“Я б назвала нашым хэдлайнерам гледача”
— Па-ранейшаму ў нас застаюцца сем кірункаў і сем пляцовак: у Парку Фрунзэ, на вуліцы Талстога, у дворыку Цэнтра сучасных мастацтваў, на Пушкінскім мосце і на Пушкінскай плошчы, а таксама каля тэатра “Лялька”, — нагадвае Улада Цвікі. — Прымаем сёлета каля сотні калектываў, а гэта амаль тысяча ўдзельнікаў. Прыкладна столькі ж было і летась. Раней мы лічылі афіцыйным адкрыццём карнавальнае шэсце, яно адбылося і гэтым разам, але там мы толькі прыгожа і ўрачыста прадставілі ўсе калектывы. Адкрываліся ж “Уверцюрай прома ветру” — пасля канцэрта адкрыцця “Славянскага базару” сабраліся каля ратушы, бо гэта самае віцебскае месца, і артыстычна нагадалі там пра дух і стыль нашага фэсту ды ўвогуле горада. А затым рушылі да пляцоўкі ў Парку Фрунзэ і зладзілі начную паці з тэатрамі і кавер-бэндамі. Мы хочам, каб не было ніякай сцяны паміж артыстамі і гледачамі, і актыўна прасоўваем у праграме гэты момант. Я б нават назвала гледача нашым сёлетнім хэдлайнерам — без актыўнасці публікі пад вялікім пытаннем поспех большасці мерапрыемстваў. Але мы ў ёй не сумняемся.
Сярод іншых адметнасцей адзначу выступ Raccoon Batucada Vitebsk (школа карнавальнай самбы і бразільскіх барабанаў. — “К”). У мінулыя гады ў нас выступала Raccoon Batucada з Мінска, потым яе кіраўніка запрасілі на майстар-класы да нас — іх вынік мы ўжо хутка пабачым. Яшчэ адна фішка — выступ Дзіцячага сімфанічнага аркестра з Валгаграда. А гэта 45 чалавек! Па горадзе будзе гуляць і 9-метровы цмок — велізарная лялька, з якой працуюць адразу восем чалавек. Карацей, аб’ём, які мы займаем у праграме “Славянскага базару”, ужо вельмі вялікі.
“Моц любога мастацтва ў яго разнастайнасці”
— Не крыўдуеце, калі вас не ўспрымаюць як асобную з’яву?
— На наш фестываль упершыню трапілі людзі, якія ехалі ўсё ж менавіта на “Славянскі базар”, а не таму, што мы тут такія класныя. Іншая справа, што потым мы здолелі ўсіх утрымаць і працягваем гэта рабіць. Я б хацела, каб мы былі неад’емнай часткай “Славянскага базару” і па меры сваіх сіл і энергіі змянялі яго гісторыю ў лепшы бок. Галоўнае, каб у людзей быў выбар. Ну камусьці вельмі трэба пайсці на канцэрт шансона. Гэта ж так добра! Чалавек заплаціў за білет і атрымаў тое, што хацеў. Няхай так будзе. І няхай будуць музыканты, якія спяваюць каверы на вуліцы. Наўрад ці хтосьці з іх будзе спяваць на сцэне Летняга амфітэатра. Хаця хто ведае… Я не хацела б нікога крыўдзіць! Там выступаюць артысты, перад якімі я здымаю капялюш. Толькі моц любога мастацтва ў яго разнастайнасці. Таму я і разлічваю, што пасля канцэртаў людзі прыйдуць і да нас.
Хаця сама заўжды паўтараю, што вулічныя артысты вельмі рызыкуюць — трымаць гледача, калі кожныя 20 метраў хтосьці іншы таксама працуе, складана. Але чалавек застаецца там, дзе яму цікава. Мне падаецца, гэта самае галоўнае — не адрэдагаваная тэлеверсія, а магчымасць глядзець менавіта туды, куды табе хочацца. Ідэя сямі вятроў-жанраў прадугледжвае такую магчымасць — пайсці і выбраць з рознага: слухаць гурты ці глядзець фаер-шоу, назіраць за тэатрамі ці нават далучыцца да іх. Нам самім цікава, што атрымаецца ў нас гэтым разам.
— Адна з традыцый фэсту — устаноўка своеасаблівых рэкордаў. Тут то чытаюць тысячу вершаў пра Віцебск, то тысячу разоў яго фатаграфуюць, то лічаць крокі пад гукі барабанаў. Што прыдумалі сёлета?
— У нас будуць не тое каб рэкорды, але дзве творчыя гісторыі. Першая — адкрыты майстар-клас для ўсіх ахвотных ад знакамітага віцебскага акварэліста Фелікса Гунема на Пушкінскай плошчы. Ён адбудзецца 13 ліпеня з 10 да 12 гадзін. Другая гісторыя — тысяча пацалункаў на Пушкінскім мосце. Таксама сёння з пяці гадзін вечара чакаем усіх. Прыходзьце, цалуйцеся! Там будуць і фатографы, каб гэта засняць, і артысты, каб стварыць адпаведны настрой. Мы не замахваемся на нейкія алімпійскія стандарты — проста будзем у гэта гуляць.
