...і кветкі “а-ля” Ніна Бохан

№ 20 (1511) 15.05.2021 - 21.05.2021 г

Як ажываюць маляваныя дываны
Амаль два гады пошукаў, знаходак — і, нарэшце, “ажыла” выстава “Маляваныя дываны Ніны Бохан”. Спачатку яна адкрылася ў Смаргонскім гісторыка-краязнаўчым музеі, а потым перакачавала ў Варнянскі Дом культуры. А ўсё пачалося з таго, што на адным са смаргонскіх мерапрыемстваў сябра этнаграфічнага таварыства Аляксей Крукоўскі, які ў 2018 годзе ўдзельнічаў у этнаграфічнай экспедыцыі па Смаргоншчыне, расказаў мне пра маляваны дыван. Яго знайшлі ўдзельнікі экспедыцыі ў вёсцы Лісічына. Ніхто на той час не ведаў аўтара работы. Не ўстаноўлены ён і дагэтуль. Затое лісічынская знаходка дала магчымасць адкрыць новае імя ў свеце інсітнага мастацтва.

/i/content/pi/cult/850/18061/20.jpgЧалавек-фантом

Месяцы праз чатыры пасля знаёмства з лісічынскай маляванкай я пачула пра Ніну Бохан — ад знаёмай швачкі, якая з дзяцінства помніла гэту незвычайную жанчыну. З таго часу пачала вывучаць жыццёвы і творчы лёс мастачкі, шукала па людзях яе работы ў Смаргонскім і Астравецкім раёнах, Аляксей Крукоўскі “штудзіраваў” Маладзечаншчыну і розныя архіўныя крыніцы. Пазней увесь матэрыял пра мастачку быў сабраны, ён увайшоў у кнігу “Самародкі”, якая пабачыла свет напрыканцы 2020 года.

На думку Аляксея Крукоўскага, самабытную мастачку Ніну Бохан, якую людзі называлі Боханіхай, можна лічыць чалавекам-фантомам. Гэта здаецца неверагодным, але не засталося дакументальных сведчанняў яе жыцця. У жанчыны не было пасведчання аб нараджэнні, у царкоўных запісах пазначаны даты жыцця ўсіх членаў яе сям’і, акрамя Ніны. Яна не мела пашпарта. Ні ў смаргонскай бальніцы, дзе памірала, ні ў органах унутраных спраў няма дакументальных пацвярджэнняў смерці, ніхто не ведае, дзе яна пахавана. І гэта ў Савецкім Саюзе, дзе дакументавалася ўсё і пра ўсіх.

Ці была яна ўвогуле, наіўная мастачка Ніна Бохан? Была! Пра гэта сведчаць сваякі мастачкі, якія добра ведаюць пра яе гаротнае жыццё, рэдкія фотаздымкі, распавядаюць людзі з Маладзечанскага, Смаргонскага, Астравецкага раёнаў. Яны добра памятаюць пра Боханіху, якая пасля вайны хадзіла па вёсках і малявала дываны, настольнікі, распісвала люстэркі, шкло на дзвярах, сцены хат і ўвогуле ўсё, што прасілі. Яе вандраванні скончыліся ў пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя.

Амаль у кожнай хаце — след

Ледзь не ў кожнай хаце заставаўся рукатворны след таленавітай мастачкі, але, на вялікі жаль, да нашага часу захавалася няшмат яе работ. У творчасці Боханіхі пераважалі прыродныя матывы — яна малявала аленяў, лебедзяў, дрэвы, кветкі.

Застаецца не толькі напісанае, але і намаляванае. На выставе прадстаўлены работы самой Ніны Бохан, што былі знойдзены на тэрыторыі Смаргонскага, Астравецкага і Маладзечанскага раёнаў, а таксама маляванкі са Смаргоншчыны, аўтарства якіх дакладна не ўстаноўлена. Экспазіцыя дапоўнена відэаматэрыялам, багатым фотаархівам (у тым ліку работ мастачкі, што былі на сценах дома, які знеслі амаль дзесяць гадоў таму, але па шчаслівай выпадковасці засталіся ў архіве фатографа Сяргея Лескеця) і іншымі цікавымі экспанатамі. Усе яны прадстаўлены шырокай аўдыторыі ўпершыню.

Мара аб ідэальным

Наталля Чырвонцава, выкладчыца малюнка, жывапісу, тэорыі арнаменту Маладзечанскага музычнага каледжа імя Агінскага, якая прысутнічала на адкрыцці выставы ў Смаргоні, зазначыла: “Мастацтва Ніны Бохан цёплае i ўтульнае. Творы нясуць радаснае святло мары аб iдэальным, райскiм iснаваннi на зямлi. Поўныя годнасцi аленi, iльвы, мядзведзi, рысi, зайчыкi iснуюць разам. Нават паляўнiчы са смешнай стрэльбай, здаецца, не жадае нiкога забiць. Жаночая душа ўвасабляецца ў кветках. Якая ж у Нiны яна шчодрая, моцная! Хараство i разнастайнасць кветак уражваюць: ружы, пiвонi, фiялкi, ландышы. Напiсаны з вялiкай любоўю, нейкiм вельмi тонкім, трапяткім пачуццём. Здаецца, Нiна сама захацела з’явiцца з небыцця, каб падзяліцца гэтай прыгажосцю. Дзякуй усім добрым людзям, якiя за такi невялiкi час зрабiлi вельмi важную справу — адкрылі новае iмя ў беларускiм iнсiтным мастацтве”.

Выхавацелька смаргонскага дзіцячага сада № 8 Эдзіта Бранцэвіч паводле твораў Ніны Бохан стварыла самаробную кнігу казак, маляванак, развіваючых гульняў для малых.

“Тэхніка, у якой працавала Ніна Бохан, лічыцца наіўным мастацтвам… Наіўнае, але не прымітыўнае. У кожнай рабоце ёсць душа, — лічыць Эдзіта Эдуардаўна.

Яе дачка Дзіяна, пачынаючы дызайнер, таксама прасякнулася творчасцю зямлячкі — і стала шыць торбачкі з выявамі работ мастачкі (на выставе іх можна ўбачыць), а для маці зрабіла прыгожую льняную сукенку з кветамі “а-ля Ніна Бохан”.

Партрэт да імянін

На экспазіцыі можна пабачыць копію работы (у натуральную велічыню), якую напісала гомельская мастачка Святлана Наздрын-Платніцкая. Яна выпадкова знайшла інфармацыю пра Ніну Бохан на сайце смаргонскай раённай газеты “Светлы шлях”. Гісторыя самабытнай творцы моцна ўразіла Святлану. На працягу двух месяцаў яна стварала партрэт Ніны Бохан, завяршыла работу 27 студзеня 2021 года — якраз да імянін Святой Ніны.

Згадка да згадкі, успамін да ўспаміну — і, магчыма, агульнымі намаганнямі цалкам вымалюецца карціна жыцця і творчасці чалавека-фантома — мастачкі-самавучкі Ніны Бохан. А тое, што ўжо сабрана на гэты час, можна пабачыць на выставе ў Варнянскім Доме культуры.

Галіна АНТОНАВА

Смаргонь

Фота з архіва аўтара