Сваю “Справу” займець

№ 51 (1386) 22.12.2018 - 29.12.2018 г

Чашніччына: работнікі культуры асвойваюць азы эканомікі
“Мне цікава жыць стала. Я нават паліць кінуў, бо хачу паглядзець, як унукі будуць расці”, — распавядаў мне старшыня Іванскага сельсавета Міхаіл Гацура. А жыў ён у Сяльцы, дзе разам з жонкай Валянцінай спяваў у народным фальклорным гурце “Прасніца”. Менавіта яна і праславіла Сялецкі дом фальклору. Ужо тады вёска была пенсіянерскай, але пявунняў хапала, каб той “спеўны” дом не сумаваў. Пісаў я пра гэта ў 2008 годзе. А сёлета даведаўся, што няма ўжо Міхаіла Гацуры. Дзякаваць Богу, з унукамі ўсё ж паспеў жыццю парадавацца. Старэйшы — ужо шасцікласнік, кажуць. Але дом фальклору скасавалі, і вёска — дажывае. З гэтай нагоды падкрэслю яшчэ раз: знікненню беларускай вёскі замінаюць не ўстановы культуры, а людзі, якія там працуюць. Схіляю перад такімі галаву.

Цяпіна адстаялі

Як бы там ні было, а жыццё доўжыцца. Хоць і знаходзяцца Чашнікі ўдалечыні ад галоўных аўтатрас, “спальным” раён назваць нельга. Страсці, можна сказаць, шэкспіраўскія кіпяць. Да прыкладу, у вёсцы Цяпіна (так, менавіта тут нарадзіўся Васіль Цяпінскі — асветнік-гуманіст, пісьменнік-перакладчык ды кнігавыдавец) узнікла вакансія клубніка. З’явілася падстава гаварыць пра непазбежнасць аптымізацыі ўстановы. Хоць і малалікае тут насельніцтва, але супраць скасавання клуба паўстала ўсёй дружнай грамадой. Стараста вёскі, як распавяла дырэктар Чашніцкага цэнтра культуры і народнай творчасці Ала Шасцітка, быў змушаны хуценька адшукаць на пасаду загадчыцы дваццацігадовую дзяўчыну. Цяпер у СК ужо два гурткі працуюць: дэкаратыўна-прыкладной творчасці і сольных спеваў. Застаецца спадзявацца, што дзяўчына адчуе смак стваральнай творчай справы і не стане шукаць лёгкага акрайцу. Дый дзе ён цяпер лёгкі?

/i/content/pi/cult/724/15782/16.JPGЦяпіна адстаялі, а вось Сялецк — не атрымалася. Які расклад чакаецца на заўтра? Пытанняў пакуль больш, чым адказаў.

Чашніцкі раён — не з самых заможных, таму хапае ў мясцовай культуры і праблемных пытанняў іншага роду. Не стае бензіну для аўтаклуба, бібліёбуса, для навуковых экспедыцый метадыстаў РДР. Адчуваецца дэфіцыт акампаніятараў, а калі яны і ёсць, дык іх у любы момант могуць падвесці састарэлыя музычныя інструменты. Тое ж самае — і са сцэнічнымі касцюмамі для самадзейных калектываў…

Я пацікавіўся, ці ёсць у мясцовага РДР база дадзеных літаральна на кожнага рамесніка раёна. Ёсць. Але гэта толькі спісы і партрэты. Не, само па сабе гэта добра: будзеш ведаць каго і калі з днём нараджэння, да прыкладу, павіншаваць. Але для мяне, дылетанта, база дадзеных рамеснікаў — гэта найперш відэазапіс манеры выканання таго ці іншага віду дзейнасці. Прынамсі, у любы момант кожны ахвотны можа тым дыскам скарыстацца, каб засвоіць сакрэты майстэрства. Аднак, і відэакамера для дома рамёстваў — мара ў Чашніках пакуль недасягальная. Атрымліваецца так. І хіба гэта — не толькі Чашнікаў. Як выпраўляць становішча пры мізэрным фінансаванні? Паспрабуем паразважаць на гэты конт крыху ніжэй.

Вы чулі пра травяны пояс?

