— Сёння наша студыя не толькі працуе з мэтрамі, але імкнецца і прыцягваць моладзь, — падкрэсліў падчас узнагароджання лаўрэатаў конкурсу генеральны дырэктар “Беларусьфільма” Уладзімір Карачэўскі.
— Я не магла прапусціць такую падзею, паколькі і мне самой калісьці пашчасціла стаць лаўрэатам конкурсу на лепшы сцэнарый маладзёжнага серыяла, — прызналася прысутная на цырымоніі першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Наталля Карчэўская. — Праўда, тады ён не быў рэалізаваны. Спадзяюся, што ўсе задумы пераможцаў гэтага конкурсу будуць увасоблены ў жыццё. На моладзь Міністэрства культуры ўскладае вялікую надзею.
У сваёй прамове Уладзімір Карачэўскі пералічыў тыя ініцыятывы, якія сёння ажыццяўляе “Беларусьфільм”, каб даць магчымасць маладому пакаленню сказаць сваё слова. Гэта ўдзел маладых акцёраў (у тым ліку і студэнтаў Акадэміі мастацтваў) у серыяле “Ілюзіі”, запуск альманаха дакументальнага кіно і, урэшце, маладзёжны сцэнарны конкурс, які дазволіў адкрыць новыя імёны.
Варта дадаць, што партнёрам апошняй ініцыятывы разам з Міністэрствам культуры выступіла кампанія “Белдзяржстрах”, якая забяспечыла лаўрэатаў грашовымі прызамі. Лепшых сярод 13 канкурсантаў, што трапілі ў шорт-ліст, выбіралі члены журы, у склад якога ўваходзілі рэжысёры, драматургі, літаратура- і кіназнаўцы, рэдактары…
Вядомы рэжысёр Алена Турава патлумачыла выбар галоўнага прызёра такім чынам:
— Персанажы выдатныя! Яны не растыражаваныя, і ў той жа час цікавыя. Гэта пантэон старажытнаславянскіх багоў. Чаму мы не можам выкарыстоўваць іх гэтаксама, як заходні кінасвет — старажытнагрэчаскіх? Памятаеце анімацыйную карціну пра Геркулеса? Нам варта імкнуцца зрабіць нешта падобнае, але ўжо на сваім матэрыяле.
У сцэнарыі Сяргея Рагаткі шмат казачных персанажаў, але галоўныя з іх — птушкі светабудовы: Сірын, Гамаюн, Алканост. А таксама там ёсць вядомыя паганскія багі: Пярун, Вялес, Паляндра. Ды яшчэ Купала і Кастрама.
Алена Турава літаральна прапітчынгавала будучы праект, распавёўшы пра магчымае візуальнае ўвасабленне герояў. І часткова раскрыла інтрыгу: гледачы патрапяць у міфічны свет разам з абаяльнымі сучаснікамі — арнітолагамі-пачаткоўцамі Мацвеем і Дзімкам. У аднаго з хлопчыкаў Сірын скрадзе мабільны тэлефон. У творы шмат гумару і нечаканых сюжэтных паваротаў. Усё гэта, на думку рэжысёра, павінна прыцягнуць увагу сучаснай публікі.
Алена Турава невыпадкова запалілася гумарной гісторыяй — яна з’яўляецца рэжысёрам будучай 65-хвіліннай стужкі. А вось мастака-пастаноўшчыка ў “Песні Сірын” пакуль няма. Да таго ж, студыя будзе імкнуцца знайсці партнёраў для здымак гэтага фільма ў бліжэйшым замежжы.
— Завяршаючы працу над мюзіклам “Зоркі сёмага неба”, магу з упэўненасцю сцвярджаць, што паўнаметражны фільм на студыі зрабіць цалкам магчыма, — падзялілася сваімі думкамі наконт патэнцыялу будучага праекта Алена Турава. — Раней мы разбівалі працу па серыях, аднак цяпер стала зразумелым, што правільна запускаць карціну цалкам. Канешне, удзел партнёраў мог бы значна дапамагчы нам у гэтым працэсе.
Лаўрэат конкурсу Сяргей Рагатка падзяліўся сваім пунктам гледжання на вытворчасць будучай карціны:
— Мне падаецца, што можна было б паспрабаваць звязацца з нашымі IT-шнікамі. Няўжо ніхто з іх не робіць выдатную камп’ютарную графіку? Мог бы атрымацца цікавы праект.
Сяргей не выключае і стварэння серыяла на аснове сваёй гісторыі.
— Я ўзяў старажытнаславянскіх міфалагічных істотаў, а колькі яшчэ ёсць менавіта беларускіх! Той жа Жэўжык, Зюзя… Ды пра кожнага можна зрабіць асобную серыю. Тым больш, у нас ёсць цудоўныя этна-гурты — іх музыка выдатна пасавала б да будучых стужак.
Алена Зміцер, узнаўляючы творчы працэс над сваім сцэнарыем, прызналася, што натхнялася анімацыяй Міядзакі і “Боскай камедыяй” Дантэ. Ёй яшчэ трэба адшукаць свайго рэжысёра. Як і аўтару “Залатога яблыка”.
— Вашы працы не застануцца без увагі — яны патрапяць у сцэнарны партфель студыі, — запэўніў моладзь Уладзімір Карачэўскі.
Гэтаксама кіраўнік “Беларусьфільма” дадаў, што акрамя запуску “Песні Сірын”, які чакаецца ўжо напрыканцы гэтага года, у планах студыі сумесны анімацыйны фільм з польскім бокам пад рабочай назвай “Гісторыя пра зубра”. Не перапыняецца работа і над праектамі “Займальная азбука”, “Азбука небяспек”, “Тошка і яго сябры”…
Пра тое, што кінастудыя імкнецца абнавіць рэпертуар, сведчыла і яшчэ адна падзея падчас сустрэчы з журналістамі 9 красавіка. У гэты ж дзень быў дадзены старт здымкам сіткому “Ілюзіі” — тэлевізійнага серыяла пра прадпрымальных маладых тэатралаў. Госці студыі мелі магчымасць пабываць у здымачных павільёнах фільма. А кульмінацыяй візіту на пляцоўку стала сімвалічная цырымонія біцця талеркі з назвай стужкі аб штатыў камеры. Гэты кінематаграфічны рытуал быў даручаны рэжысёру карціны Івану Паўлаву.