Незабыўнае поле пад Магілёвам

№ 25 (1516) 19.06.2021 - 26.06.2021 г

Яна сустрэла яго незадоўга да смерці. Ён так дрэнна выглядаў, што яна спалохалася і сказала першае, што прыйшло ў галаву: “Вы добра выглядаеце”. Ён сумна ўсміхнуўся і ціха вымавіў, што яна ўжо не першы чалавек, які кажа яму ў апошні час менавіта гэтыя словы... Неўзабаве ён памёр, хоць яму было крыху больш за шэсцьдзясят тры. Значна пазней жанчына прысвяціла яму адзін з раздзелаў у сваіх успамінах “Мае мужчыны”. Ён сапраўды быў мужчынам у поўным сэнсе гэтага слова. Сівы, прыгожы, знакаміты і... мужны. Стары Хэм, савецкі Хэмінгуэй. Ён завяшчаў развеяць свой прах над полем пад беларускім горадам Магілёвам. Не хацеў пампезнага пахавання па першым разрадзе. Для яго вайна, Вялікая Айчынная вайна, была самай сумленнай і цяжкай часткай жыцця. Звалі гэтага чалавека Канстанцін Сіманаў.

“Аднаму чалавеку гэты мірны цяпер пейзаж нічога не гаворыць, — успамінаў Канстанцін Сіманаў, — а для іншых — гэта поле бою... Я не быў салдатам, быў усяго толькі карэспандэнтам, аднак і ў мяне ёсць кавалачак зямлі, які мне век не забыць, — поле пад Магілёвам”.

Гэта засталося
з ім назаўжды

У сваёй аўтабіяграфіі ў 1978-м годзе Сіманаў аб самых важных падзеях у сваім жыцці напісаў коратка, амаль пункцірна:

“24 чэрвеня 1941 года быў прызваны з запасу і з загадам Палітупраўлення Чырвонай Арміі выехаў для працы ў газеце “Баявы сцяг” Трэцяй арміі ў раён Гродна. У сувязі са становішчам, якое склалася на фронце, да месца прызначэння не дабраўся і быў прызначаны ў рэдакцыю газеты Заходняга фронту “Чырвонаармейская праўда”.

/i/content/pi/cult/855/18171/14_2.jpg

Памятны камень з надпісам — “Канстанцін Сіманаў”.

За гэтымі скупымі словамі скрозь заслону часу прагледжвае лёс чалавека, які сустрэў і прапусціў праз сябе першыя дні той страшнай вайны: з яе прыкрымі адступленнямі, прарывамі з варожых акружэнняў, блытанінай, каласальнымі ахвярамі, брудам, мужнасцю, воляй, гераізмам.

Лёс франтавога карэспандэнта Сіманава склаўся такім чынам, што ён стаў сведкам неймаверна цяжкай гераічнай абароны Магілёва. Абароны, якую называюць “Магілёўскай Брэсцкай крэпасцю”. Усё гэта настолькі ўразіла яго, што засталося з ім назаўжды, да самай смерці і нават пасля яе...

“Магілёўская
Брэсцкая крэпасць”.
Ліпень 1941-га.

Група армій “Цэнтр” — самая магутная з трох груп армій нацысцкай Германіі — фактычна за тыдзень зрушыла савецкі Заходні фронт.

Нямецкія матарызаваныя карпусы пасля разгрому савецкіх сіл у Мінскім і Беластоцкім катлах рушылі далей на ўсход — да Магілёву, з тым каб адтуль працягнуць свой паход Drang nach Osten.

3 ліпеня начштаба вермахта Гальдар паспяшаўся запісаць: “Не будзе перабольшаннем сказаць, што кампанія супраць Расіі выйграная на працягу 14 дзён”. Самаўпэўненыя deutsche soldaten з закасанымі рукавамі хутка даведаюцца, што такое штыкавыя атакі і рукапашны бой савецкіх салдат...

Загадчыца экспазіцыйна-выставачнага аддзела Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Е.Р. Раманава Аляксандра Буракова наступным чынам пракаментавала для нашай газеты сітуацыю тых напружаных дзён:

“Ужо 23 чэрвеня ў Магілёве прайшлі сходы і мітынгі. На прадпрыемствах, пры домакіраўніцтвах ствараліся атрады самаабароны, людзі неслі дзяжурства па ахове аб’ектаў ад дыверсантаў. У франтавым горадзе поўным ходам ішла эвакуацыя прамысловага абсталявання і людзей.