“Публіка галасуе нагамі”
— Ці змяніўся за гэтыя пяць гадоў Віцебск? Ды ўвогуле ці бачыце змены ў вулічным жанры, на якія паўплывала з’яўленне вялікай артыстычнай майстэрні “На сямі вятрах”?
— Калі параўноўваць з першым фестывалем, бачна, што вырас агульны ўзровень удзельнікаў. Асабліва гэта тычыцца тэатраў. І харэаграфія вельмі вырасла. Усё наблізілася да вулічных стандартаў. Але большасць калектываў яшчэ застаецца ў фармаце аматараў. Хаця каго на вуліцы лічыць аматарамі і прафесіяналамі? Публіка ўсё адно галасуе нагамі. Падабаецца-не падабаецца — вось што важна, а не статус. Вось нашы музыканты за гэты час вулічнымі не сталі. Яны ўсё ж бліжэй да фармату open-air — развіваюцца, растуць, але хочуць сцэны з апаратурай. І я не лічу, што гэта дрэнна, хаця, канечне, мне шкада, што не прыязджаюць музыканты з тых, што спяваюць у пераходах. Але, магчыма, гэта і правільна — гукавая напоўненасць горада ў гэты час дужа вялікая. Вуліцы шумяць, і ўся атмасфера можа парушыцца. Перформеры да нас прыязджаюць, так мы называем і жывых статуй, але вось менавіта мастацкіх перформансаў я пакуль мала сустракаю. Прафесійныя тэатры, якія прыязджаюць на “Лялечны квартал”, выходзяць на вуліцу — і гэта здорава! Час зараз такі хуткі, лічбавы… У што далей выльецца наша справа, складана прадказаць. Пяты фестываль — гэта проста рубеж, не больш за тое. Юбілей будзем святкаваць на сёмым фестывалі. Тады падумаем і пра вынікі.
— Але па водгуках і глядацкай актыўнасці ў час фестывалю адчуваеце, што людзі маюць патрэбу ў вулічнай культуры?
— Я скажу болей — нас шукаюць і ўжо загадзя даведваюцца, якіх падзей у праграме чакаць. Думаю, яшчэ крыху — і мы зможам ужо не прыкладаць асаблівых намаганняў, каб на вуліцы быў маскарад. Нам жа чаго хочацца? Не толькі папулярызаваць нашы калектывы. А яшчэ каб людзі вучыліся рабіць свята сабе самі. І не толькі ў час фестывалю. І не па камандзе. Вось калі ў цябе дзень народзінаў, ніхто не гаворыць: “Няхай будзе весела”. Калі ты сам не захочаш, нічога не атрымаецца. Як мінімум свята, а як максімум — жыццё. Можна ж выбіраць, ці будзе яно радасным, ці шэрым і буднічным.
То бок уся справа ва ўменні праяўляць свае эмоцыі. І калі табе хочацца прайсціся ў шэсці з вулічнымі артыстамі — давай. Калі табе хочацца ўбачыць потым свой фотаздымак з пацалункамі — давай. Але ж для гэтага трэба хаця б прыйсці на той мост. Далей мы ўсё зробім — і сфатаграфуем, і выкладзем у інтэрнэт. Ты толькі зрабі крок. Затым прыйдзі на майстар-клас і памалюй. Чаму не? У нас ёсць некалькі студый, дзе займаюцца дарослыя, але чаму калі конкурс, то толькі дзіцячага малюнка? Мы чамусьці не ўмеем даваць сабе задавальненне. І я сама ў першую чаргу! Часам думаю, чаго б я хацела сабе, акрамя работы. Першая думка — выспацца і больш нічога…
— Вось пра гэта і хачу запытацца. У чым карысць гледачоў — відавочна. А артысты? Чым выманьваеце іх на вуліцы Віцебска?
— Канечне, мы быццам у парніку — намагаемся стварыць для ўсіх ідэальныя ўмовы, але якія ж яны ідэальныя? Людзі прыязджаюць і выступаюць за свой кошт. Мы толькі трымаем пляцоўкі і спрабуем выканаць райдэр, каб было камфортна працаваць. Хацелася б яшчэ бачыць мецэнатаў, ідэйных людзей. Магчыма, як арганізатары самі не ўмеем працаваць з тымі ж краўдфандынгавымі пляцоўкамі. Толькі нас ужо ледзь хапае на тое, каб усю гэтую фестывальную машыну развярнуць (касцяк фестывальнай дырэкцыі складаюць артысты народнага маладзёжнага тэатра “Кола”. — “К”). Сэнс жа ў тым, каб праявілася гарадская ініцыятыва.
