У “Беларускай хатцы” гасцям рады

№ 34 (1525) 21.08.2021 - 28.08.2021 г

“Мы і не ведалі, што ў Мінску ёсць такі музей!” — здараецца, чуюць цяпер супрацоўнікі “Беларускай хаткі”. А гэтым летам “Беларуская хатка” — філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры — адзначыла ўжо сваё 30-годдзе. Так, адкрылася яна ў 91-м годзе, і свой першы дзясятак гадоў правяла актыўна і насычана — і як музей, і як месца для розных творчых імпрэз і фестываляў. Але ў 2007 годзе пачалася працяглая і даволі складаная гісторыя з капітальным рамонтам і аднаўленнем будынку, якая скончылася толькі летась. А летась пачалася пандэмія. Такім чынам, зараз унікальны музейчык па вуліцы Рабкораўскай у Мінску вяртаецца да паўнавартаснай працы і шчыра запрашае да сябе наведвальнікаў — у планах і новыя выставы, і адраджэнне клуба творчай інтэлігенцыі.

/i/content/pi/cult/864/18330/9.jpgАднапавярховая драўляная хатка, пабудаваная яшчэ ў 1904 годзе і цяпер схаваная за будынкам Універсітэта культуры і мастацтваў — лічы, у цэнтры сталіцы побач з метро, — паміж вялікіх і высокіх каменных дамоў выглядае нечакана і ў нечым нават чароўна — аточаная дрэўцамі, лавачкамі, з драўляным калодзежам за заборчыкам, з высокімі ганачкамі… За 30 гадоў існавання музея чароўнасць не знікла, а вось вядомасці паменшала. “За час капрамонту вырасла цэлае пакаленне, якое і не ведае пра такі музей, — зазначае загадчыца “Беларускай хаткі” Таццяна Лабада. — Нават з мясцовых жыхароў ці са студэнтаў Універсітэта культуры, што кожны дзень праходзяць міма, і не ўсе ведаюць, што гэта музей, што сюды можна зайсці і паглядзець экспазіцыю, пабываць у пакоях, дзе жылі Максім Багдановіч і Змітрок Бядуля, дзе сто гадоў таму збіраліся многія значныя для Беларусі асобы”.

Іншая сітуацыя была на пачатку 90-х — тут сапраўды віравала творчае жыццё: паэты чыталі вершы, барды спявалі песні, паказваліся батлеечныя спектаклі, здымаліся фільмы, праходзілі фестывалі і многае іншае — з моманту адкрыцця 25 чэрвеня 1991 года “Беларуская хатка” вабіла людзей, натхнёных беларушчынай. І як не вабіць — бо гэта, напрыклад, адзіны ацалелы будынак у Мінску, сапраўды звязаны з Максімам Багдановічам: паэт жыў тут з кастрычніка 1916 года па люты 1917-га. Тут жа кватараваў Змітрок Бядуля з сёстрамі Рэняй і Геняй, тут жа ў перыяд з 1916 па 1920 гады існаваў клуб беларускай мастацкай інтэлігенцыі, які вёў актыўную культурна-асветніцкую работу і які падтрымліваў беларускае тэатральнае музычнае мастацтва. Тут збіраліся паэты і многія іншыя знаныя асобы — варта згадаць такія слаўныя імёны, як Зоська Верас, Уладзіслаў Галубок, Усевалад Фальскі, тут працавалі Першае таварыства беларускай драмы і камедыі і тэатральная трупа пад кіраўніцтвам Францішака Аляхновіча, іншыя творчыя суполкі. Роўна сто гадоў таму, у 1921 годзе, дзейнасць клуба, не ўхвалёная ўладамі, была спыненая. Увогуле, цікавую гісторыю гэтага дамку варта пачытаць і асобна, а лепей будзе і зайсці ў музей, каб апынуцца быццам бы на пачатку ХХ стагоддзя — сярод іншага ў экспазіцыі адноўлены па ўспамінах сведкаў пакой Максіма Багдановіча з сапраўднымі тагачаснымі рэчамі, з яго вершамі, рукапісамі, унікальнымі выданнямі.