/i/content/pi/cult/855/18171/14_3.jpg

Ваенныя карэспандэнты. У цэнтры — Канстанцін Сіманаў. 1941 год.

Здымкі Паўла Трошкіна.У горадзе было створана сваё народнае апалчэнне з ліку студэнтаў, выкладчыкаў, міліцыі, служачых, рабочых. 10 тысяч апалчэнцаў Магілёва ўсталі плячом да пляча з воінамі Чырвонай Арміі на абарону горада.

28 чэрвеня пачалося ўзвядзенне абарончых рубяжоў вакол Магілёва. Штодня да 10 тысяч магілёўцаў, нягледзячы на бамбёжкі, працавалі на ўзвядзенні процітанкавых равоў, траншэй, бліндажоў. На працягу аднаго тыдня горад узмацніла лінія ўмацаванняў працягласцю 25 кіламетраў.

У першых чыслах ліпеня ў ваколіцах Магілёва пачаліся баявыя дзеянні. 9 ліпеня танкавыя часткі Гудэрыяна падышлі да лініі абароны, але не змаглі прарваць яе адразу. З паўднёвага захаду Магілёў прыкрывалі 388-й стралковы полк палкоўніка С.Ф. Куцепава, артылерысты 340-га артылерыйскага палка палкоўніка И.С.Мазалова і апалчэнцы.

Менавіта тут, 12 ліпеня, у ходзе бою, які працягваўся 14 гадзін, было падбіта 39 нямецкіх танкаў і бронемашын 3-й танкавай дывізіі праціўніка”.

Праз некалькі гадзін панараму бою на Буйніцкім полі на свае вочы ўбачылі ваенны карэспандэнт Канстанцін Сіманаў і фотакарэспандэнт Павел Трошкін. У тыя першыя дні вайны ў савецкіх газетах яшчэ не было фотаздымкаў знішчанай ваеннай тэхнікі, а краіна іх чакала. Фактычна ва ўмовах баявых дзеянняў ваенкары змаглі зрабіць фотаздымкі падбітых нямецкіх танкаў, і на старым пікапе цудам вырвацца з акружанага Магілёва.

/i/content/pi/cult/855/18171/14_4.jpg

Надпіс на адваротным баку памятнага каменя.

Пазней, 20 ліпеня, у газеце “Известия” з’явіцца нарыс Канстанціна Сіманава пра абаронцаў Магілёва — “Гарачы дзень”, і на першай старонцы здымак — панарама падбітых нямецкіх танкаў на Буйніцкім полі...

У сваіх мемуарах пісьменнік так напіша пра тую сваю першую франтавую камандзіроўку:

“Увечары мы гаварылі з камандзірам палка палкоўнікам Куцепавым... Мы сказалі яму пра мост. Там няма ні аднаго зенітнага кулямёта, калі немцы разбамбяць мост, то ён з палком будзе адрэзаны тут, за Дняпром.

— Ну і што ж, — Куцепаў раптам усміхнуўся сваёй дзіцячай усмешкай. — Ну і што ж... Хай бамбяць. Калі іншыя адступяць, мы вырашылі тут застацца і памерці, усім палком вырашылі. Мы ўжо гаварылі пра гэта...”

Гэтыя людзі не адступілі, і здолелі спыніць наступ гітлераўскіх войскаў, на некалькі тыдняў прыкавалі да сябе цэлы армейскі корпус фашысцкай арміі. Ужо быў узяты Смаленск, гітлераўская ваенная машына прасоўвалася наперад, а пад Магілёвам, на Буйніцкім полі грымелі баі.

Амаль усе байцы 388-га стралковага палка 172-й стралковай дывізіі, работнікі міліцыі, курсанты школы НКУС, апалчэнцы Магілёва загінулі. Загінуў і палкоўнік Куцепаў. Гэтыя людзі сталі для Канстанціна Сіманава яго лёсам, сэнсам жыцця, сімвалам ахвярнасці пакалення.

Вырваўшыся тады з акружэння, Сіманаў у Маскве напісаў свае самыя знакамітыя пранізлівыя вершы — “Жди меня”. Гэта было лірычнае рэха, пераасэнсаваны водгук таго, што ён убачыў там, на беларускім Буйніцкім полі...

