І калі штосьці не клеіцца з надоямі ды ўраджаямі, уключыце ў працэс гарманіста, спевака і танцора. Працэс стане агульным, маральны клімат у калектыве — гарантаваным. А калі ў сям’і — лад, тады і ў працы — плён. Вось толькі пэўныя гаспадарнікі на гэта недаравальна забываюцца. Тут жа важна, каб кожны займаўся сваёй справай. Тэзіс “у культуры разбіраюцца ўсе” такі ж правільны, як і тэхналогія сяўбы па снезе. Дык давайце ж паглядзім, чым жывуць сёння тыя, хто ў культуры — першыя дзейныя асобы.
Алесь Зуеў — намеснік дырэктара Полацкага раённага цэнтра культуры. Ён сёння рэкардсмен па колькасці дасланых навін. 14 жніўня ў Полацку на праспекце Францыска Скарыны з самага ранку запрацавала Мядовая алея. Дзясяты раз запар горад ладзіў экафэст “Мядовая сталіца”. І столькі было наўкола салодкага прадукту, што пчолы ладзілі феерверкі.
Аляксей Зуеў разам з калегамі прыдумаў і яблычны маршрут па Полацкім раёне. Адкрываецца ён, натуральна, на Яблычны Спас і дзейнічае вось ужо пяты год. “Праект ладзіцца калектывамі РЦК і аўтаклуба, — распавядае Аляксей Зуеў. — Сёлета асноўнай лакацыяй для мерапрыемства стаў аграгарадок Блізніца, дзе існуюць адметныя традыцыі адорвання яблыні прысмакамі. І “яблычныя” песні — аўтэнтычныя. Выконвае іх фальклорны гурт “Блізнянка” Сільніцкага СДК (кіраўнік Вольга Чобат)”. Дзея адбывалася ў мясцовым яблыневым садзе, якому, аказваецца, споўнілася 45 гадоў. Былі варожбы на яблыках, пірагі з імі ж, гульні ды скокі.
А яшчэ напісаў Аляксей Зуеў, што 15 жніўня адзначаецца Сцяпан-сенавал. Да гэтага дня імкнуліся скончыць працы на сенажацях, з апошняга ў косу плялі Сцяпанаў вянок з 12 траў і кветак, абвівалі яго саматканым ручніком, захоўвалі ў чырвоным куце. (Абавязкова раскажу свайму сыну Сцяпану!) Гэта абрад быў рэканструяваны паводле ўспамінаў ужо знаёмай вам Вольгі Чобат.
Вернемся да Яблычнага Спасу. 21 жніўня ў знакамітых Алашках Шаркаўшчынскага раёна прайшло абласное свята аматарскіх аб’яднанняў “Яблычны фэст”. На тэрыторыі Мемарыяльнага музея садавода-селекцыянера Івана Сікоры сабралася 40 аматарскіх аб’яднанняў, якія ў чарговы раз прэзентуюць адмысловасць мясцовага яблыка.
І зноў — пра Спас мядовы. Вось пра што паведаміла загадчык аддзела метадычнай работы Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Марына Лукіянец: “15 жніўня да жыхароў і гасцей аграгарадка Раклевічы завіталі “працавітыя пчолкі” — артысты Дзятлаўшчыны, якія даставілі на раённае свята мёду канцэртную праграму”.
Фэст “Мядовы кірмаш” прайшоў у аграгарадку Цырын Карэліцкага раёна. Мяне, да прыкладу, зацікавіла кулінарная платформа “Нам тут мёдам намазана”. Салодкага я не ўжываю, але назва якая! А была яшчэ творчая праграма “Мядовы разгуляй”.
