Квіз, квэст, крэатыў!

№ 21 (1512) 22.05.2021 - 29.05.2021 г

І зноў “Ноч музеяў”
Ад заходу сонца і да раніцы, — у ноч з 22-га на 23-е мая, — беларускія музейныя работнікі сустрэнуцца са сваімі самымі адданымі наведвальнікамі. Традыцыйная Ноч музеяў на Беларусі расшыфруе той таямнічы шэраг сюрпрызаў на розны густ, які чакае гледача ў падарожжы па начной Музейнай Краіне. Як па Млечным Шляху...

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь прапануе наведвальнікам унікальную магчымасць у камфортнай атмасферы і цішыні быць “Сам-насам з мастацтвам”, прайсціся па залах Мастацкага.

/i/content/pi/cult/851/18068/1_10.jpg

У Гарадской мастацкай галерэі твораў Леаніда Шчамялёва будуць праходзіць квэст і займальныя рэбусы па выставе жывапісу і графікі “Праз церні да зорак. PER ASPERA AD ASTRA”, прысвечанай жыццю і творчасці народнага мастака Беларусі, а таксама іншыя мерапрыемствы, у тым ліку: дэма-клас у рамках выставы “Акварэльныя адкрыцці” і кінасалон “Падарожжа па незвычайных музеях”.

У Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь культурная акцыя пройдзе пад назвай “Музей — ты космас”.

У Палацы мастацтва арганізатары запрашаюць гледача на адкрыццё адразу трох экспазіцый: персанальнага праекта Канстанціна Селіханава “Унутраны назапашвальнік”, выставы работ беларускіх мастакоў “Пакуль ніхто не бачыць” і выставы “Галасы” Анастасіі Рыдлеўскай.

У Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку “Нясвіж” у рамках акцыі ў экспазіцыі Палацавага ансамбля будзе праходзіць анімацыйная праграма “Па залах і эпохах”.

Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа прапануе насычаную праграму “Адзін на адзін з паэтам”. Гэтым разам госці Дома Коласа змогуць здзейсніць займальнае падарожжа па інтэрактыўных пляцоўках і нібы паразмаўляць з паэтам пра жыццё, творчасць, гісторыю, музыку…

У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы гасцей чакае інтэрактыўная праграма, а таксама квэст “Таямніцы Купалавага дома” і прагляд спектакляў па п’есах Купалы.