Камбат вызваляў Варшаву...

№ 3 (1495) 16.01.2021 - 22.01.2021 г

Па слядах успамінаў Віктара Вярсоцкага
17 студзеня 2021 года спаўняецца 76 гадоў з таго памятнага дня, калі войскі 1-га Беларускага фронту, уключаючы байцоў 1-й польскай арміі, вызвалілі сталіцу Польшчы — Варшаву ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Трохдзённы штурм горада каштаваў жыццяў 22-х тысяч савецкіх салдат і афіцэраў, пры тым уласна Польшча згубіла 3 тысячы воінаў. На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў пасля вайны кіраўніцтва Польшчы рэгулярна ўдзельнічала ў афіцыйных мерапрыемствах, прысвечаных памяці савецкіх салдат — вызваліцеляў Варшавы. Аднак у апошнія гады такая важная для суседней краіны гістарычная дата пачынае, мякка кажучы, “губляць сваю памяць”. Пра гэта сведчаць знішчаныя ці апаганеныя там дзясяткі помнікоў і абеліскаў, якія былі ўсталяваны ў гонар савецкіх воінаў. А ўсяго іх загінула ў час вызвалення Польшчы звыш 600 тысяч!

/i/content/pi/cult/833/17773/31.jpgТолькі на адным варшаўскім напрамку не вярнуліся з баёў каля 200 тысяч савецкіх салдат. Аднак пахаваныя “за Віслай соннай Сярожка з Малой Броннай і Віцька з Махавой”, як і тысячы беларусаў, іхніх баявых таварышаў, на жаль, аказаліся для польскіх уладаў не вызваліцелямі... І мне асабіста вельмі балюча, што сёння тыя-сія палітыкі некаторых еўрапейскіх краін спрабуюць сцерці з памяці грамадства інтэрнацыянальны подзвіг Чырвонай Арміі, якая ў 1944 — 1945 гадах цаной велізарных страт вызваліла краіны Усходняй Еўропы ад фашызму. Асабіста мне балюча яшчэ і таму, што мой бацька — чырвонаармеец-мінамётчык — таксама загінуў у полымі той вайны...

Дык чаму я раптам успомніў Дзень вызвалення Варшавы? Справа ў тым, што ў сваім хатнім архіве я знайшоў старыя запісы гутаркі з мастаком-жывапісцам, заслужаным настаўнікам БССР, заслужаным дзеячам культуры Польшчы Віктарам Іванавічам Вярсоцкім. Яго ваенная “адысея” мяне па-сапраўднаму кранула, да таго ж адбылася гэта гаворка ў сувязі з набліжэннем знамянальнай даты — 45-годдзя Перамогі. Падкрэслю, Вярсоцкі, які закончыў вайну ў званні маёра і меў 13 савецкіх і польскіх баявых ордэнаў і медалёў, яшчэ два пасляваенныя гады адслужыў у польскай арміі...

Яго вайна — гэта ўжо вайна пераможцаў. Ён трапіў на фронт у 1944-м, калі ворага гналі з нашай беларускай зямлі. І ўсё ж вайна прыгадвалася яму ад самага яе пачатку.

