Узнагароду “Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення”, заснаваную ў 2009 годзе, павінен быў атрымаць з рук Прэзідэнта народны артыст Расіі Мікалай Баскаў. Спеваку, што прыязджае на наш фестываль з 1999 года, была закладзена імянная пліта на Плошчы зорак перад віцебскім Летнім амфітэатрам, артыст удзельнічаў у гэтай цырымоніі. Але ўвечары ў яго ўзнялася тэмпература, і ў гала-канцэрце адкрыцця форуму ён выступіць не змог.
Да юбілею фестываля было падрыхтавана шмат цікавостак. Былі выдадзены даведнік “Славянскі базар у Віцебску. Трэцяе дзесяцігоддзе”, каталог фірмовага стылю і сцэнаграфіі фестывалю. У цэнтры горада з’явіліся новыя фотазоны — вялізны металічны кантрабас і рознакаляровы паўлін. Змянілася цырымонія ўзняцця фестывальнага сцяга. Калі раней яна непасрэдна папярэднічала закладанню імянной зоркі, дык цяпер была перанесена на таямнічую апоўнач, сімвалізуючы нараджэнне новага дня, у які будзе ўрачыста адкрыты юбілейны фэст. А тыя, хто прыязджае на яго 14 і больш гадоў, атрымалі так званы “валошкавы пашпарт” — гэткае сувенірнае пасведчанне, якое, зразумела, не замяняе сапраўдны дакумент.
Свае ўзнагароды падрыхтавала і Саюзная дзяржава. Спецыяльнымі дыпломамі Пастаяннага Камітэта СД “За творчае ўвасабленне ідэй дружбы народаў Беларусі і Расіі” былі адзначаны галоўны гукарэжысёр Цэнтра культуры “Віцебск” Руслан Стаброўскі, галоўны дырыжор Прэзідэнцкага аркестра Беларусі Віталь Кульбакоў, народны артыст СССР, альтыст і дырыжор Юрый Башмет, генеральны дырэктар Дзяржаўнага цэнтральнага музея сучаснай гісторыі Расіі Ірына Веліканава.
Спецыяльныя ўзнагароды Саюзнай дзяржавы будуць па традыцыі ўручаны і канкурсантам “Славянскага базару ў Віцебску”, якія прадстаўляюць Беларусь і Расію. Дарэчы, абодва конкурсы — дзіцячы і дарослы — пачнуцца акурат сёння. І калі вы не зможаце патрапіць на іх жыўцом, сачыце за імі ў тэлетрансляцыях.