Эстафета оперных гісторый

№ 37 (1424) 14.09.2019 - 20.09.2019 г

Традыцыйная кітайская опера ва ўсёй яе прыгажосці паўстала для нашых гледачоў на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра Беларусі. Яшчэ да афіцыйнага пачатку сезона, які адкрываецца заўтра прэм’ерай “Князя Ігара”, тут двойчы былі паказаны “Ваяўніцы сям’і Ян” Кітайскага дзяржаўнага тэатра Пекінскай оперы. Суседства гэтых твораў розных культур надало ўсяму сезону калі не “ваяўнічасці”, дык веры ў свае сілы і духоўную перамогу над складанымі абставінамі.

/i/content/pi/cult/762/16473/4.JPGЧым скарылі кітайцы? Найперш, асаблівай эстэтыкай. І, што вельмі важна, надзвычай высокім выканальніцкім майстэрствам. Да нас, і не адно ў сталіцу, за апошнія два дзесяцігоддзі неаднаразова наведваліся калектывы з Паднябеснай, дэманструючы падобнага роду спектаклі, але рознага ўзроўню — здаралася, нават пад фанаграму, у гэткім “сувенірным” варыянце. Цяперашні прыезд стаўся паказам сапраўднага нацыянальнага мастацтва без аніякіх “спрошчванняў”. Госці імкнуліся да таго, каб мы максімальна глыбока ўніклі ў асаблівасці пекінскай оперы. З гэтай мэтай у Кітайскім культурным цэнтры ў Мінску напярэдадні была праведзена лекцыя — з вольным уваходам, для ўсіх жадаючых. На самім спектаклі бясплатна распаўсюджваліся праграмкі з найбольш важнымі звесткамі, а таксама буклеты, дзе быў цалкам змешчаны тэкст лібрэта. Дый падчас сцэнічнага дзеяння можна было без аніякіх праблем сачыць за рэплікамі кожнага персанажа — па бягучым радку. Там жа былі пазначаны і каментарыі “ад аўтара”, і спасылкі на той ці іншы тып народных мелодый, якія ў пекінскай оперы прысутнічаюць абавязкова — як адзін з найгалоўных складнікаў жанру. Музыканты-інструменталісты змяшчаліся бліжэй да правай кішэні сцэны, схаваныя ад гледача завесай. Так, гэта не перашкаджала насалоджвацца непасрэдна сцэнічным дзеяннем з усімі яго відовішчнымі эфектамі, але беларускім музыкантам, якіх у зале было многа, так і хацелася зірнуць на аркестр, складзены з нацыянальнага інструментарыя.

Цікава было сачыць не толькі за музыкай і размоўнымі сцэнамі, максімальна набліжанымі да музычных, але і ўласна за опернай драматургіяй. Вось як у нашых гістарычных операх вырашаецца сцэна благой весткі, прынесенай падчас святочных баляванняў? Пасля доўгага разгорту ўслаўленняў і нацыянальных песень-танцаў раптам сціслы рэчытатыў (маўляў, ворагі напалі) — і ўсё, завеса ды антракт. Ці харавая сцэна (пераважна маршавая, адкрыта патрыятычная) збору ў ваенны паход. У пекінскай оперы ўсё было з дакладнасцю наадварот: доўгія прыгатаванні да свята, благая вестка — і неверагодна працяглае абмеркаванне, як лепей паступіць у гэтых абставінах.

Батальныя сцэны ў нашай опернай класіцы звычайна вырашаюцца праз музыку ўступу, інтэрмедыі ці ўвогуле выносяцца “за кулісы”. Маўляў, адбыўся бой — вось яго вынікі. Альбо бітва ідзе недзе побач, па-за полем нашага зроку. А тут — наадварот: практычна ўся другая дзея — ваенныя паядынкі, што перапыняюцца хіба разважаннямі, як узяць ворага не сілай ды колькаснай перавагай, а розумам ды хітрасцю.

Да выкарыстання ў традыцыйных кітайскіх операх разнастайных прыёмаў усходніх адзінаборстваў мы ўжо прызвычаіліся. Але ў “Ваяўніцах сям’і Ян” ваенізаваныя сутычкі былі вырашаны зусім іначай — найперш праз энергічна акрабатычныя, амаль цыркавыя пасажы, нават клаўнаду. Ці, калі змагаліся жанчыны, праз зачаравальна грацыёзную танцавальнасць, спалучаную з надзіва мяккай хадой. І — ніякіх фінальных услаўленняў, грандыёзнай сустрэчы пераможцаў з масавымі харавымі “каланадамі”. Перамаглі — і на бягучым радку ўзнікла сціслае: “Канец”.

А якія шыкоўныя сцэнічныя строі! У некаторых з іх можна было без цяжкасці заўважыць “правобразы” дзіўных істотаў “Аватару” і іншых фэнтэзі. Аказваецца, тыя доўгія гнуткія “рожкі-вусы”, прычэпленыя да некаторых касцюмаў, вырабляюцца з паўлінавых пёраў і вылучаюць ваеначальнікаў, вайсковае кіраўніцтва.

Будзем чакаць працягу абменных культурных мерапрыемстваў. Тым больш, што між многімі беларускімі і кітайскімі тэатрамі, іншымі ўстановамі, асобнымі дзеячамі мастацтва дзвюх краін наладжаны трывалыя творчыя сувязі.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"