Не быць як усе. Класіка і авангард Валянціны Ляховіч

№ 21 (1512) 22.05.2021 - 29.05.2021 г

На пачатку апошняга веснавога месяца знакамітая віцебская мастачка Валянціна ЛЯХОВІЧ, якую можна назваць проста знакавай фігурай у цяперашнім мастацкім свеце горада, адзначыла 76 гадоў. Але яе маладым, няўрымслівым імкненнем да новых форм, новага сучаснага мастацтва і да таго, што яшчэ не так даўно лічылася эксперыментам, немагчыма не захапіцца. На працягу ўсяго свайго творчага шляху Валянціна Антонаўна ўмела здзіўляць — і гіганцкімі акварэлямі, і незвычайнымі партрэтамі, і ўнушальнымі скульптурамі і калажамі ў стылі трэш-арт. Выстаўкі Валянціны Ляховіч — гэта заўсёды яскравае відовішча, дзе колеры, формы і фантазія творцы ствараюць сапраўднае шоу. Летась, зразумела, была вялікая выстава да 75-годдзя, ды й увогуле ў арт-прасторы на Талстога, 7 у Віцебску ў мастачкі ёсць персанальная зала. А вось у гэтым маі ў Арт-цэнтры Марка Шагала была прадстаўлена ўжо новая экспазіцыя “Лучоскія экзэрсісы”. Нам гэта дало нагоду пагаварыць са слыннай мастачкай і пра мінулае, і пра надзённае.

/i/content/pi/cult/851/18074/6_1.jpg— Чым адметным вызначылася выстава “Лучоскія экзэрсісы”?

— Для мяне самой хоць бы тым, як многа сіл і нерваў я на яе паклала. Узрост, скажам шчыра, ужо немаленькі. Увогуле, такім мастацтвам жанчыне няпроста займацца, а пажылой жанчыне тым больш: даводзіцца мець справу з цяжкімі рэчамі, з падрамнікамі, са скульптурамі грувасткімі — для мяне ж памер у два метры яшчэ і не самы вялікі! (смех) А калі па змесце — усё часцей згадваю дзяцінства. Калі было мне 50, нават 60 гадоў, неяк не ўспамінала асабліва, а вось зараз даўнія падзеі проста стаяць перад вачыма. Хоць і на нялёгкі час дзяцінства прыпала — а нарадзілася я ў 45-м, але думаю — якое цікавае жыццё ў дзяцей тады было! Я вырасла ў Лучосе на ўскрайку Віцебска, і многага ў нас не было, але ж успамінаецца і як сябравалі, і як з горкі на санках каталіся ўсе разам, і якія суседзі былі, і якія сцэнкі там разыгрываліся. Падчас думаю, што кніжку трэба пісаць.

Гэтымі ўспамінамі выстава натхнялася, але наўпрост, дакладных сюжэтаў з дзяцінства там няма — усё на ўзроўні вобразаў, эмоцый. І ўвогуле ж я зараз больш займаюся абстрактным жывапісам, бо лічу яго найвышэйшай формай жывапісу, самай складанай. Недасведчаныя людзі часта думаюць, што ў абстрактнай карціне можна намазаць што заўгодна. Нічога падобнага! Ужо я-та ведаю, што гэта найскладанейшая рэч — абстрактнае мастацтва. Сама пачынала з рэалістычнай школы і ў тыя часы, калі любы намёк на абстракцыю нават забараняўся, можна сказаць.

— Жаданне быць мастаком таксама ж у дзяцінстве з’явілася?

— Была такая гісторыя: неяк яшчэ ў першым класе мы з сяброўкай Рытай развітваліся ля брамкі, і выбіралі — кім станем, калі вырасцем. Вырашылі, што будзем ці інжынерамі-будаўнікамі, ці мастакамі. (смех) А чаму мастакамі, хто ведае. Ну, змалёўвалі мы там з кніжак нейкія грушы-яблыкі. Але ж выраслі, і што атрымалася: Рыта — інжынер-будаўнік, я — мастак.

