Ты святкуй, мая сталіца!

№ 37 (1424) 14.09.2019 - 20.09.2019 г

Напярэдадні святкавання Дня горада пра запланаваныя мерапрыемствы ў сталіцы распавёў намеснік начальніка ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама Аляксандр ШАСТАКОЎ:

/i/content/pi/cult/762/16469/1.jpg— Свята адзначаецца на выходныя 14 — 15 верасня, але ж святочные мерапрыемствы праходзяць і напярэдадні. Я спынюся на найбольш яркіх праектах, бо ў праграме вельмі шмат рознапланавых падзей, — паведаміў Аляксандр Шастакоў. — Напрыклад, ужо 13 верасня ў Палацы культуры падводзяцца вынікі гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства “Мінскі майстар”. У конкурсе прынялі ўдзел больш за 16 тысяч чалавек па 39 прафесіях, а ў фінал выйшлі толькі 620 канкурсантаў. Узнагароды “Найлепшы па прафесіі” атрымаюць 39 пераможцаў. Маштабы зразумелыя, таму гэты конкурс сапраўды дае магчымасць выбраць майстроў сваёй справы.

Асноўныя мерапрыемствы афіцыйнага святкавання Дня горада пачнуцца ў Мінску з ускладання кветак да абеліска “Мінск — горад-герой” 14 верасня аб 11-й гадзіне. У гэты ж дзень у зялёнай зоне ўздоўж праспектаў Пераможцаў і Машэрава адбудзецца Міжнародны фестываль гісторыі і культуры “Мінск старажытны” — інтэрактыўнае відовішча ад клубаў гістарычнай рэканструкцыі, якія прадставяць Беларусь і ў якім прымуць удзел таксама госці з Украіны, Расіі, Кітая, Галандыі, Італіі, ЗША.

На пляцоўцы каля Палаца спорту 14 верасня працягнуцца міжнародныя спаборніцтвы “Наймацнейшы пажарны-ратавальнік”, у якіх прымаюць удзел прадстаўнікі абласных і Мінскага гарадскога ўпраўленняў МНС, а таксама розныя аварыйна-выратавальныя службы і ведамствы з дзевяці краін блізкага і далёкага замежжа: Літвы, Латвіі, Эстоніі, Чэхіі, Бельгіі ды іншых.

Акрамя таго, у рамках святкавання Дня горада на выходных нас чакае закрыццё мотасезона H.O.G. Rally Minsk 2019, дзе на пляцоўцы каля Палаца спорту ў першы дзень з 14 да 21 гадзіны, а ў другі — з 11 да 23 гадзін адбудзецца спаборніцтва мотакаскадзёраў з розных краін. На пляцоўцы будуць арганізаваны таксама музычныя выступы, фудкорт, запрацуе дзіцячы гарадок і аніматары.

— Я ведаю, што СМІ любяць запытваць, а што будзе новенькага? — працягваў Аляксандр Шастакоў. — На гэтае пытанне я адказаў бы, што на тэрыторыі Верхняга горада пройдзе праект “Мінск інтэрнацыянальны”. Каб паказаць, што Мінск — горад магчымасцяў, які гатовы да супрацоўніцтва, і пазнаёміцца з культурамі розных краін, мы праводзім у рамках летняга музычна-турыстычнага сезона святы нацыянальных культур і гэтае свята. Акрамя таго, у рамках Дня горада Мінска госці і мінчукі запрашаюцца на ўсім вядомы музыкальны праект “Пешахока”, а таксама тэатральны “Без сцэны”. Увечары каля мінскай гарадской ратушы запланаваны канцэрт артыстаў балета Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра.

/i/content/pi/cult/762/16469/2.JPGУрачыстая цырымонія ўручэння ўзнагарод “Мінчанін года” з удзелам Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь і майстроў мастацтваў Беларусі сёлета адбудзецца на Кастрычніцкай плошчы 14 верасня а 20-й гадзіне.

14 верасня ахвотных запрашае мінскі паўмарафон, які пачнецца а 9-й раніцы, — працягвае Аляксандр Шастакоў, а таксама “Дзень танкіста”, які штогод можна наведаць на тэрыторыі Парка Перамогі. У Мінскім гарадскім палацы культуры па вуліцы Маякоўскага пройдзе гарадскі фестываль творчасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі “Мастацтва жыць — тварыць мастацтва”.

Акрамя асноўных масавых мерапрыемстваў у цэнтральнай частцы горада па-свойму святкаваць будуць у кожным раёне Мінска. Аляксандр Шастакоў падкрэсліў:

— Сёння кожны з нас можа прызнацца ў любові да сваёй сталіцы, і гэтыя яркія мерапрыемствы дапамагаюць яе кожнаму выказаць.

Валянціна КРАСОЎСКАЯ, студэнтка факультэта журналістыкі БДУ