Ледзь не заблукалі мы паміж Спасамі. Але ў сённяшняй пошце — процьма іншых навін. Вось, да прыкладу, такі крэатыў. Вольга Крывянкова, метадыст Смаргонскага раённага цэнтра культуры, піша: “Ля часткова адноўленых сцен Крэўскага замка ў чарговы раз адбыўся фестываль-кірмаш “Кераміка Крэва”. Прыехалі сюды ганчары з Міншчыны і Гродзеншчыны, бралі ўдзел у конкурсе на лепшы выраб, ладзілі свае майстар-класы. На фэсце можна было набыць посуд, свістулькі, цацкі, дэкаратыўныя ўпрыгожанні… Прэзентаваліся рыцарскія баі, майстар-класы па сярэднявечных і бытавых танцах”.
Дзве навіны ад Андрэя Струнчанкі з Віцебскага раёна. У вёсцы Доўжа на беразе возера Сосна прайшло свята ў гонар Нептуна — уладара мораў і акіянаў. Водна-спартыўнае свята для тых, хто любіць актыўны адпачынак, стала традыцыйным.
Другая інфармацыя — пра свята вёскі Слабада, што знаходзіцца на тэрыторыі Янавіцкага сельсавета. Мерапрыемства называлася “Я тут жыву, і край мне гэты дарагі”. Загадчык Янавіцкага гарпасялковага Дома культуры Таццяна Нядбайла распавяла пра гісторыю паселішча, а таксама пра кожнага яго сённяшняга жыхара.
Лета працягваецца, і супрацоўнікі гарадской бібліятэкі Ашмян імкнуцца зрабіць адпачынак для сваіх чытачоў незвычайным і незабыўным. Загадчык згаданай установы Людміла Зарэцкая пераконвае, што вольны час маленькіх чытачоў на свежым паветры не толькі цікавы, але і карысны. Гульнявая праграма “Лета + бібліятэка = канікулы” для таго і прызначана.
Інтэрактыўная летняя пляцоўка-чытальня ў Хвінявіцкай сельскай бібліятэцы называецца “Чытай-Ка”. Бібліятэкар Алена Апанасік распавядае, што “гэта ўстанова з’яўляецца цэнтрам фарміравання здаровага ладу жыцця. Менавіта таму чытанне пад адкрытым небам спалучаецца тут з актыўнымі гульнямі”.
Распавядае метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Слонімскай раённай бібліятэкі імя Якуба Коласа Юлія Васілеўская: “27 жніўня паэту і празаіку Сяргею Новіку-Пеюну споўнілася б 115 гадоў з дня нараджэння. Супрацоўнікі ўстановы здзейснілі мультымедыйнае падарожжа “Мяне шчасцем не парадавала доля”. Быў пісьменнік яшчэ і драматургам, кампазітарам. Значыць, меў здольнасць бачыць і чуць.
Фестываль “Паўлаўскі каравай” прайшоў у аграгарадку Навасёлкі Слонімскага раёна (у вёсцы Паўлава клуба няма). Традыцыя хлебнай выпечкі мае глыбокія карані. Без песняў і жартаў ніякая справа тут не робіцца. А выпечка каравая занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Свята ўключыла тэатралізацыю наступных абрадаў: “Засеўкі”, “Зажынкі”, “Дажынкі”, “Выпечка”. Ушанаваны былі і галоўныя носьбіты — удзельнікі народнага аматарскага аб’яднання “Чараўніцы-каравайніцы” з былым кіраўніком 79-гадовай Ларысай Мудрацовай і 90-гадовай Марыяй Пятліцкай.
Яшчэ навіна ад слонімскіх метадыстаў. У аграгарадку Міжэвічы адбылося свята лёну “Блакіт нябёсаў”. Можна было набыць вырабы народных умельцаў, пабачыць адзенне з лёну, пачаставаць стравы, дзе інгрыдыентам стаў лён.
І апошняя навіна сённяшняга агляду — фестываль кветак у Жалудку Шчучынскага раёна. Мясцовая гарпасялковая бібліятэка таксама прыняла ўдзел у мерапрыемстве. Была падрыхтавана не толькі кніжная выстава, але і калекцыя хатніх кветак.
Беражыце сябе!
Сустрэнемся праз тыдзень.