Легендарны дыктар, непаўторны голас Беларусі…

№ 21 (1512) 22.05.2021 - 29.05.2021 г

Да 95-годдзя з дня нараджэння Іллі Кургана
Гэты чалавек быў унікальным акцёрам, адным з самых лепшых дыктараў радыё і тэлебачання нашай рэспублікі, арыгінальным тэатральным педагогам, сапраўдным майстрам мастацкага чытання, аўтарам цікавых і каштоўных артыкулаў па культуры мовы і методыцы мастацкага чытання. Іллю Кургана называлі “легендарным дыктарам”, “залатым голасам Беларусі”, “беларускім Левітанам” і “палымяным барацьбітом за культуру мовы”. 25 мая бягучага года — 95 гадоў з дня нараджэння заслужанага артыста Беларусі, якога многія тэатразнаўцы і культуролагі і па сёння лічаць “гонарам беларускай культуры” другой паловы ХХ — пачатку ХХI стагоддзя.

/i/content/pi/cult/851/18083/13_1.jpgУ верасні 1971 года народны пісьменнік Іван Шамякін напісаў водгук на дзейнасць Іллі Кургана:

“...Ілля Львовіч Курган валодае выдатнымі прыроднымі дадзенымі, акцёрскім талентам, — усё гэта, памножанае на акцёрскае майстэрства, дае яму магчымасць выконваць самыя складаныя паэтычныя і празаічныя творы...

Як педагог Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, ён аказвае вялікі ўплыў на фарміраванне сцэнічнай мовы ў маладой змены нацыянальнага тэатра”.

А мастацкі кіраўнік Мінскага абласнога драматычнага тэатра, адзін з самых таленавітых беларускіх тэатральных рэжысёраў, Валерый Анісенка адзначаў:

“Ілля Курган — з’ява ў беларускай культуры… Ілля Курган — з’ява ўнікальная. Ён адзін з нямногіх дзейных майстроў, якія ведаюць і выспаведаюць асноватворныя прынцыпы старой класічнай школы выхавання мастака і грамадзяніна. Бліскучы майстар і выканаўца”.

Малая радзіма Іллі Кургана  — горад Барысаў. Тут у сям’і Льва Ілліча Эйдэльмана і Хасі Аронаўны Курган 26 мая 1926 года пачаўся яго жыццёвы шлях. Калі хлопчыку споўнілася 8 гадоў, у 1934 годзе, сям’я пераехала ў сталіцу БССР — горад Мінск, дзе ён вучыўся ў сярэдняй школе № 5.

У 1999-м годзе аўтар гэтых радкоў сустрэўся з Іллёй Курганам у санаторыі “Гарадзішча”, зрабіў з ім інтэрв’ю. Прывяду некаторыя ўрыўкі з яго:

“У час вучобы ў школе я вельмі любіў чытаць. Памятаю, што на грошы, выданыя мне на абеды, я купляў кнігі. Не магу не ўспомніць добрым словам сваю настаўніцу з пятай школы Сцепаніду Іванаўну. Яна была чалавекам не толькі беларускай, але і сусветнай культуры, сапраўды, з’яўлялася Настаўніцай з вялікай літары.

Некалькі слоў хацеў бы сказаць і пра першыя дні вайны…

23 чэрвеня я сядзеў на ганку нашага дома. У той час адбыўся першы налёт нямецкай авіяцыі на сталіцу нашай рэспублікі. Адна бомба каля ўваходу ў парк імя Горкага трапіла прама ў дуб. Ён так стагнаў і трашчаў. А ў мяне было такое адчуванне, што яму вельмі балюча. А назаўтра  — 24 чэрвеня была самая страшэнная бамбёжка Мінска. Горад гарэў як тысячы свечак, і полымя было бачна на адлегласці некалькі дзясяткаў кіламетраў… На месцы нашай хаты я з братамі ўбачыў дзве гары чорнага попелу.

У нас не засталося ні дакументаў, ні капейкі грошай. Немцы разбамбілі чыгунку. Разам з іншымі мінчанамі мы пайшлі пешшу ў Барысаў. З Барысава ў таварных вагонах дабраліся да Масквы, а адтуль — ва Узбекістан, у старажытны горад Самарканд. Нават нейкае жыллё далі нашай сям’і. Памятаю, што першай маёй працай стала чыстка прыбіральні. У той час я працаваў начным сторажам і асенізатарам.

Калі ў 1945 годзе мая сям’я вырашыла вярнуцца дамоў, мяне адправілі “ў разведку”. Я прыехаў у Мінск, пайшоў туды, дзе да вайны жыла мая сям’я. У гэта цяжка паверыць, што менавіта там я сустрэў свайго бацьку, які толькі што вярнуўся з фронту, а дакладней — з Германіі. Можна сказаць, што такія рэдкія супадзенні можна ўбачыць толькі ў кінафільмах”.

У 1945 годзе 19-гадовы Ілля паступіў у Беларускі тэатральны інстытут на акцёрскі факультэт на курс беларускага драматурга, рэжысёра, педагога, аднаго са стваральнікаў беларускага тэатра, народнага артыста Беларусі Еўсцігнея Афінагенавіча Міровіча.

