Загінуўшых чакаюць вечна...

№ 15 (1506) 10.04.2021 - 16.04.2021 г

Мемарыял у вёсцы Доры як сімвал усяленскага смутку
...Усё далей і далей ад нас Вялікая Айчынная. Хутка будзе восемдзясят гадоў з дня яе трагічнага пачатку і семдзясят шэсць — з дня яе пераможнага заканчэння. Але вось з часам яна нібы зноў пачынае набліжацца да нас і зноў асэнсоўваецца нечакана востра, і ўсё больш пранізліва... І так кожны год: асабліва ў светлыя дні майскай Нікі — багіні Перамогі, а потым — чорнага дня 22-га чэрвеня, калі мы, нашчадкі тых, хто не вярнуўся з вайны, моўчкі падымаем бакал з чырвоным, як кроў, віном...

/i/content/pi/cult/845/17975/Kultura-15-page-15SS.jpgСёння мой герой — франтавік, беларускі скульптар Мікалай Кандрацьеў, стваральнік вядомай скульптурнай шматфігурнай кампазіцыі “Загінуўшых чакаюць вечна”, якая ўсталявана ў вёсцы Доры Валожынскага раёна Мінскай вобласці. Мікалай Іванавіч добра ведаў, што такое вайна. У 1943-м 18-гадовы юнак пасля пяхотнага вучылішча пайшоў на фронт. У роце ПТР 2-й гвардзейскай мехбрыгады ён, гвардыі малодшы сяржант, быў нумарам першым. Ноччу 25 студзеня 1945-га ў раёне возера Балатон прыйшоў загад камандавання: аддзяленню аўтаматчыкаў, куды ўваходзіў і Мікалай, правесці разведку боем, выклікаць варожы агонь на сябе і прымусіць праціўніка дэмаскіравацца. Заданне было выканана, але ў час моцнага мінамётнага абстрэлу Кандрацьева цяжка параніла… Мала хто верыў, што ён выжыве. Але — выжыў. Некалькі месяцаў знаходзіўся ў шпіталі. І толькі напрыканцы верасня, атрымаўшы “белы білет”, дэмабілізаваўся ды вярнуўся дадому ў Сібір. Родным пашанцавала: бацькі дачакаліся сына, хаця і інваліда, але жывога. У адрозненне ад тых жанчын, якія так і не сустрэлі пасля Перамогі сваіх любімых мужчын-франтавікоў...

Скульптурная кампазіцыя “Загінуўшых чакаюць вечна” — гэта, на мой погляд, лепшая работа ў творчасці Мікалая Кандрацьева, у якой мастак расказаў пра ўдоў-салдатак, беларускіх мацярок, жонак, якія не дачакаліся сваіх блізкіх, але заўсёды верылі, што тыя вернуцца…

Аднак гаворка тут ідзе не толькі аб канкрэтнай трагедыі маленькой вёсачкі Доры, але і пра тое, пра што вось ужо колькі гадоў думаюць і за што змагаюцца людзі добрай волі: як зберагчы свет ад новых жудасных ваенных катастроф…

Думаюць, бо не паддаецца і сёння лагічнаму тлумачэнню тое, як жа можна было вытрываць звярыную навалу карычневай чумы, што звалілася ў гады вайны на мільёны мірных жыхароў, перажыць зверствы, здзейсненыя крывавымі рукамі фашысцкіх нелюдзей-карнікаў і паліцаеў-галаварэзаў? Што тут казаць... Шмат хто не перажыў. Цяпер ужо ўсе ведаюць, што толькі ў адной шматпакутнай Беларусі кожны трэці жыхар ляжыць у зямлі сырой ці ператварыўся ў попел спаленых вёсак і хутароў, або невядома дзе прапаў без вестак.

Удовы салдацкія… Божа, колькі іх было пасля вайны… Тысячы, дзясяткі тысяч? Мільёны? А колькі дзяцей-сірот засталіся без бацькоў?.. Трэба сказаць, што такая тэма для выяўленчага мастацтва, асабліва для скульптуры, — няпростая, неардынарная. У яе распрацоўцы лёгка збіцца на ілюстрацыю, апісальнасць, больш даступную, хутчэй, для літаратурнага апавядання ці кінематографа (успомнім хаця б клімаўскі фільм “Ідзі і глядзі”). Але мастаку і ў выяўленчай прасторы ўдалося знайсці пераканаўчы сінтэз трагічнай рэальнасці, якая адбылася ў Дорах у 1943 годзе, і сімвалічнай абагульненасці вялікай нацыянальнай драмы, якую зазнала ўся Беларусь у гады фашысцкай акупацыі.

