— Адкрыццё бюста Янкі Купалы — падзея, якая сведчыць аб сяброўскіх адносінах нашых краін, аб шчырай цікаўнасці і павазе да нашай гісторыі і культуры, — адзначыла дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч у сваім вітальным лісце да рэктара Сіаньскага ўніверсітэта Ван Цзюньчжэ. — Ваша дзейнасць — годны крок у справе падтрымкі сяброўства і паразумення паміж Беларуссю і Кітаем, працяг добрай традыцыі дыялогу народаў на мове паэзіі і мастацтва, адным з пачынальнікаў якой быў Янка Купала.
Учора ў рамках “Купалаўскіх дзён” на Вайсковых могілках у Мінску адбыліся жальбіны з нагоды 77-й гадавіны смерці паэта. А праз тыдзень, 7 ліпеня, у дзень нараджэння Янкі Купалы, у Вязынцы а 13-й гадзіне пачнецца Рэспубліканскае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў “З адною думкаю аб шчасці Беларусі…” Завершыцца праграма акцыі 13 ліпеня Купалавым фэстам да 137-годдзя з дня нараджэння паэта ў парафіі Святой Троіцы ў Радашковічах.
Фота прадастаўлены Дзяржаўным літаратурным музеям Янкі Купалы