Віктар Вярсоцкі: “І вось 21 чэрвеня 1941 года. Мы толькі што скончылі школу і ўсю ноч танцавалі пад “Рыарыту” і “Пырскі шампанскага” — выпускны баль адбываўся ў спартыўнай зале школы. Раніцай 22 чэрвеня прыводзілі ў парадак спартзалу, прыбіралі ў класе. Яшчэ не ведалі, што на досвітку першыя нямецкія бомбы былі скінуты на Кіеў, што ў Брэсце, над Бугам, ужо грукоча бой… 23 чэрвеня мы ўсім класам прыйшлі ў ваенкамат і запатрабавалі, каб нас неадкладна паслалі на фронт. На фронт нас, вядома, ніхто адразу не паслаў, а першае баявое заданне нам далі — разносіць позвы… Праз дзень-другі вайна загрукатала і над Гомелем. Страшэнна равуць сірэнамі маторы “лапцёжнікаў” — бамбардзіроўшчыкаў “Юнкерс-87”, лупяць зеніткі, дыміцца ў пажарах горад, узнікае людская паніка. І ва ўсіх на вуснах з’явілася трывожнае слова: эвакуацыя! Мае бацькі разам з заводам “Гомсельмаш” выпраўляліся на Урал, а я вырашыў застацца ў Гомелі і ўступіць у народнае апалчэнне. Бацькі не адгаворвалі, хоць і горка, страшна было развітвацца: хто ведае, можа, назаўсёды? Аднак бяда, што навісла над краінай, над усімі намі, засланяла асабістае...”

У апалчэнні Віктар прабыў месяц, удзельнічаў у пошуках варожых дэсантнікаў і ў абарончых работах. Потым выйшаў загад: усіх юнакоў, якія маюць сярэднюю адукацыю, накіраваць пад Курск, у ваенныя лагеры, дзе фарміраваліся маршавыя роты. Але неўзабаве трапіў у Першае Чырвонасцяжнае ваенна-пяхотнае вучылішча. Хутка быў прызначаны памочнікам камандзіра ўзвода. Вучыцца было цяжка. Дастаткова сказаць, што пяцігадовы курс навучання трэба было прайсці за шэсць месяцаў. З-пад Курска вучылішча эвакуіравалі ў Сяміпалацінск, дзе трашчалі саракаградусныя маразы. А юныя курсанты — у летніх пілотачках, у падбітых ветрам шынельках…

Віктар Вярсоцкі: “Праз пяць месяцаў я выйшаў з вучылішча ў званні лейтэнанта. І… зноў не трапіў на фронт. Накіравалі ў Ташкенцкае мінамётнае вучылішча, прызначылі камандзірам узвода: вучыць навабранцаў. Адтуль — на вышэйшыя стралкова-тактычныя курсы Чырвонай Арміі, якія скончыў на пасадзе камандзіра батальёна. Трапляючы з вучылішча ў вучылішча, я злаваўся, не разумеў, чаму мяне не пасылаюць на фронт. Не хацеў разумець! Мае равеснікі даўно ваююць, а я… Толькі пазней стала ясна, што такой была задума Вярхоўнага камандавання: прафесійна падрыхтаваць кадры камандзіраў для стратэгічных аперацый. Я якраз і падпадаў пад такі вырашальны момант вайны. Ішоў 1944 год. На тэрыторыі Беларусі адгрымела аперацыя “Баграціён”, завяршалася выгнанне фашыстаў з Украіны. Там, на Украіне, я і прыняў сваё першае баявое хрышчэнне ў якасці камандзіра мінамётнай роты. Той, хто быў на вайне, ведае, баявыя задачы мінамётчыкаў. Менавіта яны падтрымліваюць пяхоту агнём у час атакі, яны павінны “гасіць” агнявыя кропкі праціўніка на пярэднім краі, біць па яго пяхоце. Адным словам, мінамётчыкі — у гушчыні бою…”

Праз тры месяцы Віткар Вярсоцкі стаў начальнікам штаба асобнага пяхотнага батальёна, потым — камандзірам пяхотнага батальёна, і ў складзе адной з дывізій Першага Беларускага фронту прыняў удзел у прарыве да берагоў Віслы. А споўніўся яму тады ўсяго 21 год. Па сённяшніх мерках — бязвусы хлапчук. Цяжка сабе ўявіць, але ў гэтым узросце ён быў на правах камандзіра палка — самастойнай воінскай часці, адказваў за лёс і жыццё соцень людзей. Вядома, тое аказалася нялёгка. Нялёгка было прывыкнуць да сваёй адказнасці, а яшчэ цяжэй да таго, што аднапалчане — гінуць. Да канца жыцця Віктар Іванавіч помніў, як у першым жа баі ён страціў аднаго салдата. Для яго гэты адзіны салдат быў сапраўднай трагедыяй. Дакладваў начальству: “Адзін забіты”. А яму ў адказ: “Ну, гэта не страты...” Але ж для маладога камбата-“бацяні” гэта была страшэнная страта.