Жылі мы тады, канешне, бедна, але ж і ў беднасці людзям было цікавае мастацтва. Бацька ў мяне сам з Бешанковіцкага раёна, а маці  — з Гатчынскага, пад Ленінградам. Да вайны яна вучылася ў педагагічным вучылішчы ў Ленінградзе, дзе іх і танцам вучылі, і на гітары яна іграла — ведала, карацей, што такое культура і мастацтва. Малой я перамалёўвала розныя прыгожыя этыкеткі з прадуктаў, якія бацька развозіў па Віцебску, алейнай фарбай для падлогі малявала “Тры багатыры”, Леніна, аўтапартрэты. У пятым класе бацькі адвялі мяне ў гурток у Дом піянераў. Потым у спартыўным лагеры мне пашчасціла пазнаёміцца з Міхаілам Мацвеевічам Жураўковым, дырэктарам 3-й віцебскай школы, які сам быў мастаком. Ён даў мне магчымасць упершыню памаляваць сапраўднай алейнай фарбай для карцін — задавальненне ад гэтага я атрымала неверагоднае! Іншы мастак параіў мне студыю для самадзейных аўтараў Дзмітрыя Паўлавіча Генеральніцкага, вядомага віцебскага педагога, мастака, скульптара — і вось гэта ўжо прадвызначыла мой лёс. Мне ўвогуле тады шчасціла на сустрэчы з захопленымі людзьмі, якія мяне падтрымлівалі, накіроўвалі. Генеральніцкі сваёй справе быў адданы, і вучыў нас як прафесійных мастакоў.

/i/content/pi/cult/851/18074/6_2.jpg

“Тэатр”. Імітацыя вітража.

— Мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага ўніверсітэта быў таксама прадвызначаны, пра іншыя прэстыжныя ВНУ не думалі?

— Я адразу ведала, што пайду туды, бо грошай, каб ехаць і жыць у іншым горадзе, у нашай сям’і з хворай маці і трыма дзецьмі не было. Настаўнікі адгаворвалі мяне — маўляў, гэта ж педагагічны інстытут, і потым ты пойдзеш працаваць у школу, а табе трэба вышэй! Але вучыцца і там было цікава, хаця, канешне, ужо не так цікава, як у дзяцінстве, як у студыі Генеральніцкага.

— Менавіта ў інстытуце пачалося ваша захапленне акварэллю?

— У тым, што я захапілася акварэллю, вінаваты Фелікс Гумен. Спачатку ж я вучылася ў Івана Міхайлавіча Сталярова — добрага класічнага майстра, у якога была любімай вучаніцай і які надзвычай цаніў, напрыклад, як ідэальна натуралістычна я магла падбіраць колеры. А тут з’явіўся новы выкладчык Гумен, усяго на чатыры гады за мяне старэйшы — малады, прыгожы, шалёна таленавіты, які адыходзіў ад стандартаў і ствараў такія эфектныя рэчы! Падобнага мы раней не бачылі, і таму мастацтва Гумена паўплывала на нас проста знішчальна — усе адразу захацелі пісаць так, як ён. І дзяўчыны да яго няроўна дыхалі, нават з іншага аддзялення прыходзілі падглядаць праз дзверы. Па выніку ён стаў кіраўніком маёй дыпломнай работы, бо яна была ўжо занадта наватарскай для прыхільнікаў традыцый. Потым мы з мужам-мастаком сябравалі з Гуменам. Праўда, маім непасрэдным выкладчыкам Фелікс не быў, я з ім толькі на пленэры месяц папрацавала, і думаю, што дзякуй богу, — бо ўсе захоплена пачыналі пісаць так, як настаўнік, і ўсе аднолькава. Але мая галава заўсёды добра працавала, я разумела, што трэба думаць уласным розумам, і сама сябе выцягвала з гэтых паўтораў і ўплываў.

/i/content/pi/cult/851/18074/6_3.jpg

“Двое супроць навалы”. Папера, метал, тканіна, дрэва.