Дзесяць гадоў таму Чашніцкі дом рамёстваў цясніўся ў маленькім драўляным дамку. Але і тады мяне ўразілі сваім майстэрствам і рамеснікі, і іх вучні. Цяпер РДР — у дыхтоўным цагляным будынку, дзе хапае месца і для адміністрацыі аддзела, і для РЦКіНТ. У выставачнай зале — лепшыя работы лепшых майстроў. З большасцю я знаёмы. Гэта саломкапляцельшчыца Тэрэса Худзякова; рэзчыкі Валерый Варчэня і Валерый Караблін; і рэзчыкі па дрэве, і ганчары Наталля ды Уладзімір Яленскія… Шмат новых для мяне постацяў, але не менш цікавых. Хоць і няма грошай на бензін, але ў навуковыя экспедыцыі тут адпраўляюцца (як і паўсюль у краіне) збольшага за свой кошт і робяць гэта досыць рэгулярна. І гэта таксама, як лічу, — высокая праява прафесіяналізму. Яшчэ дзесяць гадоў таму, чытаў у мясцовых справаздачах экспедыцыйнай дзейнасці пра адмысловую тэхналогію рэзкі шкла пад вадой. А адносна нядаўна, як мне распавялі метадысты, былі адшуканы і прывезены з Пераходцаў для аналітычнага разгляду нейкія зусім неверагодныя тканыя палавікі ды подсцілы. Была адшукана і тэхналогія ткацтва паясоў з травы. Што гэта — абярэг, сродак для знахарства ці лекі? Спадзяюся, майстры-метадысты адшукаюць адказы на гэтыя пытанні.

А вось пазнаёміцца з Ганнай Асіпковай з вёскі Гурэц не атрымалася і на гэты раз. Яна самы пашанотны, відаць, сябра народнага клуба раённых рамеснікаў “Майстар”. Вельмі тонкай душэўнай арганізацыі жанчына, вельмі хвалюецца пры сустрэчы з незнаёмымі. А потым сэрца доўга баліць. Не рашыўся я знаёміцца нахрапам. Між тым, Ганна Савельеўна, кажуць, адна такая ў Еўропе. У 1961 годзе яна скончыла знакаміты “мастграф” Віцебскага педінстытута, папрацавала настаўнікам малявання і чарчэння, а потым стала рэзчыкам па дрэве. Самыя цвёрдыя пароды выбірала. А з інструментаў у яе — сякера, долата, набор разцоў. Я б дорага даў, каб паглядзець, як кабета з разцом упраўлялася.

Пра пустэльніцу і яе творы ўжо нават легенды ходзяць. У Чашніцкім музеі захоўваецца драўляная скульптура Божай Маці разца Ганны Асіпковай. І вось аднойчы нібыта расколінка на ёй з’явілася. Пакуль думалі, як з бядой справіцца і яе наступствы ліквідаваць, расколінка тая сама па сабе загаілася. Кажуць, Ганна Савельеўна цяпер з сякерай не працуе, бо сэрца ашчаджае. Вярнулася, кажуць, да любімага жывапісу. А ён у яе лёгкі, пяшчотны, як нечаканы пацалунак дзіцяці.

Хацеў купіць што-небудзь з ганчарскіх вырабаў для сваёй калекцыі, але не атрымалася.

Сувенірныя крамы сябе не апраўдалі?

Гэтую выснову я пачуў менавіта ў Чашніках. Маўляў, абласныя рэкамендацыі такія. Калі не дае сувенірны салон гарантаванага даходу-прыбытку, дык навошта ён тады пры вельмі немалой аплаце ліцэнзіі на гандаль? А сувеніры, маўляў, няблага разыходзяцца і падчас фэстаў ды святаў. Я мо і пагадзіўся б з такой сентэнцыяй, калі б не журналісцкая парода, якая не дае супакаення ні нагам, ні розуму. Мо варта з іншага боку падысці да праблемы? Мо якраз да месца пытанне наступнае? А што трэба зрабіць, каб крамы тыя сталі паспяховымі ды запатрабаванымі? Дзе тыя выпускнікі кафедры менеджменту сацыяльна-культурнай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, якіх вучылі лічыць і разлічваць, рабіць і зарабляць?