Памяць, захаваная
ў сімволіцы

9 Мая 1995 года, на 50-годдзе Вялікай Перамогі, ужо ў суверэннай Беларусі, пад Магілёвам быў адкрыты Мемарыяльны комплекс “Буйніцкае поле”. Аўтары гэтага сімвалічнага помніка — архітэктары Уладзімір Чаленка і Алег Бараноўскі.

У цэнтры мемарыяла плошчай больш за 20 гектар знаходзіцца 27-метровая чырвоная капліца. На яе сценах размешчаны мемарыяльныя дошкі з прозвішчамі воінаў і народных апалчэнцаў, загінуўшых пры абароне Магілёва. У цэнтры капліцы — “ківач Фуко”. Пад капліцай знаходзіцца склеп, прызначаны для ўрачыстага перапахавання астанкаў загінуўшых воінаў Чырвонай Арміі, выяўленых на палях баёў у ваколіцах Магілёва.

Адна з алей, што злучае капліцу з аркай, вядзе да памятнага каменя пісьменніку Сіманаву... На вялізным валуне факсіміле — “Канстанцін Сіманаў”. З тыльнага боку камня — мармуровая дошка: “...Усё жыццё ён памятаў гэта поле бою 1941 года і завяшчаў развеяць тут свой прах”.

/i/content/pi/cult/855/18171/14_1.jpg

27-метровая чырвоная капліца. Буйніцкае поле.

Ажыццёўленая воля

28 жніўня 1979 года Канстанцін Сіманаў сышоў з гэтага жыцця. У ЦК КПСС прынялі рашэнне пахаваць цела пісьменніка на Навадзевечых могілках у Маскве. Аднак родныя выканалі завяшчанне чалавека, які добра ведаў цану слову і справе.

8 верасня 1979 года жонка Сіманава Ларыса Жадова разам з яго дзецьмі Аляксеем, Марыяй, Кацярынай і сакратаром Нінай Гардон практычна таемна прывезлі ўрну з прахам пісьменніка ў Магілёў.

Абласны ваенны камісар, палкоўнік І.А. Ціханаў пазней успамінаў: “...Мы накіраваліся на Буйніцкае поле. І толькі па дарозе я даведаўся, што Ларыса Аляксееўна прывезла ўрну з прахам. “Гэта наша сямейная справа”, — сказала яна.

Усё праходзіла імкліва. На полі Аляксей падняў урну, сышоў з дарогі, адкрыў яе і развеяў прах бацькі. Выкапалі невялікую яму-магілку, паставілі туды ўрну і ўсе, па звычаю, кінулі ўніз па жмені зямлі. Дзеці выціралі слёзы. Было трывожна на душы, нервы напружаны. Над полем апускаўся змрок”.

P.S. 

Восем гадоў таму аўтар гэтага тэксту напісаў некалькі зарыфмаваных радкоў, прысвечаных абаронцам Магілёва. Публікуюцца яны ўпершыню:

Мы стояли здесь насмерть не за новые дырки в петлицах.

Не за страх, а за совесть вгрызались мы в землю свою.

Нам окопная гарь вместе с пылью июльской жгла лица,

Но прохлада родного Днепра давала нам силы в бою.

Мы здесь встретили вермахта части кровавой окрошкой.

Мы здесь дрались без шансов на жизни спасательный буй.

Мы здесь бравым солдатам с потертой губною гармошкой

Рукава раскатали с позиций по самое не балуй.

Нас Буйничское поле пеленало шинелью свинцовой

И броня нас чужая утюжила будто бы и не живых.

В километры отрытых окопов под руинами Могилева

Мы бросали врагов в рукопашных и штыковых.

Мы держались здесь днем и ночью держались…

Приближали победную даль, от злости священной дрожа.

Мы здесь в землю легли, в ней навеки остались

В 41-м году, на Днепровских своих рубежах.

Наши матери, жены, наши девочки в ситцевых платьях

Нас оплакали вволю, даже выплакали глаза.

До сих пор наше краткое довоенное скудное счастье

Мироточит слезами обильно в намоленных образах…

Мы стояли здесь насмерть не за новые дырки в петлицах.

Не за страх, а за совесть вгрызались мы в землю свою.

Нам окопная пыль вместе с гарью июльской жгла лица,

Но прохлада родного Днепра давала нам силы в бою.