Віцебск — горад у добрым сэнсе вар’яцкіх гісторый. Дык давайце рабіць разам вар’яцкія майстар-класы, пленэры, прывозіць фантастычныя калектывы з-за мяжы. Самі мы не ў стане рабіць усё гэта. Напрыклад, з Валгаградскім дзіцячым аркестрам нам проста пашанцавала — яго прывезлі на спадарожны камерцыйны фестываль і мы змаглі прапанаваць пляцоўку для выступу на вуліцы. А гэта ж цуд, а не калектыў! З нашага капіталу ў нас пакуль ёсць толькі мы самі. Гэта тычыцца ўсіх і прымяняльна да чаго заўгодна. Фестываль скіраваны на тое, каб выцягнуць людзей з пасіўнага стану ў свядомы. Нягодаў нам заўжды ёсць каму дадаць, а за радасць у нашым жыцці адказныя мы самі. Вулічныя артысты ведаюць гэта як ніхто!
Экспертная рада
Усе мерапрыемствы “На сямі вятрах” наведвае Экспертная рада, склад якой змяняецца штогод. Але задачы яе застаюцца нязменнымі: падзяліцца ўражаннямі ад убачанага і адарыць спецыяльным прызам калектыў, дзейнасць якога найбольш адпавядае агульнай задуме фэсту — ажыўляць гарадскую прастору. Слова даўнім сябрам фестывальнай рады.
“Вядучай тэмай фэсту заўжды з’яўляецца сам Віцебск”
Маргарыта КОРЗУН, арт-менеджар, выкладчык, культуролаг, прадзюсар:
— “На сямі вятрах” — гэта фестываль, які прыносіць у горад дух сапраўднага Віцебска, таму што менавіта сам Віцебск заўжды з’яўляецца вядучай тэмай фэсту. У самы ж першы год яго галоўным героем стаў віцебскі вецер, а віцебскае неба “ўпала” на Пушкінскі мост, дзякуючы мясцовым мастакам. І кожны раз падчас фестывалю вуліцы Віцебска ажываюць. Вельмі добра, што гэта адбываецца падчас “Славянскага базару”, бо раней людзі выходзілі з пляцовак і не ведалі, чым сябе заняць, а зараз яны ў любы час могуць стаць саўдзельнікамі нейкага творчага працэсу.
Гэты фестываль заўжды дае эмоцыі і дарыць свята гораду і яго жыхарам. І ён быў бы немагчымы без народнага маладзёжнага тэатра “Кола” і яго кіраўніка Улады Цвікі — штогод ім хапае таленту і моцы прыдумаць штосьці новае, задаваць настрой і ствараць незабыўную атмасферу на вуліцах Віцебска, нягледзячы на надвор’е. Тут знайшлася асобная пляцоўка для фаер-шоу, на якое ўвогуле не ў любым горадзе даюць дазвол. І там паказваюць не дзяжурныя нумары з тых, што часам замаўляюць на карпаратывы, а сапраўды шоу, мастацтва, якое задае высокі ўзровень у сваім жанры. За пяць гадоў “На сямі вятрах” аб’яднаў шматлікія творчыя сілы Віцебска: да яго далучыліся паэты і складальнікі аўтарскай песні, мастакі, нават проста мінакі, якіх зацягвае карнавальнае шэсце. Інтэрактыў, сутворчасць — усё гэта заўжды было характэрна для віцебскага мастацтва і гэта галоўныя рысы вулічнага фэсту.
“Людзі хочуць існаваць у культурнай прасторы без абмежаванняў”
Валянціна КІРЫЛАВА, мастацтвазнаўца, арт-менеджар, заснавальніца Цэнтра сучаснага мастацтва ў Віцебску:
— Вось зараз праходзяць прэс-канферэнцыі з рознымі гасцямі, у іх пытаюцца, куды б яны пайшлі ў Віцебску, і ўсе кажуць пра фестываль “На сямі вятрах”. Раптам аказалася, што ён адлюстроўвае сабой жаданні людзей, якія хочуць існаваць у культурнай прасторы без абмежаванняў. Таму ініцыятыва Улады Цвікі прыйшлася ўсім да душы і для яе рэалізацыі аб’ядналіся розныя гарадскія калектывы. Ёсць такое паняцце — арнамент масы. Вось чаму людзям здаўна хочацца яднання і яны, напрыклад, скачуць разам праз вогнішча ці пускаюць вянкі па вадзе і гэтак далей? Тады разам яны складаюць адзін малюнак — арнамент масы. Гэтак жа адбываецца і на фестывалі. Акрамя таго, ён дэманструе пэўную эстэтыку — у ім няма фармалізаванага канону, затое ёсць шмат розных прыкладаў, якія стасункі могуць быць менавіта ў чалавека з чалавекам. Што ўплывае на фармат усіх іншых гарадскіх святаў, якія праводзяцца потым, — ён заўважна змяняецца, бо ў мерапрыемствах становіцца менш афіцыяльшчыны.