— І як доўга вы пазбаўляліся ўплываў, шукалі ў мастацтве менавіта свой, непаўторны стыль?

— Спатрэбілася ажно некалькі гадоў. А гэта я ўжо была членам Саюза мастакоў — мяне прынялі ў 27 гадоў, амаль палову веку таму. З аднаго боку я ўсё ж прыроджаная натуралістка, але з другога — не магу стаяць на месцы і быць як усе. Калі ўжо нешта засвойвала так, што пачынала паўтарацца, імкнулася далей. Займалася тады, напрыклад, партрэтамі, а ў нейкі момант зразумела, што больш не хачу, што натуралізм і падабенства — яшчэ не зусім творчасць. Так і кінула партрэты і занялася абы чым. (смех) У сэнсе, пачала шукаць колеры. Адна справа — колер натурны,
праўдзівы, іншая — калі ты яго прыдумваеш: вось тут ужо пачынаецца сапраўдны жывапіс. Цяпер нікога не здзівіш сінім ці зялёным тварам, а калі недзе ў сярэдзіне 70-х у Віцебску я пачынала так рабіць, гэта лічылася нечым экстрэмальным — што яна творыць? Цяпер жа я дайшла да таго, што ўвогуле натуру не выкарыстоўваю, пішу без натуры.

/i/content/pi/cult/851/18074/6_4.jpg

“Прысвячэнне Марку Шагалу”. Акрыл, алейная фарба.

— Розныя эксперыменты і так званае сучаснае мастацтва прынята лічыць справай маладога пакалення. Але вы і зараз, можна сказаць, у авангардзе…

— Я змяняюся ўвесь час. Усё ідзе ад устаноўкі, якую даеш сабе па жыцці. Яшчэ на “худграфе” я бачыла, як многія, нават таленавітыя людзі, не лічаць ганебным паўтараць за кімсьці. А я тады ўжо дала сабе клятву, што ніколі такога рабіць не буду. І ў сваіх пошуках часам сапраўды пакутвала. Вось чаму не люблю частыя выстаўкі — твор павінны саспець, мастак павінны яго нарадзіць менавіта што ў пакутах. Калі нешта атрымліваецца лёгка і проста, трэба тэрмінова кідаць гэты занятак. Значыцца, ты не расцеш, твой розум пусты, а душа адпачывае.

Так аднойчы я зразумела, што мне ўжо надакучыла пісаць звычайныя акварэлькі. З’ездзіла ў Германію, дзе ўбачыла вялізныя палотны Кіфера, Раўшнберга, Твомблі. І падумала — а чаму я раблю ўвесь час адно і тое ж, чаму толькі маленькія акварэлі? — Трэба лезці на сцены! І пачала ствараць грандыёзныя акварэльныя работы, нават памерам
паўтара метра на восем метраў.

— І дзе гэтыя карціны знаходзяцца зараз?

— Нешта ёсць у музеі ў Віцебску. А нешта, пасля сур’ёзнага кансіліума мастацтвазнаўцаў і спецыялістаў, з вялікага шэрагу прызнаных мастакоў абралі для сябе багатыя калекцыянеры ў Маскве. Хоць і былі карціны месцамі нават падраныя, а новым уладарам потым трэба было яшчэ сур’ёзна ўкласціся ў іх афармленне, але купілі менавіта мае гіганцкія акварэлі. Цяпер яны ўжо недзе ў Германіі. Наша вядомая мастацтвазнаўца Людміла Вакар проста патрабавала ад мяне, каб я неяк вярнула назад тыя свае работы, бо лічыць іх шэдэўрамі. Але цяпер яны каштуюць ужо вялікіх грошай, гэта нерэальна. Дык яна казала — хаця б перамалюй наноў! (смех) А тады ад нашага мастацкага асяроддзя я часта чула, што гэта ўвогуле не акварэль, гэта занадта вяліка, і тэхніка дзіўная, ды яшчэ і абстракцыянізм! Дастаткова мяне падзяўбалі. Затое цяпер усе хваляць і перш-наперш пытаюцца, дзе мае “знакамітыя” акварэлі.

