазней — і падчас гераічнага змагання савецкага гарнізона ўлетку 1941-га.
ШЛЯХ ДА ЎШАНАВАННЯ
Акурат ля руін Белага палаца знаходзіцца ўваход у музей абароны Брэсцкай крэпасці. Шлях да мемарыялізацыі гэтага месца надзвычайных трагедый і подзвігу таксама быў пакручастым і нялёгкім. Падчас зацятай абароны ўлетку 1941, якая доўжылся цягам месяца, крапасным умацаванням былі нанесеныя цяжкія пашкоджанні, але і гэта быў не канец разбурэнням. Калі ў 1944 годзе фронт зноў дакаціўся да Беларусі, цытадэль беспаспяхова спрабавалі выкарыстаць для абароны цяпер ужо самі фашысцкія акупанты.
Пасля заканчэння вайны подзвіг савецкага легендарнага гарнізона доўгі час заставаўся непрызнаным, што, відаць, адбівалася і на стаўленні да месца, дзе разгортваліся падзеі — крэпасць працягвала стаяць занядбанай, яе будынкі пакрысе разбураліся.
Толькі ў 1956 годзе быў створаны Музей абароны, а ў сярэдзіне 1960-ых, калі ў выніку вялізнай пошукавай і даследчыцкай работы пісьменніка Сяргея Смірнова цытадэль атрымала ўнікальнае званне “Крэпасць-Герой”, да яе муроў паставіліся з належнай павагай - яны ўвайшлі ў склад мемарыяльнага комплекса, які пачалі ствараць тут у 1968 годзе. На ўрачыстым адкрыцці Мемарыяла, якое адбылося 25 верасня 1971 года, у якасці ганаровых гасцей прысутнічалі ўдзельнікі абароны крэпасці і члены сем’яў палеглых абаронцаў, а Вечны агонь запаліў першы сакратар Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі Беларусі Пётр Машэраў.
СУКВЕЦЦЕ ЭКСПАЗІЦЫЙ
Кіраўніцтва незалежнай Беларусі працягвае ўшаноўваць належным чынам памяць аб подзвігу абаронцаў Брэсцкай цытадэлі. З 1997 па 2011 год доўжыліся маштабныя захады па капітальным рамонце і рэстаўрацыі аб’ектаў Мемарыяльнага комплекса, а апошняе дзесяцігоддзе адзначылася істотным пашырэннем яго музейнай прасторы. У 2014 годзе ў паўднёва-ўсходняй казарме адкрылася экспазіцыя “Музей вайны — тэрыторыя міру”, а ў 2017-ым — экспазіцыя “Армейскі клуб” у парахавым складзе на Кобрынскім умацаванні.
У 2018 распачаліся чарговыя работы па капітальным рамонце, рэстаўрацыі ды музеіфікацыі аб’ектаў комплекса, у рамках якіх у 2019 годзе адкрылася экспазіцыя “Летапіс Брэсцкай крэпасці” ў напаўвежы паўднёва-заходняй казармы, а ў 2020-ым - экспазіцыя, прысвечаная абароне Усходняга форта крэпасці. Работы завершыліся ў студзені бягучага года адкрыццём экспазіцыі філіяла Мемарыяльнага комплекса “Пяты форт” на ўмацаванні ХІХ стагоддзя, якое размешчанае ў ваколіцах Брэста за чатыры кіламетры на поўдзень ад цытадэлі.
РАСКРЫЦЬ СЛЯДЫ МІНУЛАГА
Новыя музейныя экспазіцыі Мемаряльнага комплекса не толькі раскрываюць у поўнай ступені ўсю карціну працяглай абароны крэпасці, але таксама распавядаюць аб ранейшых этапах яе гісторыі і аб далейшых лёсах абаронцаў — многія з іх удзельнічалі ў вызваленні Беларусі і краін Еўропы, у падпольным і партызанскім руху. Асаблівая ўвага звернутая на цяжкі шлях да прызнання подзвігу гарнізона крэпасці, на лёсы сем’яў удзельнікаў яе абароны. Экспазіцыя філіяла “Пяты форт” падрабязна знаёміць наведвальнікаў з гісторыяй фартыфікацыі канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя.
Дырэктар Мемарыяльнага комплекса Рыгор Бысюк адзначае, што ў будучыні плануецца правесці работы па капітальным рамонце манументаў “Мужнасць” ды “Смага” і галоўнага ўвахода ў крэпасць. Акрамя таго, мяркуецца добраўпарадкаваць памяшканні паўднёвай казармы, казематы галоўнага ўвахода, паўночнай брамы, таксама ёсць ідэя раскрыць на паверхні зямлі фундаменты зруйнаваных частак кальцавой казармы, што дазволіла б атрымаць уяўленне аб поўным маштабе ўмацаванняў цытадэлі.
На круглым стале, які адбыўся ў Музеі абароны Брэсцкай крэпасці 24 верасня, быў прэзентаваны альбом “Брэсцкая крэпасць. Гісторыя і памяць”, у якім прадстаўленыя каля ста сямідзесяці здымкаў, што раскрываюць гісторыю легендарнай цытадэлі. Удзел ва ўрачыстых мерапрыемствах прыняў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатолій Маркевіч, які ўручыў супрацоўнікам Мемарыяльнага комплексу ўзнагароды за плённую працу па выхаванні патрыятызму і зберажэнні сведчанняў аб подзвігу абаронцаў цытадэлі над Бугам.
Брэсцкая крэпасць застаецца яскравым прыкладам захавання памяці аб трагічных і гераічных гадах апошняй вайны непасрэдна на месцы тагачасных падзей, аб’ядноўваючы ў сабе сукупнасць сведчанняў аб мностве пластоў гісторыі заходняй брамы нашай краіны.