Так, Чашнікі — удалечыні ад вялікіх дарог і высокіх гандлёвых прэтэнзій. Дык, мабыць, варта вывучыць сітуацыю, калі сувенірнай “сталіцай” стане старажытная Чарэя, якая знаходзіцца акурат на мінскай трасе? Менавіта тут трэці год запар будзе ладзіцца міжнародны фестываль-узаемадзеянне з гістарычным і прыродным ландшафтам Беларусі сродкамі сучаснага мастацтва Sprava. Новае аблічча гэтага ландшафту ствараюць суполкі мастакоў, музыкантаў, фалькларыстаў, рамеснікаў, гісторыкаў, якія ўлетку збіраюцца на паўвыспе Чарэйскага возера ля руінаў Троіцкага храма. А кружляе ўвесь гэты стракаты вір вакол асоб музыканта Мацвея Сабурава, яго жонкі рэжысёра Кацярыны Аверкавай і іх сябра музыканта Сяргея Краўчанкі, якія пераехалі ў Белую Царкву са сталіцы. Фестываль ужо ведаюць ці не ва ўсім свеце. А раптам пры такім раскладзе сувенірная крама на чарэйскай, скажам, плошчы і пачне радаваць запатрабаванасцю. Ды калі доўгатэрміновую рэкламную акцыю прыдумаць і прадумаць? Не веру, што нічога не атрымаецца.

А вось і маркетолагі!

На жаль, няма сярод работнікаў культуры Чашніцкага раёна маркетолагаў і менеджараў. Не даехалі, напэўна, і пасля размеркавання. Я проста ўпэўнены, што іх функцыю з поспехам выканалі б згаданыя Мацвей Сабураў, Кацярына Аверкава і Сяргей Краўчанка. Маладыя людзі маюць непасрэднае дачыненне да музыкі, тэатра, камерцыйнай дзейнасці, а таксама процьму аднадумцаў у самых розных сферах дзейнасці. Маглі б, але яны заняты сваёй “Справай”. А мяне цікавіць вось якое пытанне: а ці здольныя мясцовыя работнікі культуры (гіпатэтычна) прыдумаць і распачаць свой дабрачынны фэст для набыцця музычных інструментаў, відэакамеры, сцэнічных касцюмаў і гэтак далей? “Напэўна, не, — адказвае Мацвей. — У іх для гэтага ведаў няма”.

Я, у сваю чаргу, тлумачу, што акурат такія веды і даюць ім на шматлікіх курсах павышэння кваліфікацыі. А ў спадара Мацвея свае аргументы. Ён распавядае, што наступным летам пройдзе чарговая “Справа”. І толькі пасля яе мяркуецца, што ў фестываля з’явіцца выхад на канкрэтныя даходы. Тры гады таму ўвогуле каманда спрацавала ў мінус. Трэба было выплачваць ганарары ўдзельнікам, на царкву нічога не засталося, але прыйшоў досвед. “Мы не цураемся работнікаў культуры, запрашаем іх да ўдзелу, разам з імі вучымся, — працягвае Сабураў. — І толькі вопыт, здабыты ў ходзе практыкі, дасць магчымасць кожнаму займець сваю справу”.

Усё так і атрымліваецца. Як кажа кіраўнік Чарэйскага СДК і стваральнік вакальнага гурта “Натхненне” Людміла Клёс, удзел у канцэртных праграмах “Справы” дазволіць ім займець яшчэ адзін камплект сцэнічных касцюмаў. Дый у аднаўленні царквы, у тым, што край гэты становіцца ўсё больш прывабным, зацікаўлены, напэўна, кожны без выключэння чарэец. А ў кіраўнікоў “Справы”, як радасна сцвярджае Мацвей Сабураў, з’явіліся ўжо тры надзейныя партнёры з сусветнавядомых брэндаў. Адна фірма паставіць прадукты харчавання, другая — будаўнічыя матэрыялы, трэцяя — інструмент (не музычны, а рамонтна-будаўнічы).

