Бананы для СДК

№ 7 (1446) 15.02.2020 - 22.02.2020 г

“Глыбінкай жыве Беларусь”. Так назвалі свой допіс супрацоўнікі сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Назва цудоўная, бо актуальнасць дадзенай высновы з часам не зніжаецца, а маштабы пашырае. Я зразумеў канкрэтную сітуацыю так: аўтаклуб ажыццяўляе аднайменны праект і абяцае распавесці з гэтай нагоды пра старастаў вёсак, якія з’яўляюцца своеасаблівымі захавальнікамі звычаяў і традыцый сваёй малой радзімы. Ухвальна весці гаворку не пра нейкія абстрактныя паняцці, а пра канкрэтных асоб, на якіх наша вёска і трымаецца! Мая воля, я словы “глыбінкай жыве Беларусь” залатымі літарамі напісаў бы на ўсіх айчынных штандартах дзяржаўных устаноў, каб не забываліся там, што беларускай глыбінцы ўвага ды павага патрэбны. Нашу вёску яшчэ можна выратаваць.

/i/content/pi/cult/785/16923/10_1.jpgТак што больш падрабязней і ўдумлівей пагаворым сёння пра сельскіх людзей, якія ведаюць не з чужых слоў, якой цаной дастаецца хлеб і малако і чаму вёска аджывае сваё. Дзятлаўскія аўтаклубаўцы, да прыкладу, пішуць пра старасту вёскі Хрольчыцы Івана Лазовіка. Ён, дарэчы, сёлета юбіляр: адзначыў у студзені 75-годдзе — равеснік Вялікай Перамогі. Скончыў Навагрудскае вучылішча, працаваў механізатарам. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, за хлебаробскую працу мае шмат узнагарод, вырасціў двух сыноў і дачку, у яго — чатыры ўнукі і пяць праўнукаў. Карацей, чалавек важны і заможны. Старастам Іван Віктаравіч стаў тры гады таму. Аднавяскоўцы любяць яго і паважаюць. “Раней у нас было шмат моладзі, — згадвае стараста, — Збіраліся разам на святы, песні спявалі, танцавалі — весела было. Цяпер толькі сталыя засталіся: ад 60 і старэй.” Моладзь — у горадзе, пажылыя — у вёсцы. Для іх і працуе Лазовік. Вёска — добраўпарадкаваная, спецыялісты для медагляду пастаянна завітваюць. Аўтакрама прыязджае тры разы за тыдзень. Адсочвае Іван Віктаравіч і рэгулярнасць прыезду аўтаклуба, з’яўляецца з гэтай нагоды пазаштатным, так бы мовіць, работнікам культуры. Усім бы так.

У свой час адкрыў для сябе цудоўную сям’ю Салеек са Слоніма. Пісаў пра майстроў (мама, тата, сын) не раз і не два. А за гэты час/i/content/pi/cult/785/16923/10_2.jpg мастакі-рамеснікі ператварылі ўласную хату і падворак у музей, а іхнюю кераміку ў стылі тэхна-арт нават на мінскіх рынках пачалі рэалізоўваць. Да гэтай творчай сям’і я яшчэ вярнуся. А сёння гаворка пойдзе пра сям’ю іншую, таксама рамесніцкую і са Слоніма. Маю на ўвазе Сцяцэнкаў, якія займаюцца жывапісам і дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам. Дырэктар Слонімскага раённага дома рамёстваў Настасся Зелянко кажа, што летась мужу Аляксандру Сцяцэнку споўнілася 90 гадоў, а яго жонцы Тамары — 60. А з Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці паведамілі, што з 5 лютага тут працуе персанальная выстава сям’і Сцяцэнкаў “Праз сэрца і рукі”. У экспазіцыі — больш за паўсотні твораў: пейзажы, нацюрморты, габелены. Аляксандр Васільевіч яшчэ і вершы піша… Куды едуць гараджане за чыстай вадой? За акружную, у аддаленыя крыніцы. Унікальныя таленты таксама рэдка калі вырастаюць на асфальце.