— А з акварэллю вы, як заняліся трэш-артам, ужо канчаткова развіталіся?

— Я, здараецца, і зараз пішу. Але для гэтага мне трэба яшчэ месца знайсці, бо і для жыцця яго ўжо не хапае. Майстэрня ў 30 метраў уся занятая работамі, як і кватэра, — яшчэ ж і скульптуры! Неяк у сваёй малюпасенькай прыхожай я тры месяцы праціскалася праз вялікага двухметровага каня, на якім сядзіць коннік з двума тварамі і лукам у руках — увесь з рамянёў, рэек, палак, з лямпачкамі ў вачах. Кожны раз, як я праціскалася, ён так на мяне паглядаў, што ў мяне мароз ішоў па скуры! (смех) А ля ложка ў мяне стаяла гіганцкая дзяўчына.

Трэш-артам, мастацтвам стварэння скульптур з самага рознага, што знойдзецца пад рукой, я захапілася ўжо гадоў 20 таму. І гэта апынулася надзвычай захапляльна! Мне надакучыла маляваць, і вось прыйшло да мяне такое дзіва, як трэш-арт, якое цяпер нічым не абмяжоўвае маю фантазію. Але ж і ў ім ёсць розныя напрамкі. Напрыклад, можна зрабіць курачку ці мядзведзя з якіх-небудзь гаек, лыжак і да таго падобнае, і так натуралістычна зрабіць, як быццам гэта сапраўдныя жывёліны. Мне такое нецікава, творчасці ў гэтым няма. А вось калі ты бярэш прадмет, і ён сам задае табе вобраз, тут твая фантазія ўключаецца на ўсю моц. У адной скульптуры можна сумяшчаць што заўгодна — і акварэль, і алейную фарбу, і розныя матэрыялы. На вобраз працуюць формы, колеры, тэкстуры, гісторыі прадметаў. Для мяне гэта проста паўната творчасці. Я думаю, да трэш-арта ў мяне здольнасці яшчэ нават большыя, чым да акварэлі.

— Але ў нашых варунках такое мастацтва не назавеш асабліва папулярным, хаця ў свеце яно ўжо даўно цікавіць вельмі многіх.

— Так, мае скульптуры шмат у чым нязручныя. Іх не вельмі хочуць браць на выстаўкі, бо цяжка перавозіць, яны і вялікія, і падчас з крохкіх матэрыялаў, і гэтак далей. Але неяк завіталі на маю пастаянную экспазіцыю ў Музеі сучаснага мастацтва шведскі мастак з жонкай-мастацтвазнаўцам. Дык так уразіліся, што праз год прыехалі і купілі вялікую двухметровую скульптуру, і ўсё клічуць і клічуць мяне ў Швецыю. Гэтак жа выпадкова чалавек з Эстоніі пабываў на выставе, і потым два гады запар эстонцы прысылалі грузавую машыну і вазілі мяне з маімі скульптурамі ў Эстонію. Ды й тут мяне ж нехта цэніць — ёсць і мастакі, і мастацтвазнаўцы, і вучні, якіх за гады выкладання на “худграфе” і ў мастацкай школе было нямала. Але ж каб на цябе звярталі ўвагу, трэба хадзіць па ўстановах, па музеях, трэба сябе прасоўваць — піяр неабходны. Сама я гэтым займацца не буду. Я ўсё жыццё жыву вельмі сціпла, і гэта мой уласны выбар. Мне не хочацца падладжвацца, не хочацца рабіць тое, што будзе добра прадавацца ці што будуць хваліць. Я раблю толькі тое, што мне цікава і што я лічу добрым. Мне цяжка дагадзіць самой сабе. Я столькі работ за жыццё знішчыла! Усю раннюю творчасць, напрыклад, цалкам. Калі працую, я быццам у агні ўся, за кожны новы твор так перажываю, што нават па начах устаю і нешта перарабляю. І вось у гэтым для мяне сэнс — у радасці творчасці.

Фота з уласнага архіва Валянціны Ляховіч