Частуйцеся!

№ 34 (1421) 24.08.2019 - 31.08.2019 г

Сёння, 24 жніўня, Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа разам з грамадскім аб’яднаннем “Беларускія пчаляры” запрашае на фальклорнае свята “Мядовы Спас на Акадэмічнай, 5”. І нічога няма дзіўнага ў такім паяднанні музейшчыкаў і прамыславікоў. Згадайце “Новую зямлю” Песняра, а дакладней — раздзел “Падгляд пчол”, і вы пераканаецеся, што Якуб Колас — вялікі знаўца і старадаўняй пчалярскай справы. Так што ўрачыстасці з нагоды Мядовага Спасу сталі ў Доме Коласа — традыцыйнымі. У гэты дзень фразеалагізм “тут мёдам намазана” пераўтавараецца амаль у рэальны факт.

Мемарыяльная сядзіба музея запрашае на культурна-забаўляльную праграму, дзе можна будзе пачаставацца і мёдам, і іншымі прадуктамі пчалярства. “Беларускія пчаляры” папулярызуюць сучасныя метады вядзення “мядовай” справы, выхоўваюць экалагічную культуру.

У праграме мерапрыемстваў — прэзентацыі кніг пра пчол і пчалярства, часопіса “Беларускі пчаляр”, а таксама — навінак айчыннай касметычнай вытворчасці з выкарыстаннем прадуктаў пчалярства. Запланавана праца выставы “Вулей XXI стагоддзя”. Можна будзе прагуляцца па сцяжынцы здароўя і актыўнага даўгалецця і атрымаць парады па правільным харчаванні, лячэбнай фізкультуры і асалоду ад мядовага масажу. Падрыхтавана і дзіцячая праграма.