“Мінус 45 — што можа быць лепей?”
— Нашым першым сур’ёзным вопытам па стварэнні лядовай скульптуры стаў удзел у фестывалі “Магаданскі крышталь”, — распавядае Павел. — Там адразу весветлілася, што мы не маем элементарнага вопыту: на Поўначы лёд зусім іншы — вельмі крохкі. Адзін няспрытны рух — і лёд рассыпецца. У нас і цэп не піліў, і стамескі не рэзалі, але мы, сціснуўшы кулакі і зубы, імкнуліся зрабіць добрую работу. Хлопцы з Якуціі нас адразу раскусілі, навучылі, як наточваць інструмент, пра іншыя тэхнічныя моманты расказалі. Паціху мы ўсім авалодалі, хоць і сыходзілі з пляцоўкі ў дзве гадзіны ночы, а не ў сем вечара, як іншыя ўдзельнікі. У першай сваёй скульптуры мы хацелі паказаць нашу культуру і выкарысталі пластыку беларускай выцінанкі.
— Акрамя нявопытнасці, што яшчэ вылучала вас сярод іншых каманд?
— Зусім іншы падыход да скульптуры — перадусім ідэя, потым ужо выяўленчая частка. А на фестывалі для многіх самае галоўнае стварыць прыгажосць і атрымаць ад яе задавальненне. Нас жа заўсёды вучылі — ісці ад думкі. Такі падыход характэрызуе ўсю нашу беларускую мастацкую школу.
— Нават такі прыгожы празрысты матэрыял як лёд не пераканаў вас, што можна і інакш рабіць?
— Нам недастаткова толькі любавацца. Таму і працэс стварэння папярэдняга малюнка займае месяц ці нават два, пакуль не знойдзем цікавы ход ці ідэю.
— Такі падыход можа быць уласцівым працы з любым матэрыялам, але ці ёсць нешта вельмі адметнае менавіта для лядовай скульптуры?
— Галоўнае, што яна разлічана непасрэдна на гледача. Такія
падыходы, як “мастацтва дзеля мастацтва” ці “раблю для сябе”, ёй не ўласцівыя. Жыццё лядовай скульптуры — імгненне. Таму вельмі важна, як яе ўспрымуць менавіта гледачы. Мы працуем з ільдом трэці год, і толькі зараз, здаецца, пачынаем разумець важныя моманты.
— Ці змяніў лёд як новы матэрыял вас саміх нейкім чынам?
— Напэўна, так. І пра гэта нам сказалі нашы сябры з Якуціі. Яны інакш успрымаюць свет: шаманізм, паганства, пакланенне прыродзе. Пры знаёмстве кожны з іх падышоў і пэўны час нібы патрымаў нас у сваіх абдымках. Менавіта так яны могуць па-сапраўднаму адчуць чалавека, зразумець, добры ён ці не. А пры развітанні яны павіншавалі нас з тым, што мы “захварэлі на лёд”. Тады толькі ўсміхнуліся, а зараз ужо разумеем сэнс гэтых слоў. Лёд — гэта хвароба назаўсёды. Зараз мы вяртаемся з чарговага фестывалю, праходзіць час — і пачынаем сумаваць. У нас жа лёду і снегу зусім мала.
— За час удзелу ў фестывалях ці займалі прызавыя месцы?
— У 2017 годзе атрымалі дыплом у намінацыі “Творчы палёт”. У нас была касмічна-шызафрэнічная работа, мы назвалі яе “Сонца Поўначы”. Снежны партрэт Сонца мы зрабілі з дапамогай адваротнага рэльефу — пры дзённым святле ён дае такі эфект, пры якім куды б вы ні ішлі, сонца заўсёды да вас паварочваецца. Многія ніяк не маглі зразумець, як так адбываецца. Сёлета мы занялі трэцяе месца ў снежнай скульптуры. Мы зрабілі каня, які п’е ваду, а ў кампазіцыі выкарысталі паверхню лёду — фестываль праходзіць на прытоку ракі Лены. Наша работа “Глыток свабоды” ўсім вельмі спадабалася. Але, як пазней высветлілася, яе ўсур’ёз разглядалі і ў лядовай намінацыі. Справа ў тым, што трэба зрабіць адну малую скульптуру, адну з лёду і адну са снегу.
