АГРАГАРАДОК З БАГАТАЙ ГІСТОРЫЯЙ
Аграгарадок Багушэвічы знаходзіцца каля мяжы Мінскай і Магілёўскай абласцей у Бярэзінскім раёне. Упершыню вёска згадваецца ў купчай 1501 года, але сляды першых людзей мілаградскай і зарубянецкай культур знойдзены на мясцовым гарадзішчы стромкага берага ракі Усы. Менавіта тут і размяшчаецца касцельная капліца Божага Цела.
Першы драўляны касцёл у Багушэвічах збудавалі паны Горскія ў 1644 годзе, тады як на тры гады раней у Беразіно паўстаў каталіцкі храм, закладзены слынным Львом Сапегай. Разам з сялянамі ў Багушэвічах пражывала шмат яўрэяў-рамеснікаў, як і ў іншых мястэчках.
У пачатку ХІХ ст. Багушэвічы выкупае Тадэвуш Свентаржэцкі, які будуе тут маёнтак і, уласна, касцельную капліцу-пахавальню ў неагатычным стыле. Будавалі надзейна: таўшчыня сцен тут прыкладна метровая. Пэўна, і маёнтак, які не захаваўся, быў суадносна ўнушальны. Вядома, што капліцу завяршылі летам 1862 года.
ЛЁС ШЛЯХЦІЦА
Унук Тадэвуша Антоніевіча Свентаржэцкага, Баляслаў Чэслававіч, з якога Караткевіч пісаў свайго героя, у гэты час працаваў пісарам у Мінскім дваранскім дэпутацкім сходзе. Меў выдатную адукацыю: скончыў Віленскі дваранскі інстытут, а затым Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт. Сяброўскія стасункі з уладнымі людзьмі, атрыманыя падчас вучобы, дазволілі прымаць удзел у распрацоўцы ўмоў Сялянскай рэформы. Тым часам дух Асветніцтва, жыва перададзены У. Караткевічам у “Каласах пад сярпом тваім”, не дазволіў яму стаяць убаку лёсу роднага краю…
Сумная гісторыя паўстання прымусіла Баляслава даць бой царскім войскам пад Юравічамі, пасля паразы эміграваць у Францыю, бараніць новую радзіму ў вайне з Прусіяй, служыць у Алжыры, затым скончыць жыццё самагубствам у Венецыі ў 1888 годзе. За ўдзел сына ў паўстанні генерал-губернатар Мураўёў аддаў загад саслаць бацькоў Свентаржэцкіх, а іх радавы маёнтак спаліць. Ад яго цяпер захавалася толькі першая прыступка ганка, якая летам цалкам схаваная бур’яном. Некранутай пакінулі толькі капліцу.
КАПЛІЦА-СВЕДКА
У 1869 капліца была асвечана як праваслаўная Свята-Данілаўская. Назва была выбрана не выпадкова: падчас паўстання ў багушэвіцкай праваслаўнай царкве служыў айцец Данііл Канапасевіч, які не ўхваляў мяцеж. Бацюшку павесілі. Па расповедах мясцовай жыхаркі аграгарадка Багушэвічы, прыхаджанкі касцёла Божага цела Таццяны Воюш, за тое датычных смерці святара паўстанцаў царскія войскі падвесілі за ногі на брамах маёнтка Свентаржэцкіх. Менавіта гэтую дэталь паведаміла Таццяне Іванаўне яе сяброўка, якая чула страшэнную падрабязнасць ад сваёй бабулі.
Ляцеў час, і капліца ў Багушэвічах зноў стала каталіцкай падчас польскай інтэрвенцыі. А пасля іх выгнання, за Саветамі, так і засталася ва Усходнім абрадзе. Праўда, рэгулярна сюды наведваўся ксёндз з Беразіно, а на імшы прыходзілі людзі з наваколляў. І толькі ў 1937-м капліцу зачынілі. Мясцовыя жыхары бачылі, як адсюль выкідалі святарскія прылады, а па клавішах фісгармоніі бегалі дзеці. Затым да сярэдзіны 1970-х тут быў калгасны склад для зерня. Сцены, на якіх былі фрэскі, пабялілі вапнай, якая іх зніштожыла. У інтэрнэце ёсць меркаванне, што тут быў колісь і клуб, але, як сцвярджае Таццяна Воюш, на танцы дакладна хадзілі не сюды, а ў будынак старой царквы.
