Нарадзіцца з музыкай
— Ёсць, — смяецца музыка ў свае сівыя вусы і прыплюшчвае вочы. — Арфа! Хацелася б паспрабаваць здабыць з яе гукі, аднак наўрад ці такое магчыма — вельмі рэдкі цяпер інструмент.
З музыкай у душы Аляксандр нарадзіўся. Яе ён упершыню пачуў ад маці і бабулі. Беларускія народныя песні ў іх выкананні не давалі супакою, вярэдзілі думкі: “Як узнікае гэткі цуд?!” Заварожаны, слухаў хлопчык мелодыі мясцовых музыкантаў.
А калі ў Ракаўцах, што на Смаргоншчыне, спраўлялі вяселлі, то Аляксандра немагчыма было загнаць дахаты — ён цэлую ноч наўпрост мог прастаяць ля гарманістаў. Бацькі, заўважыўшы такое памкненне дзіцяці да творчасці, у другім класе падарылі яму гармонік. На ім Саша мог сыграць любую пачутую мелодыю.
Першы баян і першы дыплом
Але ж самы шчаслівы дзень у жыцці падлетка здарыўся ў сёмым класе: ва ўнівермагу ў Смаргоні яму купілі сапраўдны баян — вялікі і бліскучы. Ён быў вельмі цяжкім, але якія мелодыі выдаваў! Музычны інструмент і стаў тым лёсавызначальным момантам, які прывёў хлопца ў Мінскае культасветвучылішча. Праўда, будучы кіраўнік самадзейнага аркестра народных інструментаў тады нават і не здагадваўся, што для паступлення неабходна ведаць нотную грамату.
— Пра акорды і інтэрвалы я паняцця не меў, — прызнаецца Аляксандр Фёдаравіч. — Экзаменатары, а пасля і выкладчыкі вучылішча паверыць не маглі, што я граю па памяці і зусім не ведаю, як адрозніць “до” ад “соль”.
У вучылішча Пашкоўскага залічылі толькі таму, што ён добра здаў іншыя іспыты — маці працавала настаўніцай, таму пастаралася падцягнуць сына і па мове, і па літаратуры. Вучыцца, асабліва на першым курсе, было складана. Акрамя прадметаў за курс сярэдняй школы, неабходна было асвоіць ненавіснае сальфеджыа. Тое, што аднакурснікі спасцігалі падчас вучобы яшчэ ў музычных школах, яму трэба было вывучыць за адзін год. Жаданне стаць музыкантам перасільвала любыя цяжкасці, і настойлівы юнак дамогся свайго — атрымаў жаданы дыплом і прыйшоў працаваць у мясцовы клуб.
Вяртанне
Работа адразу ж накрыла з галавой — неабходна было ладзіць канцэрт за канцэртам. Невялікі заробак прымушаў здабываць грошы праз гранне на вяселлях. І Аляксандр адчуў, што “астывае” — музыка перастала радаваць, з’явіліся іншыя клопаты. З маладой жонкай Марыяй, ураджэнкай вёскі Пятрулі, трэба было думаць пра свой кут.
Рашэнне прыйшло хутка. Аляксандр нават і падумаць не паспеў, як стаў матарыстам тынковачнай станцыі ў ашмянскім “Будаўніку”, а пасля атрымаў пакой у інтэрнаце гэтай арганізацыі.
Здавалася б, змены павінны ісці на карысць. Днём Аляксандр падаваў жанчынам-мулярам наверх цэментны раствор, а вечарамі і ў выхадныя дні мог граць на тых жа вяселлях, але ў душы пасяліўся неспакой, а пасля і здароўе пачало падводзіць…
Праз дзесяць гадоў ён варачаецца назад, у культуру, якой шчыра служыць па сённяшні дзень. Кракоўскі аддзел культуры і вольнага часу стаў для яго тым месцам, дзе можна адвесці душу. І хаця яго родны калектыў — гэта “Жытніца”, музыкант не супраць скласці творчую кампанію “Граўжанцам”, ці “Крыніцам”, ці саксафаністу Уладзіміру Саўчанку…
Жаданне развівацца
— У нас так наладжана работа, што ў выхадныя дні прыходзіцца часам кагосьці падмяніць, бо розныя ж выпадкі бываюць, — прызнаецца Аляксандр Фёдаравіч. — А я іграю на многіх інструментах, таму магу падладзіцца пад любы творчы калектыў.
На момант напісання артыкула Аляксандр Пашкоўскі знаходзіўся ў водпуску, аднак яго можна было пабачыць з баянам на свяце вёскі ў Лэйлубцы, падчас чарговага аўтапрабегу ля сцен Гальшанскага замка, на запісе культавага капітал-шоу “Поле цудаў” у Маскве. Яго дудачка-тралялёначка нядаўна забаўляла сваімі трэлямі жыхароў Шчучынскага раёна, дзе праходзіў абласны фестываль фальклору.
Не раз народны ансамбль народных інструментаў “Жытніца” прадстаўляў наш раён за мяжой. Ведаюць ашмянскіх артыстаў у Расіі, Польшчы і Літве. Жывыя (без фанаграмы) музыка і спевы заўсёды адгукаюцца ў душы гледачоў, а атрыманая ад іх энергія нараджае новыя мелодыі, жаданне ісці наперад і развівацца.
Надзея на ўнукаў
У вялікай кватэры Пашкоўскіх, якую Аляксандр Фёдаравіч і Марыя Уладзіславаўна атрымалі як шматдзетная сям’я, безліч музычных інструментаў: балалайка, баян, гітара, саксафон, флейта… Праўда, у дзяцей такой ахвоты іграць, як калісьці ў іх бацькі, ніколі не было. Старэйшы сын Аляксандр працуе ў аддзеле Дэпартамента аховы, дачка Кацярына вырашыла стаць рамеснікам, а малодшы Максім вучыцца ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце. Аляксандр Фёдаравіч спадзяецца на тое, што хтосьці з яго трох унукаў пацягнецца да музыкі і асвоіць гітару ці саксафон.
— Каб давесці ігру на саксафоне да дасканаласці, і жыцця не хопіць, — лічыць музыка. — На працягу чатырох гадоў гэты інструмент мне не паддаваўся, але ж я настойлівы.
Мы доўга размаўлялі з Аляксандрам Пашкоўскім. Хацелася даведацца, як гэта магчыма — сёння іграць на флейце, а заўтра — на фартэпіяна, цымбалах ці домры! Там жа ўсё рознае — аплікатура (пастаноўка пальцаў), амбушур (пастаноўка губнога апарату) дый наогул ноты — як жа без іх!
Калі ты сам не граеш ні на чым, акрамя нерваў, складана зразумець таго, каму падуладны амаль што ўсе музычныя інструменты. Таму для мяне Аляксандр Пашкоўскі так і застаўся загадкай — чараўніком з дзяцінства, які можа ўтаймаваць усё, што выдае гукі, — ад лісціка дрэва да пральнай дошкі.
Аліна САНЮК,
Ашмяны