Якуты на міжнародным узроўні адны з самых моцных майстроў. Фестываль, што яны ў сябе ладзяць, яшчэ вельмі малады, але ўпэўнены — хутка ён стане адным з вядучых і ўплывовых у свеце. Там тэмпература — мінус 45. Што для лёду можа быць лепей? І там так прыгожа! Горад застаецца ўдалечыні, а на прытоку Лены перад Новым годам ствараецца вялікі лядовы парк. З фестывалю мы вярнуліся ў канцы года, а сам парк пачне працаваць толькі ў канцы лютага, калі спадуць моцныя маразы, якія пануюць там зараз. Пры мінус 25 пачынаецца так званы курортны сезон, усе ідуць гуляць у парк. Скульптуры ў ім прастаяць да канца красавіка.
“Мінімум убраць, каб атрымаць максімум”
— Хутка распачнецца і мінскі лядовы фестываль у Батанічным садзе. Чым яшчэ адрозніваецца беларускі лёд ад паўночнага?
— Наш лёд больш вільготны, мяккі, але гэта не робіць яго меней прыгожым. Я ўпэўнены (і гэта наша мара): трэба ствараць штучны павільён, каб не залежыць ад прыродных умоў і мець магчымасць і ў нас праводзіць фестывалі на высокім міжнародным узроўні. Цікавасць да лёду расце, і беларуская моладзь ужо актыўна ўдзельнічае ў такіх фестывалях. У мінулым годзе ў Магадане было аж тры беларускія каманды.
Мы не толькі марым пра свой павільён, але ўжо вельмі шчыльна займаемся гэтым пытаннем. Даследуем магчымасці. Я ведаю, што зараз майстры з Якуціі ствараюць крытыя лядовыя павільёны ў Маскве і Пецярбургу. Фінансуюць іх прыватныя камерцыйна зацікаўленыя асобы, паколькі такія мерапрыемствы могуць яшчэ і прынесці даход. Якуты пра лёд кажуць, што гэта радасць, і ў першую чаргу для дзяцей. Для мяне лёд яшчэ і ўнікальны матэрыял, бо гэта замёрзлая вада, а вада, як вядома, нясе інфармацыю. З якой эмоцыяй ствараецца скульптура, такую эмоцыю яна і аддае.
— Да таго, як вы пачалі працаваць з лёдам, які ў вас быў любімы матэрыял?
— Дрэва было і застаецца любімым, і гэта першы матэрыял, з якім я пачаў працаваць. Яно жывое, нават калі ўжо спілавана: у ім ідуць прыродныя працэсы, жывуць мікраарганізмы, яно кантактуе з асяроддзем, рэагуе на вільготнасць, на ім з’яўляюцца шчылінкі. З дрэвам можна працаваць недзе праз год пасля таго, як яго спілавалі, але лепей і больш часу пачакаць. У мяне асобныя кавалкі ляжаць гадамі, хаджу каля іх, чакаю кантакту. І надыходзіць момант, калі я гляджу і бачу ўжо завершаную ў маёй свядомасці працу. Толькі тады раблю эскіз.
— Вашы скульптуры звычайна падкрэсліваюць прыродную форму. Я не заўважала на іх стараннай, дэталёвай, суцэльнай апрацоўкі.