Пасля склад зерня прыбралі, і тут сталі адбывацца моладзевыя “вячоркі”. На адной такой пасядзелцы, калі адзін з тутэйшых хлапцоў вяртаўся з арміі, а іншы туды адпраўляўся, іх кампанія распаліла вогнішча на старажытным шыкоўным паркеце. Што і казаць, мясцовыя жыхары добра помняць, як гарэла капліца. Незваротна знішчаны і надзвычайнай прыгажосці драўляныя вітражы святыні. Таццяна Воюш узгадвае, што на іх былі па-мастацку выразаны Хрыстова вінаградная лаза і сімвал Багародзіцы — ружа. Адбылося гэта “сумнае свята” прыкладна ў 1989 годзе. Засталіся ад пажару толькі велічэзныя дубовыя лагі і сцены.
Тое, што капліца выкарыстоўвалася як пахавальня, — дакладна. Тут вялікі падмурак і 4-метровы падвал (як бачна на фота), у якім ёсць нішы. У мінулым туды вяла лесвіца, ад яе засталіся толькі чыгунныя парэнчы, якія цяпер ляжаць на дне падвала. Калі адбывалася рэстаўрацыя, выявілі, што дзве нішы былі замураваныя. Якраз два помнікі яшчэ ў Савецкі час стаялі побач з капліцай. Адзін з іх — брату Баляслава, які маленькім утапіўся ў рацэ. Гэты помнік утапілі ў рацэ хлопцы, якім ён перашкаджаў гуляць у футбол. Дарэчы, яшчэ ў час маладосці Таццяны Воюш рака Уса была нашмат больш паўнаводная, чым цяпер.
АДНАЎЛЕННЕ
Капліца была ў заняпадзе да 1999 года, калі на яе звярнуў увагу першы бярэзінскі ксёндз Сяргей Бараўнёў. З дапамогай спонсараў ён замяніў дах, умацаваў старыя лагі і паклаў на іх падлогу. Добраўпарадкаванне святыні працягнуў другі ксёндз, Алег Мурзіч. Пры ім рэгулярна праводзіліся суботнікі, і можна сказаць, цяперашняе наваколле каля капліцы і яе чысціня — яго заслуга. Цяперашні ксёндз Андрэй Фёдараў зрабіў тут зручны ганак і замяніў дзверы. Сёння ж гэты святар аддае ўсю ўвагу будоўлі новага храма ў Беразіно.
Па ўспамінах Таццяны Воюш, у 1999 годзе, калі трэба было рэгістраваць багушэвіцкую парафію, патрэбны мінімум падпісантаў за яе сабралі
даволі хутка, проста прайшоўшыся ў адзін канец па вуліцы вёскі. Тады людзі больш цікавіліся рэлігійным жыццём, чым цяпер. Зараз асабліва вялікая колькасць народа збіраецца тут на свята Божага Цела, у гонар якога асвечана капліца. А ў звычайныя нядзелі прыходзяць каля дзесяці мясцовых вернікаў. Нядаўна ў Багушэвічах адчынілася і невялічкая царква, ды толькі ў аграгарадку людзей не большае, і да Бога прыходзяць нешматлікія.
Былы дырэктар багушэвіцкай школы Аляксандр Луста распавёў, што ў Баляслава Свентаржэцкага застаўся нашчадак па лініі маці — Ян Качмарык, які пражывае ў польскім горадзе Уронкі, недалёк ад Познані. Ён прыязджаў сюды неаднаразова, запальваў лампадкі, яшчэ калі рамонту тут не было, і вельмі марыў перавесці прах Баляслава ў адноўленую капліцу. Таксама марыў набыць тут зямлю і адкрыць турыстычны аб’ект. Распавядаў, што ў Парыжы захоўваецца абраз Маці Божай Багушэвіцкай і што ён хацеў бы вярнуць яго на гістарычную радзіму. Праўда гэта альбо не, але напэўна толькі з Божай дапамогай капліца ў Багушэвічах захавалася. Яна сапраўды вартая ўвагі, і, хочацца верыць, самыя дрэнныя часы для яе ўжо мінулі.