/i/content/pi/cult/785/16923/10_3.jpgТое ж і пра фальклор можна сказаць. Не, ёсць, канечне, і гарадскі, але вясковы — усё ж бліжэй да першароднага. Прыкладна так адрозніваецца малако крамнае і з-пад каровы. Вось менавіта “кароўскае малако”, можна сказаць, ракой лілося 8 лютага ў Гомелі на II адкрытым міжнародным фальклорным фестывалі-конкурсе “Прамень”. Ладзяць акцыю Гомельскі гарадскі цэнтр культуры і Прадзюсарскі цэнтр “Ягорава Гара”. З вашага дазволу, невялічкае адступленне. Фольк-праект “Ягорава Гара” нарадзіўся некалькі гадоў таму. Аўтар — бізнесовец Ігар Архіпаў з Гомеля. Так, гараджанін. Але палескія народныя песні так паўплывалі на яго, што стаў ён Ягорам Палешуком і ўзяўся за родную мову ды за шасціструнную гітару. Вельмі хутка авалодаў і першай, і другой, прынамсі, яго гітарныя аранжыроўкі прафесіяналы ацанілі досыць высока. А яшчэ праз час і прадзюсарскі цэнтр з’явіўся “Ягорава Гара”… Але працягнем пра фестываль-конкурс. У яго праграме — фальклорная традыцыя і аўтарскія творы ў фальклорнай стылістыцы ў выкананні аматараў і прафесіяналаў, якія ўзначаліў мызыкант, кампазітар, фалькларыст, пісьменнік, педагог і лідар этна-трыа “Троіца” Іван Кірчук. Гран-пры і сертыфікат на ўдзел у адным з канцэртаў фольк-праекта “Ягорава Гара”, а таксама аўдыёсістэму атрымалі артысты з калектыву інклюзіўнай творчасці Мазырскага раённага цэнтра карэкцыйнага развіцця, навучання і рэабілітацыі. Ансамбль, які называецца “Вясёлка”, выступіў з харэаграфічным фальклорным нумарам. У гала-канцэрце бралі ўдзел лепшыя канкурсанты, узорны фальклорны гурт “Найгрыш” з Гомеля, фальклорна-этнаграфічны калектыў “Стаўбунскія вячоркі” з Веткаўскага раёна і “Ягорава Гара”.

Згадаў, як у вёсцы Мышкавічы Кіраўскага раёна мне паказвалі ў Доме культуры бананавыя расліны і доўга тлумачылі, чаму бананы/i/content/pi/cult/785/16923/10_4.jpg растуць не на дрэве, а на раслінах, якія лічацца па сутнасці травой. Але не пра дзівосы батанікі сёння. Старшыня мясцовага калгаса “Рассвет” Кірыла Арлоўскі калісьці пабудаваў у Мышкавічах клуб, якому не было роўных па велічыні ў раённым цэнтры. Побач была бібліятэка і летняя веранды для танцаў. І ўсё гэта рабілася для таго, каб вясковае жыццё было не горшым за гарадское. Заўважце, рабілася не пасля таго, як была наладжана вытворчасць хлеба, малака і мяса, а паралельна. І Васіль Старавойтаў — паслядоўнік і правапрыемца Арлоўскага, думаў пра тое ж: пра высокі кошт гонару вяскоўца. Пабудаваў новы палац культуры з зімовым садам, а бананавыя расліны прывёз на самалёце з Сочы. Бананы ў Мышкавічах растуць і па сёння. Дзе ў горадзе можна сарваць і з’есці банан? Дык чаму колькасць Мышкавічаў не павялічваецца?

8 лютага ў Палацы культуры горада Ліда прайшоў XV міжепархіяльны фестываль-конкурс праваслаўных песнаспеваў “Слава в вышних Богу”. Больш за 20 музычных калектываў выконвалі творы духоўнай тэматыкі, царкоўныя спевы, музычныя творы беларускіх кампазітараў на словы беларускіх паэтаў.

Дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Браслаўскага раёна Вольга Ляснеўская піша: “У чытальнай зале цэнтральнай бібліятэкі ладзілася сустрэча з віцебскім пісьменнікам і журналістам Францам Сіўко. Былі выкарыстаны магчымасці мультымедыйнай прэзентацыі.”

Аказваецца, ёсць Міжнародны дзень дарэння кніг, які адзначаецца 14 лютага ў 30 краінах свету. Чаму б не сумясціць падзею з Днём закаханых? Глядзіш, колькасць чытачоў павялічыцца. На Браслаўшчыне, як пераконвае Вольга Ляснеўская, была абвешчана дабрачынная акцыя “Аддам кнігу ў добрыя рукі”. Цягам тыдня публічныя бібліятэкі прымалі літаратуру з асабістых кніжных збораў. Дырэктар ЦБС спадзяецца, што акцыя стане традыцыйнай… Памятаю, у маёй вясковай цёткі Вары, якая пасля вайны была старшынёй калгаса, а потым усё жыццё — даяркай, у хаце было некалькі этажэрак з кнігамі. І ў вясковую бібліятэку яна пастаянна хадзіла. Хто мне адкажа, чаму амаль на нуль сышла павага да кнігі? У горадзе цяпер больш чытаюць. Мо па той прычыне, што людзей там у разы болей?

Працягнем бібліятэчную тэму Браслаўшчыны ад Вольгі Ляснеўскай. Яна сёння — рэкардсмен інфарматыўнасці. Слабодкаўская і Відзаўская гарпасялковыя бібліятэкі прынялі ўдзел у ІІІ міжнароднай акцыі “Чытаем Грыгор’ева разам”. Грыгор’еў — пскоўскі паэт. Арганізатар акцыі — ЦБС Пскова.

Працягваецца супрацоўніцтва цэнтральнай бібліятэкі Браслава і аддзела адукацыі, культуры і спорту краявой думы горада Дагда (Латвія). Прайшла чарговая, чацвёртая па ліку, сумесная выстава. Гэтым разам на ёй экспанаваліся дэкаратыўныя выявы катоў і птушак.

І апошняя на сёння інфармацыя з Браслаўшчыны. Па словах Вольгі Ляснеўскай, бібліятэкары раёна наведалі месца пахавання Георгія Эфрона, сына паэтэсы Марыны Цвятаевай. Эфрон, як вядома, загінуў у 1944 годзе пры вызваленні Браслаўскага раёна і пахаваны на тэрыторыі Друеўскага сельсавета. Дарэчы, мала хто пра гэта ведае.

І апошняя на сёння бібліятэчная інфармацыя. Аматарскае аб’яднанне “Краязнаўца” адкрылася ў Столінскай цэнтральнай раённай бібліятэцы. Ён пачаў дзейнічаць пры аддзеле абслугоўвання і інфармацыі. Бібліятэкар Кацярына Страха паведамляе: “На першае пасяджэнне сабраліся знаўцы мясцовай гісторыі, культуры і прыроды. Мерапрыемства прысвячалася 80-годдзю з дня ўтварэння Століншчыны”.

“Стракаты лапікавы свет”… Так называецца выстава, што працуе ў раённым цэнтры рамёстваў Навагрудка. Дырэктар раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Кавальская распавядае, што работы выкананы майстрам шыцця Інай Анікевіч, дыпламанта леташняга конкурсу “Віцебская мазаіка”, і яе вучнямі Таісіяй Крупіца — удзельніцай аматарскага аб’яднання майстроў народнай творчасці “Каляровая альтанка” і сябрамі дзіцячага гуртка “Вясёлка” — Сашам і Кацяй Ласкевіч. Лапікавы свет прадстаўлены ў розных тэхніках і формах. Гэта коўдры, дываны, пано, ходнікі, цацкі…

Беражыце сябе. Сустрэнемся праз тыдзень!

На здымках: навагрудскія майстрыхі Іна Анікевіч і Таісія Крупіца, у Століне адкрыўся “Краязнаўца”, выстава катоў і птушак у Браславе, духоўная музыка гучыць у Лідзе.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"