Пакінуў мастацтву запавет...

№ 3 (1495) 16.01.2021 - 22.01.2021 г

На 98-м годзе жыцця 14 студзеня 2021 года пасля цяжкай хваробы памёр народны мастак Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Леанід Дзмітрыевіч Шчамялёў. Беларускі саюз мастакоў, сябры і калегі, уся мастакоўская супольнасць шчыра падзяляе гора, якое напаткала сям’ю мастака, і прыносіць самыя глыбокія спачуванні яго родным, сябрам і блізкім.

/i/content/pi/cult/833/17756/1.jpgПайшоў з жыцця знакаміты беларускі творца. Патрыярх. Легенда айчыннага мастацтва. А разам з ім — цэлая эпоха... Горка і балюча...

Леанід Шчамялёў... Чалавек унікальнага творчага лёсу, які зрабіў велізарны ўнёсак у скарбніцу нацыянальнай выяўленчай культуры. “Мае палотны — мае дзённікі” — часта паўтараў Леанід Шчамялёў. Партрэты балерыны Людмілы Бржазоўскай, мастака Віталя Цвіркі, пісьменніка Якуба Коласа... Гарадскія пейзажы Мінска, Віцебска... Малюнкі з падарожжаў па Сярэдняй Азіі, Поўначы... Сюжэты вяселляў, святаў... А якая казачная вада ў яго жывапісных рэках і азёрах!.. На адным з самых вядомых палотнаў “Нібы ў сне” ён разам з жонкай Святланай узлятае на чароўным скакуне і лунае над роднай Беларуссю...

Леанід Дзмітрыевіч Шчамялёў стаіць у шэрагу тых мастакоў, творы якіх займаюць вызначальнае месца ў выяўленчым мастацтве Беларусі. Яго творчасць называюць летапісам эпохі. Леанід Шчамялёў заўжды шчыра захапляўся краявідамі роднай Беларусі, ствараючы ўзнёслыя, паэтычныя вобразы роднай зямлі і яе жыхароў.

Яго талент быў адметны сваёй жыццядзейнай сілай: мастак быў здольны перадаць сваё ўсхваляванае адчуванне прыгажосці ад кожнага схопленага імгнення, ад сустрэчы з чалавекам, ад беларускіх даляглядаў дзівосна светлымі і яркімі фарбамі. Леанід Дзмітрыевіч пранікнёна любіў жыццё. Якія б тэмы ён не паднімаў, у кожным палатне ёсць эпічнае адчуванне прыгажосці зямлі і чалавека, магутны вобразны пошук, імкненне спазнаць свет, задумацца аб сутнасці гэтага свету.

Ён пакінуў нашаму мастацтву запавет: трэба жыць з шырока адкрытымі вачыма, каб бачыць свет такім, які ён ёсць, і адкрываць іх яшчэ шырэй, каб убачыць свет іншым, чым ён ёсць, і яшчэ шырэй, каб убачыць свет лепшым, чым ён ёсць.

Леанід Шчамялёў шчодра дзяліўся з людзьмі сваёй усхваляванасцю і радасцю. Радасцю, выпеставанай доўгімі гадамі творчага пошуку і працы.

Леанід Дзмітрыевіч Шчамялёў нарадзіўся 5 лютага 1923 года ў Віцебску. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. У баях за Беларусь быў цяжка паранены.

Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча (1952), Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1959). Вучыўся ў Віталя Цвіркі.

Удзельнік мастацкіх выставак з 1958. Працаваў ва ўсіх жанрах станковага жывапісу, бліскучы малявальшчык.

Выкладаў малюнак у Мінскім мастацкім вучылішчы (1959 — 1967) і Рэспубліканскай школе-інтэрнаце музыкі і выяўленчага мастацтва (1967 — 1974).

Шмат разоў быў абраны на кіруючыя пасады Саюза мастакоў БССР (намеснік старшыні праўлення Саюза мастакоў БССР 1977 — 1979 і сакратаром праўлення 1979-1984, старшыня Рады Беларускага саюза мастакоў 2002-2005).

/i/content/pi/cult/833/17756/2.jpgНародны мастак БССР (1983). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1982) і прэміі Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі ў галіне літаратуры і мастацтва (2010). Кавалер ордэна Францыска Скарыны (2001) i многіх іншых узнагарод, у тым ліку ордэнаў “Айчыннай вайны” 1-й і 2-й ступеняў.

/i/content/pi/cult/833/17756/4.jpgЗ 2003 года ў Мінску працуе гарадская карцінная галерэя твораў Леаніда Шчамялёва.

Карціны Леаніда Шчамялёва экспанавалі ў Канадзе, ЗША, Францыі, Італіі, Ізраілі, Фінляндыі, Германіі, Аўстрыі, Іспаніі, іх набывалі вядомыя галерэі і музеі. Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Траццякоўскай галерэі ў Маскве, ва ўсіх абласных краязнаўчых музеях Беларусі.

Ад імя Беларускага саюза мастакоў — Глеб Отчык, старшыня саюза, Наталля Шаранговіч, першы намеснік, Андрэй Басалыга, намеснік старшыні