...Цікавае нараджэнне задумы твора. Неяк, у канцы 1970-х, скульптару давялося пабываць на Брэстчыне. У Бярозаўскім раёне яму паказалі хутар Равяцічы, на якім вось ужо шмат гадоў жылі адны салдацкія ўдовы. Калгас на той час даўно пашырыўся, стаў багатым. Але, нягледзячы на настойлівыя просьбы калгаснага кіраўніцтва, жанчыны не перабіраліся на добраўпарадкаваную цэнтральную сядзібу, не пакінулі тое месца, адкуль яны праводзілі на фронт сваіх дарагіх мужчын...

З гэтага і пачалося. Неаднойчы заходзіў Кандрацьеў да іх у хаты. З куфра ці з-за бажніцы дастануць яны скруткі, у якіх — пажоўклыя аркушыкі “Загінуў смерцю храбрых” і жоўтыя франтавыя трохкутнічкі. Адразу назавуць населены пункт, дзе загінуў муж, сын ці брат. А ў іншых і пісьма не засталося… “Калі я сустрэўся з імі ўпершыню, — расказваў Кандрацьеў, — усю ноч потым не мог заснуць, усхваляваны ўбачаным, глыбінёй ды прастатой праўды характараў гэтых жанчын. І мне стала зусім ясна, што вялікі подзвіг іхні — не толькі ў звышчалавечай працы ў тыле, у супраціўленні на акупаванай тэрыторыі або ў складзе Чырвонай арміі, але і ў гэтым святым чаканні. А калі нарадзілася задума выставачнай скульптурнай групы, я ўжо ведаў: буду рэзаць яе ў дрэве і толькі ў дрэве — цёплым, жывым, трапяткім… Але дзе ўзяць патрэбную пароду?.. Мая задума нікога не пакінула абыякавым. Першымі на просьбу адгукнуліся кіраўнікі Дзяржынскага райкама партыі. Дзякуючы ім я прывёз у Мінск стогадовыя ліпы — дуплаватыя, якія чакалі высечкі. Вось так была створана работа... У пачатку 80-х я падараваў гэты твор Беларускаму музею гісторыі Вялікай Айчыннай вайны”. Сёння тая першапачатковая кампазіцыя у дрэве па праву перайшла ў пастаянную экспазіцыю новага будынка музейнай ўстановы на праспекце Пераможцаў.

/i/content/pi/cult/845/17975/Kultura-15-page-15S.jpg

“А потым, — працягваў свой расказ Кандрацьеў, — маю драўляную скульптуру ўбачылі кіраўнікі калгаса “Чырвоны сцяг” Валожынскага раёна і тут жа прапанавалі ўсталяваць яе ў іхняй вёсцы Доры, для чаго мне патрэбна было павялічыць памеры ўсіх пяці фігур журботных жанчын да чатырох метраў і адпаведна адліць іх у бронзе. Вось так разам з архітэктарамі Вольгай Уладыкінай і Станіславам Федчанкам нарадзіўся праз 13 гадоў гэты помнік”.

Гістарычная фактура тут была такая. Мемарыял адкрылі ў 1991-м, роўна 30 гадоў таму на месцы Свята-Пакроўскай царквы, якую спалілі фашысты разам з 257 жыхарамі. Трагедыя здарылася ўвечары 22 ліпеня 1943 года. Гітлераўцы сабралі ўсіх жыхароў вёскі Доры і падзялілі іх на дзве групы: першая, з 57-мі чалавек, павінна была адправіцца ў Германію на прымусовыя работы, а другая, што ўтварылася з дзяцей (іх было 36), старых, жанчын і мясцовага свяшчэнніка, была сагнана ў драўляную царкву, якую тут жа падпалілі з агнямётаў. Уратавацца з больш чым дзвюх соцень ўдалося толькі тром жыхарам. Яны цудам выпаўзлі з палаючай царквы і схаваліся ў лесе…