— Карыстаюся прынцыпам: мінімум убраць, каб атрымаць максімум. І сваім студэнтам, а выкладаю я ўжо 15 гадоў, заўсёды імкнуся гэта давесці. Дрэва, камень — ужо гатовая прыродная скульптура, мастак павінен знайсці свой мінімум. Я праціўнік таго, каб фарбаваць камяні, як гэта робяць ля дарог. Яны павінны ляжаць некранутымі — гэта кроплі, слёзы нашай зямлі, што выштурхнула іх на паверхню. Сярод апошніх і любімых работ — “Бярозавы сок”. У мяне быў кавалак бярозы, пад яе карой я ўбачыў парэз, які зрабілі, каб узяць сок. І адразу з гэтай шчыліны, падобнай да рубца на целе, узнікла жаночая постаць, якая слабее, засынае.
“Я ў скульптуры чалавек выпадковы”
— Адкуль у вас такая любоў да скульптуры?
— Я ў ёй чалавек выпадковы.
— Але ж выпадковыя людзі хутка сыходзяць, знаходзяць сабе іншую працу.
— У мяне атрымалася не так, як у большасці маладых людзей. Пасля школы рыхтаваўся паступаць на юрыдычны факультэт БДУ. Але на палове шляху зразумеў, што не маё гэта. І тут маці ўзгадала, што некалі я хадзіў у гурток разьбы па дрэве і мяне вельмі хваліў педагог. Вось так патрапіў у Мірскае рэстаўрацыйнае вучылішча. А там педагог заўважыў, як добра ў мяне атрымліваецца лепка, і параіў паступаць у мастацкае вучылішча. Потым я паступіў і ў акадэмію.
— Зараз вы самі выкладаеце ў Гімназіі-каледжы мастацтваў імя Івана Ахрэмчыка. Напэўна, туды прыходзяць дзеці, якія ўжо дакладна ведаюць, кім быць?
— Так. Але сітуацыі розныя ўзнікаюць, і вельмі частая, калі прыходзяць да мяне такія два “няшчасныя чалавекі”, якія авалодалі так званай сур’ёзнай прафесіяй. Напрыклад, мама — лінгвіст, тата — кіраўнік прадпрыемства, а іх дзіця ўвесь час сядзіць і лепіць, і лепіць... У іх вачах нямое пытанне — за што нам гэта? Таму і прывялі, бо не ведаюць, што рабіць. Маўляў, няхай паспрабуе, зразумее, што не патрэбна яму гэта. Кажу ім: “Вы шчаслівыя, і я як тата вам зайздройшчу. Людзі ўсё жыццё могуць шукаць сваю справу і так і не знайсці, а ў вас дзіця ўжо ведае, кім быць!”
— Вось прыходзіць таленавітае дзіця, якое лепіць увесь час, яму гэта цікава і патрэбна, магчыма, у яго ўжо і свае пэўныя пазіцыі ў творчасці ёсць. Што з ім рабіць далей, як вучыць?
— Такая адоранасць — і шчасце, і кара. З таленавітымі дзецьмі трэба быць вельмі асцярожнымі. Мяне вучні часта просяць сказаць, як і што трэба зрабіць, каб палепшыць работу. На такія пытанні ніколі не адказваю. Кажу, што магу навучыць рабіць, як сам умею, і ты будзеш так умець. А ці трэба — рабіць як Лявонаў? Думаю, што выкладчык павінен быць проста побач і навучыць аднаму — працаваць. Любымі спосабамі.
Нехта ў мастацтве мэтанакіравана ідзе адной лініяй, абірае свой матэрыял і працуе. У мяне не так. Раней я вельмі хваляваўся, што перабіраю розныя матэрыялы, што кідае мяне то ў адзін бок, то ў другі. Але цяпер разумею, што ў творчасці трэба ўлічваць і рэчы нябачныя — нехта гэта лёсам называе. Калі рухае мною нешта, каб пайсці ў гэтым кірунку, то трэба паспрабаваць. Невыпадковыя ж і гэтыя паездкі на край свету — у Магадан. Мама кажа: “Куды цябе нясе, як мне гэта перажыць?” На што адказваю: “Такі шлях”. І заўсёды ёсць работа: зараз лёд скончыцца — пачнецца дрэва, летам — камень. І гэта шчасце, калі творчасць прыносіць задавальненне і ўнутраны спакой.