/i/content/pi/cult/851/18083/13_2.jpg

Падчас работы ў студыі.

У тэатральным інстытуце, па словах Кургана, былі фантастычныя педагогі:

“Я ніколі не забуду народных артыстаў БССР Еўсцігнея Афінагенавіча Міровіча, Дзмітрыя Аляксеевіча Арлова і Канстанціна Мікалаевіча Саннікава. Старшынёй Дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі быў народны артыст СССР Глеб Паўлавіч Глебаў. Нас вучылі людзі, якія, умоўна кажучы, зубы з’елі на тэатры”.

Па заканчэнні інстытута ў 1949 годзе Кургану прапанавалі размеркавацца ў Віцебскі драматычны тэатр. І раптам ён пачуў па радыё, што аб’яўляецца конкурс на месца дыктара-практыканта Беларускага радыё. 1 лістапада 1949 Ілля Львовіч прайшоў сярод амаль 100 кандыдатаў па конкурсу і быў прыняты дыктарам Беларускага радыё і ўжо хутка пачаў выходзіць у эфір.

4 лістапада 1950 года быў апублікаваны артыкул Іллі Львовіча “Пусть растут наши дети” пад псеўданімам “Ілля Курган” (дзявочае прозвішча яго маці), і ён стаў выступаць пад новым прозвішчам па радыё. З 1969 года псеўданім “Курган” афіцыйна стаў яго сапраўдным прозвішчам.

З 1949 да 1987 года Ілля Курган працаваў артыстам і дыктарам Беларускага радыё, а ў 1961 — 1974 гадах — галоўным рэжысёрам дыктарскай групы. У 1987 — 1998 гадах ён быў артыстам Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі. Адначасова ў 1998 — 2013 гадах Ілля Львовіч выкладаў у Беларускай акадэміі мастацтваў (з 1992 года — прафесар), у 1995 — 2011 гадах — у Беларускім універсітэце культуры і мастацтва. Акрамя таго, у 2007 — 2013 гадах ён працаваў рэжысёрам Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, а з 2007 года — рэпетытарам і літаратурным кансультантам Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я.Купалы.

Ілля Львовіч успамінаў:

“Якія са мной працавалі дыктары! Любоў Батвіннік, Лілія Стасевіч. Мікалай Анціпаў… Я называю іх рыцарамі мікрафона. Яны неслі людзям чыстую, лёгкую і арганічную беларускую мову”.

Добра пастаўлены голас быў у Іллі Львовіча ад прыроды, а астатняе — толькі праца і талент. Вельмі важна, што ён прывіў правільную беларускую мову некалькім пакаленням радыё- і тэлегледачоў. Больш таго, будучы прафесарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, І.Курган навучыў сцэнічнай мове многіх будучых артыстаў і вядучых радыё і тэлебачання. Разам з іншым прафесарам Андрэем Калядой ён склаў і выдаў у 1998 — 2000-м гадах “Хрэстаматыю па сцэнічнай мове” (у чатырох кнігах).

Многія артысты называлі яго “мытняй, якая не прапускае славесную фальш”. У дапамогу дыктарам Ілля Курган падрыхтаваў метадычныя дапаможнікі “Слово о дикторском мастерстве” (1975), “Живое слово в эфире” (1992), “Грусть светлая моя…!” (1997) ды іншыя.

Акцёрскае майстэрства Іллі Кургана асабліва праявілася ў радыёпастаноўках: “Прымакі” Я.Купалы, “Паляўнічае шчасце” Э.Самуйлёнка, “Сцяг брыгады” А.Куляшова, “Незабыўныя дні” М.Лынькова, у шматсерыйным радыёспектаклі “Доктар Русель” У.Дзюбы, дзе ён яскрава сыграў ролю савецкага дыпламата, намесніка наркама замежных спраў СССР Льва Карахана.

На Беларускім радыё Ілля Львовіч запісаў “Скіп’еўскі лес” К.Чорнага (1995), “Пан Тадэвуш” А.Міцкевіча (1997). Сярод твораў, запісаных на грампласцінках, трэба адзначыць паэмы Я.Купалы “Курган”, Я.Коласа “Новая зямля” і “Сымон Музыка” (урыўкі), П.Глебкі “Мужнасць” і “Летні дзень”, П.Труса “Дзесяты падмурак” (урыўкі), вершы М.Багдановіча, П.Броўкі ды іншыя.

У снежні 1968 года за высокія дасягненні ў сваёй шматграннай дзейнасці Іллі Кургану было прысвоена ганаровае званне заслужанага артыста БССР.

Іллі Кургана не стала 21 жніўня 2019 года — на 94-м годзе жыцця.

Велізарны ўклад Іллі Кургана ў развіццё моўнай і тэатральнай культуры Беларусі дастойны таго, каб імя гэтай асобы шматграннага таленту было ўвекавечана ў яго роднай рэспубліцы.

Эмануіл Іофе, прафесар, доктар гістарычных навук