У 1961-м на падмурку спаленай царквы з’явіўся сціплы памятны знак, а праз трыццаць гадоў тут быў адбудаваны мемарыяльны комплекс — пад той жа самай назвай, што і кандрацьеўская станковая кампазіцыя: “Загінуўшых чакаюць вечна”. Менавіта такія словы і былі выбіты ў бронзе на гранітным камені ля ўвахода ў вёску. Імёны загінуўшых — на стэле, у падножжа якой бронзавыя вянкі. Кампазіцыя створана такім чынам, каб скульптуры і архітэктурныя формы дынамічна спалучыліся з наваколлем, дзе кожны элемент нагадваў пра страшэнную трагедыю вайны. Галоўны элемент мемарыяла гэта, канешне, фігуры жанчын, якія сталі сапраўдным сімвалам мільёнаў драматычных чалавечых лёсаў эпохі мінулай вайны.

…Часта-часта выходзяць яны на дарогу, па якой пайшлі на фронт ды не вярнуліся іхнія мужы, сыны, і чакаюць, з вечнай надзеяй чакаюць: а раптам з’явяцца з-за таго пагорка ці паварота іх салдаты, жывыя і здаровыя, падбягуць, моцна абдымуць, узнагародзіўшы за доўгія гады чакання… Гэтак жа, як чакала з вайны сваіх пяцёх сыноў легендарная беларуска з Жодзіна Анастасія Фамінічна Купрыянава. Чакала, але не дачакалася... Усе загінулі ў баях за Радзіму...

...У Дорах ціха наўкол. І апусціўся ў руках адной салдаткі круглы каравай хлеба, выпечаны для самага дарагога чалавека, а другая, самая мудрая і самая пажылая жанчына з накінутай на плечы хусткай, нібы ўбачыла ўдалечыні свайго мужа-франтавіка… Погляд — знутры: заглыблены, у чаканні, пільны. Не чуваць слоў суцяшэння: кожная задумалася пра сваё, запаветнае. Вось зусім маладая жанчына — відаць, дачка, якая страціла на вайне бацьку: кароткая стрыжка, лёгкая сукенка, каля ног яе — дзіця. Яна зноў рыхтуецца стаць маці, але зноў — у які раз! — прыйшла сёння на дарогу разам са старымі ўдовамі, каб ушанаваць памяць паўшых. Твар яе — спакойны, задуменны, рукі, быццам у малітве, складзены на грудзях і кулачкамі падтрымліваюць падбародак. Што гэта — прадчуванне хуткага з’яўлення на свет новага жыцця? Ці дума пра лёс будучага дзіцяці? Так, Памяць — жывая, і будзе вечна жыць у яе дзецях, унуках, праўнуках… І яшчэ дзве салдаткі: адна, з непакрытай галавой, прыціснула да грудзей салдацкі трохкутнік — франтавую вестачку ад мужа; другая, крыху схіліўшы галаву, перабірае ў хусцінцы старыя лісты. А за імі — тая, з караваем…

...Выпускнік ленінградскай “Рэпінкі”, вучань Міхаіла Керзіна, Мікалай Іванавіч з канца 1960-х назаўсёды звязаў сваё жыццё з Беларуссю, якая стала для яго другой маці-радзімай і крыніцай творчага натхнення. Менавіта Беларусі ён абавязаны ўсім лепшым, што ўдалося зрабіць у мастацтве… Яго скульптурная майстэрня была ў нашым доме № 42 па вуліцы Сурганава. Мне даводзілася вельмі часта бываць у майстэрні ды назіраць, як з-пад разца мастака нараджаліся складаныя кампазіцыі “Набат Перамогі”, “Барозны вайны”, “Памяць”, “Салдацкі ліст”, трыптых “Палеская балада” ды шматлікія партрэты. Тут было ўсё: удачы, няўдачы, сумневы, расчараванні, горыч паражэнняў і асалода творчых перамог. І — шмат эскізаў ды чарнавых праектаў помнікаў.

Ужо прайшло 20 гадоў, як мастака няма з намі, але тое лепшае, што ён паспеў стварыць, назаўсёды застаецца ў выяўленчым летапісу гераічнай барацьбы савецкага народа супраць фашызма.

Барыс КРЭПАК