Гісторыя падзелу, змагання і ўз’яднання

№ 21 (1512) 22.05.2021 - 29.05.2021 г

19 мая на базе Нацыянальнага гістарычнага музея адбыўся рэспубліканскі семінар, арганізаваны Міністэрствам культуры, па вызначэнні падыходаў і канцэпцый адлюстравання падзей міжваеннага часу ў гісторыі Беларусі. Асаблівая ўвага была нададзеная перыяду знаходжання Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы ў міжваенныя дзесяцігоддзі і абставінам яе ўваходжання ў склад Савецкага Саюза. У семінары прынялі ўдзел кіраўнікі абласных метадычных цэнтраў, музеяў і бібліятэк.

Да семінара прымеркаваная таксама выстава са збораў музея і іншых музейных ды архіўных устаноў, на якой можна пабачыць арыгінальныя прадметы і дакументы, звязаныя з міжваеннай гісторыяй Заходняй Беларусі і падзеямі 1939 года. Так, тут прадстаўленыя матэрыялы, прысвечаныя арганізацыі часовага кіравання ў далучанай да СССР Заходняй Беларусі — фотаздымкі, газеты, афіцыйныя дакументы органаў улады, творы выяўленчага мастацтва тагачасных падзей. Адна з вітрын змяшчае прадметы і дакументы, звязаныя з арганізацыяй выбараў у Народны сход Заходняй Беларусі — агітацыйныя матэрыялы, датычныя гэтых падзеяй, і выбарчы бюлетэнь.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў семінара звярнулася начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ірына Карповіч, якая адзначыла, што найбліжэйшым часам мяркуецца ўсталяванне Дня яднання. Пакуль адбываецца вызначэнне даты, калі мусіць адзначацца гэтае свята. Найверагодней, гэта можа быць дата 17 верасня, калі адбылося фактычнае далучэнне Заходняй Беларусі да БССР. Таму гісторыя міжваеннага перыяду і існавання Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы, безумоўна, мае быць шырока і ўсебакова прадстаўленая ў экспазіцыях музеяў, у праектах бібліятэк і іншых установах культуры.

Рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Даніловіч выступіў з дакладам, у якім раскрыў нюансы і абставіны, звязаныя са знаходжаннем Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы і яе наступным уваходжаннем у склад Савецкага Саюза, разгледзеўшы гэтыя гістарычныя працэсы і рэаліі ў кантэксце сусветнай гісторыі. Гісторык адзначыў, што ў 1921 годзе беларусы спазналі трагедыю раз’яднання. Рыжская мірная дамова, паводле якой краіна была падзеленая надвое, а Заходняя Беларусь увайшла ў склад Польшчы, была падпісаная без удзелу беларускай дэлегацыі, а ў складзе польскай дзяржавы беларускае насельніцтва зазнавала ўціск і дыскрымінацыю па нацыянальнай прыкмеце.

Таксама Вячаслаў Даніловіч падкрэсліў, што, нягледзячы на пэўную неадназначнасць і складанасць дадзенай тэмы, падзеі, звязаныя з уз’яднаннем Заходняй Беларусі і БССР, неабходна разглядаць з уласнага нацыянальнага пункту гледжання, як працэс, у выніку якога была адноўленая гістарычная справядлівасць, а дзве падзеленыя часткі беларускага народа здолелі аб’яднацца.

Таксама важна адзначыць, што дзень уз’яднання 17 верасня ўжо адзначаўся як святочны ў 1940 годзе, але пасля Вялікай Айчыннай вайны гэтая дата адышла на другі план і не святкавалася так маштабна. Такая сітуацыя доўжылася да 1989 года, калі група ветэранаў Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі на чале з народным паэтам Беларусі Максімам Танкам выступілі з прапановай зноў усталяваць Дзень уз’яднання ў якасці святочнага, але адзначыць яго паспелі толькі аднойчы, у 1990 годзе, да распаду СССР. Сёння ў нашай краіне да ідэі адзначэння гэтай сімвалічнай даты вяртаюцца зноў.

Дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Аляксандр Храмой, загадчык аддзелам пісьмовых і выяўленчых крыніц Надзея Саўчанка, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела сучаснага беларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Вольга Архіпава і малодшы навуковы супрацоўнік аддзела партызанскага руху Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Канстанцін Навуменка распавялі аб артэфактах, звязаных з міжваеннай гісторыяй Заходняй Беларусі, якія захоўваюцца ў фондах музейных устаноў, а таксама аб прэзентацыі гэтага перыяду ў экспазіцыях і іншых музейных праектах.

Матэрыялы семінара будуць выкарыстаныя ў далейшай працы работнікаў сферы культуры для асвятлення гісторыі нашай дзяржавы ў 1920 — 1930-ыя гады.