Ужо ў 80-я гады мінулага стагоддзя хатка, дзякуючы намаганням неабыякавых да культуры людзей, была ўратаваная ад зносу, які для яе быў падрыхтаваны дзеля будаўніцтва “вялікіх каменных дамоў”, і перанесена са свайго месца па вуліцы Мала-Георгіеўская (у наш час гэта вуліца Талстога) на сто метраў далей, дзе цяпер і стаіць. Пасля рэстаўрацыі дому вярнулі першапачатковы выгляд і 25 чэрвеня 1991 года адбылося яго ўрачыстае адкрыццё ў якасці музея. Мастацкая канцэпцыя экспазіцыі належала Эдуарду Агуновічу, а афармленне інтэр’ера было стылізаванае пад мадэрн. Пры стварэнні музея ставілася задача распавесці не толькі пра мінскі перыяд жыцця і творчасці Максіма Багдановіча, але і пра беларускі нацыянальны літаратурна-грамадскі рух у Мінску на пачатку ХХ стагоддзя, пра побыт гараджан пад час Першай сусветнай вайны на прыкладзе пакояў Змітрака Бядулі і яго сясцёр.

У 2021 годзе музей ізноў запрацаваў напоўніцу, хаця па вялікім рахунку праца і не спынялася — музейна-педагагічныя заняткі з дзецьмі працягваліся, для іх працавалі розныя гурткі, час ад часу ладзіліся экскурсіі і розныя імпрэзы. Але для шырокай публікі музей не быў адчынены. Аднаўленне дзейнасці супрацоўнікі музея адзначылі адкрыццём год таму так званай Сцежкі пісьменнікаў: цяпер вакол дома стаяць лавачкі, і на кожнай — памятная таблічка з імем таго ці іншага чалавека, звязанага з “Беларускай хаткай”. Натуральна, цэнтральная лавачка перад уваходам прысвечаная Максіму Багдановічу, а далей, ідучы па сцежцы, можна прачытаць таблічкі з імёнамі Змітрака Бядулі, Зоські Верас, Уладзіслава Галубка, Язэпа Лёсіка, Аркадзя Смоліча… Але ж цяпер там не проста таблічкі — на святкаванне 30-годдзя “Беларускай хаткі” кожная лавачка атрымала QR-код, які любы цікаўны можа адсканіраваць, каб атрымаць на экран верш ці цытату таго ці іншага героя, ці нават каб пачуць яго сапраўдны голас, як у выпадку з лавачкай Зоські Верас.

Прыдумка са Сцежкай пісьменнікаў і QR-кодамі сапраўды сучасная і цікавая. Увогуле, у музеі “Беларуская хатка” нямала робяць для таго, каб зацікавіць наведвальнікаў — найперш дзяцей, школьнікаў — не простым праглядам экспазіцыі, а і шматлікімі, як зараз кажуць, актыўнасцямі. Распрацаваныя розныя інтэрактыўныя заняткі, якія ў гульнявой форме дапамагаюць знаёміцца з жыццём і творчасцю Багдановіча і Бядулі. Канешне, шмат увагі надаецца батлейцы — “Беларуская хатка” ад самага адкрыцця мае гэты невялічкі традыцыйны тэатр як увасабленне мары паэта. Наведвальнікі, асабліва юныя, з захапленнем знаёмяцца з батлейкай, слухаюць расповеды, глядзяць пастаноўкі, самі нешта спрабуюць — напрыклад, робяць батлеечныя лялькі. Ладзяцца ў музеі заняткі і па ткацтве — натуральна, называюцца яны “І тчэ, забыўшыся, рука”, дзеці распісваюць велікодныя яйкі, вучацца шмат чаму іншаму. Вось зараз пакоі хаткі ўпрыгожаныя малюнкамі з дзіцячага пленэру, што тут нядаўна праходзіў. У музеі ёсць нават сямейны квэст — вандроўка па музеі, і ёсць спецыяльны сямейны квіток на пяцёх чалавек коштам у 7 рублёў.

