Страты і адраджэнне

№ 52 (1387) 30.12.2018 - 05.01.2019 г

У мяне 2018-ы асацыюецца з рэзкай зменай пакаленняў. Адзін за адным сыходзяць старэйшыя творцы, якія ў пасляваенныя гады і ў час хрушчоўскай адлігі былі маладымі парасткамі нашай культуры. Сыходзяць так званыя шасцідзясятнікі. Іх месца паступова займае былое сярэдняе пакаленне, якое прыйшло ў прафесійнае мастацтва ў 1970 — 1980-я. Хаця, пагаджуся, заняць чыёсьці месца ў мастацтве папросту немагчыма — можна паспрабаваць сыграць тую ж ролю, а ўсё роўна яна атрымаецца іншай.

/i/content/pi/cult/725/15794/bun2_opt.jpegВядома, гэты працэс не аднагадовага вымярэння. Але сёлета ён стаў настолькі відавочным, што вымусіў задумацца пра надыход адпаведных стылёвых змен, якія, дарэчы, ужо пачаліся і ўсё больш замацоўваюцца. У мастацтве ўвогуле без працягу традыцый немагчыма. Нават калі ўзнікаюць рэвалюцыйныя памкненні зрабіць усё з дакладнасцю наадварот, цалкам абвергнуць складзеныя заканамернасці, раптам высвятляецца, што карані гэтай з’явы дзесьці ў глыбокай даўніне: сувязь часоў калі і парушаецца, дык усё роўна з часам аднаўляецца — вядома, па-новаму, з іншымі адценнямі і акцэнтамі, быццам дэманструючы неўміручасць самой душы кожнага з мастацтваў.

Калі ж адзначаць лепшае, што з’явілася за год, дык звярну ўвагу на нядаўнюю сусветную прэм’еру ў сталічнай філармоніі (і далейшую яе тэлетрансляцыю) буйнога вакальна-сімфанічнага твора Ларысы Сімаковіч “Скарына. Вяртанне” (словы Барыса Жанчака) з жанравым азначэннем “сем сцэн жыцця”. За такім знешне побытавым разгортам (нараджэнне, студэнцтва, маладосць, каханне, замежжа, вяртанне на радзіму, канец зямнога шляху) хаваецца таямніча-філасофскі зрэз — жыцця і самога Скарыны, і кожнага з нас. Дый паводле жанру гэта ні што іншае, як героіка-патрыятычная араторыя, толькі вырашаная зусім іначай, чым у былыя дзесяцігоддзі свайго савецкага росквіту — і па тэматыцы, і ў дачыненні да музычна-выразных сродкаў. Бо жанр, што нарадзіўся акурат у эпоху Скарыны і пачаткова ствараўся на біблейскія, евангельскія тэксты, зусім не вінаваты ў далейшых паваротах свайго лёсу.

Кампазітарская смеласць адрадзіла на новым гістарычным вітку яго сапраўдную веліч, праз сакральную лічбу “сем” і іншыя тонкія спасылкі вярнуўшы жанру боскі пачатак. Паказальна і тое, што партытура ўзнікла не да юбілейнай даты, а пасля яе — як адбітак доўгіх разваг кампазітара пра фігуру нашага першадрукара. І з’яднала, як і некаторыя іншыя творы Ларысы Сімаковіч апошняга часу, сучасную акадэмічную плынь (Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр, Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Рыгора Шырмы, за дырыжорскім пультам — Міхаіл Казінец) з прысмакам рок-стылістыкі (саліст — Ян Жанчак). Дык давайце ганарыцца!

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"