Віктар Вярсоцкі: “Ніколі не забыць мне той дзень 17 студзеня 1945-га. Нашы войскі вызвалялі Варшаву. Мне з маім батальёнам было загадана фарсіраваць Віслу ў раёне маоста імя Юзафа Панятоўскага. Непасрэдна да моста батальён павінен быў вывесці мой намеснік. А я сам меўся прыбыць туды разам з капітанам Баранкевічам. І вось, памятаю, досвітак, шэрань, ідзе снег, на тым беразе маўклівая, бязлюдная Варшава, дакладней, тое, што ад яе засталося, — суцэльныя руіны. А ля моста — нікога, акрамя мяне і Баранкевіча, няма. Мы вырашалі, што батальён, не дачакаўшыся нас, дзейнічаючы па абстаноўцы, пайшоў наперад, і… удвух увайшлі ў Варшаву. Ідзем — нікога! Ні варшавян, ні немцаў, хоць бой недзе грукоча. Так мы дайшлі да таго месца, дзе цяпер знаходзіцца варшаўскі Палац культуры і навукі. Там, сярод друзу, бітай цэглы, варонак, паваленых бэлек і слупоў, мы ўбачылі двух падлеткаў. Яны загаварылі з намі, пачалі нешта расказваць, а пасля паказалі нам кавалак мыла, на якім выціснуты былі тры літары, якія расшыфроўваліся жудасна: зварана з чалавечага тлушчу. І калі пазней, на Нюрнбергскім працэсе над галоўнымі ваеннымі злачынцамі, было прадэманстравана такое мыла, я прыгадаў сустрэчу з тымі хлапчукамі, прыгадаў Варшаву таго досвітку…”

І яшчэ адна Варшава таго дня запомнілася яму — Варшава, якая радавалася вызваленню і плакала над сваімі мёртвымі. Гэту Варшаву ён і напісаў на адным са сваіх палотнаў. Пасля многа яшчэ было баёў, жорсткіх, бязлітасных, крывавых. Адзін з такіх камбату Вярсоцкаму запомніўся асабліва — бой за прарыў Паморскага вала, дзе немцы пабудавалі магутныя ўмацаванні, нешта накшталт лініі Манэргейма. Штурмаваць вал даводзілася пад суцэльным агнём, літаральна пад дажджом з куль, якія так і вішчэлі ля скроняў. Але ён ужо даўно ведаў, што тая куля, віскат якой ты чуеш, — не твая. Твая жаліць моўчкі…

Жудасны ўспамін Вярсоцкага пра тыя дні  — лагер савецкіх ваеннапалонных, які нашы салдаты пабачылі, ідучы з баямі на Калабжэг. У лагеры не было ніводнага жывога чалавека — адны трупы. Рукі ва ўсіх былі скручаны калючым дротам, раны на галовах і на грудзях сведчылі аб тым, што палонных расстралялі ва ўпор з кулямётаў і аўтаматаў. З яшчэ большай ярасцю і зацятасцю ішоў батальён у новыя баі, не было страху, толькі пачуццё помсты.

