Кіраўнік цэнтра Уладзімір Габраў распавядае:
— Цэнтр “Скіф” дзейнічае ўжо 22 гады. Аналагічных устаноў па сістэме дадатковай адукацыі дапрызыўнай моладзі няма не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, адкуль да нас часам звяртаюцца за майстар-класам у некаторых пытаннях. Мэты і задачы цэнтра — папулярызацыя службы ў Сілах спецыяльных аперацый Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, павышэнне прэстыжу прафесіі вайскоўца, гісторыка-патрыятычнае выхаванне, прапаганда здаровага ладу жыцця. У сваёй працы цэнтр стала ўзаемадзейнічае з мясцовымі ўладамі і сілавымі ведамствамі. Пры ўдзеле цэнтра “Скіф” была створана Асацыяцыя ветэранаў паветрана-дэсантных войск і сіл спецыяльных аперацый.
Цэнтр атрымаў вядомасць дзякуючы адмыслова распрацаванай праграме навучання, якая ўтрымлівае такія накірункі, як парашутна-дэсантная, вадалазная, альпінісцкая, тактыка-спецыяльная, агнявая падрыхтоўка, рукапашны бой, навыкі аказання медыцынскай дапамогі — часам гэтыя веды выхаванцы цэнтра прымяняюць і ў рэальным жыцці. Атрыманыя навыкі дапамагаюць выпускнікам цэнтра і падчас праходжання вайсковай службы ў Сілах спецыяльных аперацый. Кіраўніцтва цэнтра выступае таксама з семінарамі на прадпрыемствах, яго выхаванцы ўдзельнічаюць у паказальных выступленнях — цэнтр праводзіць больш на 30 мерапрыемстваў за год, у тым ліку міжнародных.
Таксама па ініцыятыве цэнтра створаны Музей гісторыі паветрана-дэсантных войск і спецназа імя В.Ф. Маргелава, яго зборы налічваюць больш за дзве тысячы прадметаў, а наведваюць экспазіцыю каля чатырох тысяч чалавек за год. Тут прадстаўленыя, між іншага, манекены ў экіпіроўцы байцоў сіл спецыяльнага прызначэння, а таксама многія іншыя прадметы, звязаныя з дзейнасцю гэтых войск, перададзеныя ў музей ветэранамі. Такая наглядная экспазіцыя дазваляе дзецям і моладзі непасрэдна азнаёміцца з гісторыяй і побытам Сіл спецыяльных аперацый і выхоўвае цікавасць да вайсковай службы.
На фота: Выхаванцы цэнтра спецыяльнай падрыхтоўкі “Скіф” падчас удзелу ў паказальных выступленнях.
Фота з інтэрнэт-старонкі цэнтра