Зоя Луцэвіч скончыла ў 1989 годзе Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя Аляксея Глебава, вучылася ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў на манументальным аддзяленні, потым — у Дзюсельдорфскай акадэміі мастацтваў (Германія) на аддзяленні жывапісу. Акрамя Беларусі, выстаўлялася ў галерэях Аўстрыі і Германіі. Мастачка прызнаецца, што любіць выдумляць і рэалізм яе не цікавіць. Яе працы, нават партрэты і нацюрморты, насычаны ўражаннямі, жывымі пачуццямі, якія амаль што на інтуітыўным узроўні ўспрымаюцца гледачамі.
Як адзначыла сама Зоя Луцэвіч, супрацоўнікі Мемарыяльнага музея-майстэрні Заіра Азгура адабралі для вулічнай выставы працы з розных перыядаў, каб як мага шырэй прадставіць у экспазіцыі яе творчасць. Нездарма новая экспазіцыя носіць назву “Перавёрнутая рэальнасць” — гэтым выразам мастачка характэрызуе ўсю сваю дзейнасць. На плошчы Якуба Коласа можна будзе ўбачыць і графіку, і жывапіс, і калаж.
— Выхад мастака з прасторы музея і майстэрні — гэта цудоўна, — лічыць Зоя Луцэвіч, — бо сёння шмат хто не бывае там, але калі пройдзе паблізу выставы на вуліцы ўсё ж можа зацікавіцца мастацтвам.
Валянціна КРАСОЎСКАЯ