Віктар Вярсоцкі: “Аднак самае цяжкае было яшчэ наперадзе — вулічныя баі за Калабжэг (тады ён насіў нямецкую назву Кольберг). Мой батальён атрымаў загад уварвацца ў горад і авалодаць таварнай станцыяй Кольберга, але спачатку мы занялі зыходныя пазіцыі, акапаліся, а глеба там такая, што траншэі адразу напоўніліся вадой. Так трое сутак мы і прасядзелі ў ледзяной вадзе, і, што дзіўна, — ніхто нават насмарку не падхапіў! А праціўнік увесь час трымаў нас пад кінжальным агнём, асабліва ж перашкаджала адна віла на подступах да горада — будынак яе быў пераўтвораны ў добра ўмацаваную агнявую кропку. Каб падавіць яе, патрабавалася прарвацца ў “мёртвую зону” і адтуль закідаць дом гранатамі. Выканаць задачу мелася група дабраахвотнікаў. Вырашалі гэта зрабіць ноччу, калі немцы сцішваюць агонь і наогул адпачываюць: яны ваявалі педантычна, рабілі перапынкі на абед, на начны сон. Браць вілу пайшлі два маладзенькія палякі — выхаванцы нашага батальёна. У цемры хлопцы падпаўзлі да яе, падалі нам сігнал. І ў той жа момант шпурнулі ў вокны гранаты. Гэта дазволіла нам абысці аб’ект з флангаў, нечакана атакаваць праціўніка і ўварвацца ў горад.Так мы апярэдзілі сваіх суседзяў злева і справа на цэлыя суткі, і калі я далажыў, што батальён знаходзіцца ўжо на таварнай станцыі, камандзір дывізіі Шайпак нават не паверыў: “Адкуль ты там узяўся? З неба зваліўся?” За гэтую аперацыю я быў прадстаўлены да ўзнагароды польскім ордэнам (шэраг медалёў і ордэн Чырвонай Зоркі я ўжо меў). За Кольберг адборныя эсэсаўскія часткі трымаліся мёртвай хваткай. Стралялі з кожнага акна, з кожнага гарышча, з кожнай шчыліны. З дома ў дом мы прабіваліся не па вуліцы, а літаральна праз сцены, узрываючы іх гранатамі, каб атрымаўся праход...”

У адным з баёў пры фарсіраванні канала капітан Вярсоцкі быў паранены ў нагу і адпраўлены ў медсанбат, дзе праляжаў шэсць дзён. А потым — уцёк у свой батальён. І камандаваў… на мыліцах. Не мог ён заставацца ў той час, калі пачыналася наступленне на Берлін. І быў шчаслівы, што ўвайшоў у сталіцу гітлераўскага рэйха разам са сваімі байцамі. Праўда, пасля Берліна яго ўсё ж зноў накіравалі ў шпіталь. Там ён і сустрэў 9 Мая 1945 года.

Ды пасля Перамогі служба для Вярсоцкага не скончылася. Шпіталь, у якім ён ляжаў, перавялі ў Польшчу, у горад Быдгашч. Тут нечаканна сустрэў свайго начальніка штаба дывізіі палкоўніка Сіліцкага. Ён фарміраваў новую дывізію і прапанаваў Віктару Іванавічу пайсці да яго начальнікам аператыўнага аддзела штаба, а крыху пазней ён быў прызначаны начальнікам штаба палка. Служыў на тэрыторыі Польшчы. Там жа закахаўся і ажаніўся з прыгожай полькай. Дэмабілізаваўся летам 1947-га і тады ж прыехаў у Мінск. Восенню паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча, хоць яго хацелі паслаць вучыцца ў Ваенную акадэмію. Але яшчэ даваенная мара — стаць мастаком — перамагла.

Віктар Вярсоцкі: “Так адбылося, што маё прызванне ў якасці творцы — мірны лірычны і ўрбаністычны пейзаж. І ўсё ж як мастак я народжаны вайной. Гэта яна абвастрыла мой зрок і мае пачуцці, навучыла даражыць кожнай праявай спакойнага жыцця прыроды — лесу, поля, рэчкі, возера. І я ўпэўнены, што пейзажыст таксама змагаецца за мір, бо славіць зямлю. Трэба зрабіць усё, каб нашы дзеці і ўнукі не ведалі іншых пейзажаў, акрамя мірных...”

Барыс Крэпак

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"