Ў сутарэннях рыцарскі клуб
Першапачатковае прызначэнне будынка на вуліцы Камсамольскай у Беразіно — райвыканкам. Таму і ўзводзілі будучую адміністрацыю, каб праз вонкавую сімволку паказаць магутнасць савецкай улады. Адчынілі яе ў сярэдзіне 50-х гадоў мінулага стагоддзя, і з тых часоў бярэзінцы не забываюць сюды дарогу. Нават калі ў 70-х райвыканкам перанеслі ў сучасны цэнтр горада, у будынку на Камсамольскай змясцілі РАНА, архіў, зберкасу, рэдакцыю раённай газеты і тыпаграфію для яе друку, а яшчэ, уласна, бібліятэку. Пазней, у 90-х, тут была і школа мастацтваў, і нават сапраўдны рыцарскі клуб — на цокальным паверсе.
— У гэтых сценах былі выхаваны многія пакаленні бярэзінцаў, — узгадвае бярэзінскі краязнаўца Ігар Жукоўскі. — Нават я, цяпер 60-гадовы мужчына, у школьныя гады хадзіў у гурток “Юны следапыт”, арганізаваны настаўнікам гісторыі Сяргеем Ігнатовічам. І зараз, калі адміністрацыя горада плануе аднавіць будынак і ў перспектыве змясціць тут моладзевы цэнтр, застаецца асцярога, звязаная з яго доўгачаканым адкрыццём.
За рэканструкцыю тры мільёна
Пры бліжэйшым знаёмстве з лёсам былой бібліятэкі, высвятляецца, што адміністрацыя раёна не марнавала час. Кіраванне капітальнага будаўніцтва ўжо паспела правесці тэндэр на рэканструкцыю. Па словах дырэктара ўстановы Ірыны Саскавец, у бліжэйшыя 4 месяцы да аб’екта правядуць інжынерныя сеткі, будзе праведзена добраўпарадкаванне, азеляненне. А пад моладзевы цэнтр зробяць прыбудову прыкладна ў 300 метраў квадратных. Як і было раней, другі паверх аддадуць пад бібліятэку, першы — пад адміністрацыйныя ўстановы. На ўсё гэта з раённага бюджэта выдаткуюць 2,4 мільёны рублёў. Яшчэ 600 тысяч спатрэбіцца на кампьютарнае абсталяванне. Па выніках такога рамонта можна будзе эксплуатаваць будынак на патрэбы бярэзінцаў.
А што з палацам Патоцкіх?
Не пакідае трывога і за закінуты палац Патоцкіх. Так хочацца, каб у рэшце рэшт сядзіба зноў стала запатрабаваная людзьмі! Дарэчы, будынак сярэдзіны XIX стагоддзя ў стылі позняга класіцызму на правым беразе ракі Беразіны з 20-х па 70-я выкарыстоўвалі пад школу, а пасля пад калгасны склад. А ў 1994-м лёсам палаца зацікавіліся спадкаемцы магнацкага роду, бацька і сын Анджэй і Конрад Патоцкія. Яны прыязджалі ў Беразіно з Аўстраліі і хацелі ўкласці грошы ў рэстаўрацыю палаца, але ім гэта зрабіць на той час не ўдалося.
Цяпер сядзіба знаходзіцца на балансе аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Тут ужо распрацаваны інвест-праект, па якому з будынка, згодна з гістарычным фасадам, плануюць зрабіць дом адпачынку з прычалам. Інвестар, які будзе мець намер выканаць гэта, атрымае палац у прыватнае карыстанне. Але на рэстаўрацыю патрэбны вельмі вялікія грошы!
— Адміністрацыя шукае спонсара, і нават зрабіла карту дома Патоцкіх і навакольных мясцін з дронаў для гэтага, — зазначае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму бярэзінскага райвыканкама Алеся Аляксееўна Цітова. — А пакуль мы яго прывабім, застаецца толькі падтрымліваць сядзібу ў прыемлімым стане.
Павел САЛАЎЁЎ