Орша — “Культурная сталіца года”-2022

№ 21 (1512) 22.05.2021 - 29.05.2021 г

20 мая ў горадзе Бялынічы (Магілёўская вобл.) адбылася калегія Міністэрства культуры. Падчас калегіі разглядаліся два пытанні: “Аб арганізацыі работы публічных бібліятэк. Праблемы, перспектывы, шляхі развіцця” і “Аб наданні статусу “Культурная сталіца года” ў 2022 годзе.

/i/content/pi/cult/851/18069/2_1.jpgПа першаму пытанню абмяркоўваліся задачы па камплектаванні бібліятэчных фондаў, перагляду нарматываў і давадзімых паказчыкаў, працы бібліёбусаў, кадравага забяспячэння і пашырэння пазабюджэтных даходаў.

Міністр культуры Анатолій Маркевіч адзначыў, што дзейнасць публічных бібліятэк Рэспублікі Беларусь накіравана на максімальна поўнае задавальненне інфармацыйных і сацыякультурных патрэбнасцей насельніцтва.

Падчас калегіі было вырашана забяспечыць мэтавыя паказчыкі, устаноўленыя Дзяржаўнай праграмай “Культура Беларусі” на 2021-2025 гады.

Вялікая ўвага надавалася і тэмпам інфарматызацыі бібліятэчнай сферы.

На сённяшні дзень усе абласныя, практычна ўсе цэнтральныя бібліятэкі і асобныя бібліятэкі-філіялы маюць уласныя сайты, прадстаўляючы на іх свае рэсурсы, аказваючы інфармацыйна-бібліятэчныя паслугі ў аддаленым рэжыме.

Тым не менш, відавочна, што ў цяперашніх умовах пытанне поўнай інфарматызацыі бібліятэк становіцца асабліва актуальным і будзе дапрацоўвацца ў бліжэйшай перспектыве.

Для вырашэння наяўных праблем прапанавана забяспечыць стварэнне на базе абласных бібліятэк рэгіянальных цэнтраў па аблічбоўцы бібліятэчных дакументаў, абсталяваўшы іх неабходнай тэхнікай і праграмным забеспячэннем. Нацыянальнай бібліятэцы падрыхтаваць метадычную дапамогу для паспяховай рэалізацыі гэтага праекта.

Важнай задачай з’яўляецца і павелічэнне долі пазабюджэтных паступленняў, што дасць магчымасць павысіць заработную плату работнікам, а таксама накіраваць сродкі на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў. Для гэтага неабходны новыя падыходы па арганізацыі работы бібліятэк, ўкараненне сучасных відаў і формаў абслугоўвання насельніцтва і прыцягнення чытачоў у бібліятэку.

Другім пытаннем, што разглядалася на калегіі, было пытанне прэзентацыі гарадоў-прэтэндэнтаў на прысваенне звання “Культурная сталіца года” ў 2022 годзе.

Нагадаем, што Рэспубліканская акцыя «Культурная сталіца года» праводзіцца з 2010 года. Мэтамі акцыі з’яўляецца прэзентацыя культурнай самабытнасці гарадоў і рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь, стварэнне праз сферу культуры ўмоў для іх сацыяльна-эканамічнага развіцця.

Міністэрствам культуры былі разгледжаны пададзеныя заяўкі і прэзентацыйныя матэрыялы на наданне статусу “Культурная сталіца года” ад 6 гарадоў розных абласцей нашай краіны. Уладальнікам гэтага статусу ў 2022 годзе, па рашэнні членаў калегіі, стаў горад Орша.