Пры ўсім тым Таццяна Лабада, загадчыца “Беларускай хаткі”, кажа, што хацелася б больш увагі з боку Універсітэта культуры і мастацтваў — многія ж студэнты ніколі і не бачылі батлейкі, а па праграме яны яе вывучаюць, і вось як жа ім не зайсці ў “Беларускую хатку”, што проста побач!

А зараз у “Беларускай хатцы” ідзе выстава “На струнах душы”, прысвечаная 135-годдзю з дня нараджэння Змітрака Бядулі, — прадоўжыцца яна да канца лета. Дарэчы, летась, калі адбывалася перапахаванне парэшткаў Змітрака Бядулі, урачыстая цырымонія і развітанне з прахам праходзілі менавіта тут. Цяперашняя выстава прадстаўляе экспанаты, якія іншым чынам убачыць і не так ужо проста: яны сабраныя з розных устаноў — Архіва-музея літаратуры і мастацтва, Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь, Музея Максіма Багдановіча і г. д. Для знакавага мерапрыемства нават падрыхтавалі копіі рукапісаў Бядулі — своеасаблівыя муляжы, якія наведнікі могуць узяць у рукі і падрабязна разгледзець. Задума ў выставы была такой: паказаць творчасць Бядулі з усіх бакоў — і паэзію, і прозу, і нават драматургію — “Салавей” у 1939 годзе быў пакладзены ў аснову першага беларускага балета.

А на 17 верасня плануецца адкрыццё новай выставы, прысвечанай 130-годдзю з дня нараджэння знанага дзеяча нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння пачатку ХХ стагоддзя, аднаго з ініцыятараў ідэі суверэннасці Беларусі Аркадзя Смоліча — ён нарадзіўся 17 верасня па старым стылі. Лёс таксама звязаў Аркадзя Смоліча з “Беларускай хаткай”, і выстава, пазней вартая больш пільнай журналісцкай увагі, будзе называцца “Творчаму духу народа майго ахвярую”.

Адна з задач, якую цяпер ставіць перад сабой “Беларуская хатка”, — адрадзіць традыцыі творчых вечарын клуба беларускай інтэлігенцыі, якія былі і сто гадоў назад, і ў 90-я гады. Святкаванне 30-годдзя музея ў чэрвені стала менавіта такім мерапрыемствам. Пасля ўрачыстай часткі гасцей, сярод якіх былі і запрошаныя калегі з розных літаратурных музеяў, забаўлялі батлеечным спектаклем, танцамі ў двары ў суправаджэнні капэлы “На таку”, гульнямі ў “пошту” і “флірт-залёты” як сто гадоў назад, а яшчэ — частавалі кашай і гарбатай у якасці ўспаміна пра тое, што на пачатку мінулага стагоддзя ў гэтым будынку была і бясплатная “бежанская” сталовая. 25 чэрвеня 1991 года адкрыццё музея “Беларуская хатка” адбывалася з выступленнем гурту “Ліцвіны”, які таксама ўтварыўся ў той год. І вось праз 30 гадоў “Ліцвіны” ізноў ігралі і спявалі ў “Беларускай хатцы”.

Як кажа Таццяна Лабада, цяпер падобныя вечарыны будуць праходзіць на рэгулярнай аснове. Пакуль цёпла, можна танцаваць і спяваць на вуліцы, потым з’явіцца нешта іншае. Па меншай меры, разы два на месяц “Беларуская хатка” плануе запрашаць не толькі на экскурсіі ці на заняткі, але і на імпрэзы, — набліжаючыся, такім чынам, да вяртання традыцый клуба. Акрамя таго, музей адкрыты да прапаноў — у ім жа ёсць і ўтульная, няхай і невялічкая глядзельная зала з батлейкай. За абвесткамі і афішай можна сачыць на сайце Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, філіялам якога “Беларуская хатка” і з’яўляецца.