Я вельмі задаволены тым фактам, што каманда Мацвея Сабурава жадае вельмі шчыльна працаваць з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Чашніцкага райвыканкама. Толькі такое добрасуседства, па маім цвёрдым перакананні, дасць магчымасць гаварыць пра з’яўленне першых парасткаў дзейснай эканомікі культуры, узведзенай у ранг творчасці.

Знаёмцеся!

З роду грамадзян ВКЛ

/i/content/pi/cult/724/15782/17.JPGЗвычайны бібліятэкар Таццяна Казлоўская асвойвае французскую мову, бо менавіта на ёй пісаў яе любімы паэт Оскар Мілаш. Што ў папярэднім сказе напісана няправільна? Тое, што Таццяна Міхайлаўна — звычайны бібліятэкар. Такіх бы “звычайных” — ды ў кожную б сельскую ўстанову. Бібліятэчная сістэма гора не ведала б. Але незвычайныя таму так і называюцца, што мала іх у разліку на сярэднестатыстычнага чытача. Вось ён, чытач, і ходзіць недагледжаны. А так бы па-французску ўсе размаўлялі.

“Бон суар, баба Гапа!” — “Бон суар, дзядзька Мішык!” Нейкая чарэйская пастаральная ідылія атрымліваецца. “Ды нічога не атрымліваецца, — смяецца Таццяна Міхайлаўна. — Я і падручнік знайшла, і сшытак завяла, але вучоба даволі павольна ідзе. Вы ж ведаеце, што такое — хата ў вёсцы. Ды яшчэ два каты, сабака, куры…”

Яшчэ ў пазамінулым стагоддзі Оскар Мілаш паехаў вучыцца ў Францыю. Атрымаў грамадзянства. Стаў першым прадстаўніком Літвы ў Францыі. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры Чэслаў Мілаш заўжды лічыў свайго роднага дзядзьку Оскара літаратурным настаўнікам. Оскар таксама быў паэтам, драматургам, пераклаў на французскую шэраг літвінскіх песень і казак. І яшчэ: заўжды лічыў сябе грамадзянінам Вялікага Княства Літоўскага.

Адкуль у Таццяны Міхайлаўны такая прага да прыгожага слова і высакароднага ўчынку? Ад бацькі, які прайшоў шлях ад забойшчыка да галоўнага эканаміста шахты, сабраў за гэты час цудоўную бібліятэку. Працэс чытання яна лічыць працэсам спасціжэння свету і сябе. А галоўнымі бібліятэчнымі ўменнямі называе веданне чытацкіх запатрабаванняў і стварэнне добрага настрою наведвальнікаў бібліятэкі. Тут разам не адзін пуд солі варта з’есці. Інакш кніга не стане стымулам для далейшага руху наперад. Не атрымаецца свята ад стасункаў з аўтарам.

Вакол бібліятэкара збіраецца не абы-які народ, і гэтае суладнае кола пастаянна пашыраецца. Французскі мецэнат польскага паходжання Бенедыкт Завіша-Даўгяла перадаў Таццяне Міхайлаўне французскамоўны двухтомнік паэзіі Оскара Мілаша. У ліку сяброў Казлоўскай — Мацвей Сабураў з Кацяй Аверкавай. Таццяне Міхайлаўнае вельмі падабаецца тое, што яны вяртаюць 950-гадовай Чарэі колішнюю славу бойкага мястэчка, што стаіць на галоўным гандлёвым шляху, а паўвыспе Чарэйскага возера і Троіцкаму храму новае старое аблічча. На такую вялікую справу здатныя людзі з псіхалогіяй колішніх грамадзян Вялікага Княства Літоўскага.

Прыязджайце ў Чарэю, станьце чытачом, прапануйце свае ідэі для неадкладнай рэалізацыі, і вы станеце сябрам бібліятэкара. Таццяна Казлоўская пакажа вам, дзе быў маёнтак Мілашаў, дзе засталася алея і распавядзе, што менавіта тут, пад засенню старасвецкіх дрэў, паэт напісаў свае прасякнутыя настальгіяй “Сімфоніі”.

Замест заканчэння

/i/content/pi/cult/724/15782/18.JPGУжо не рэкардсмены

І ўсё ж грошы на развіццё мясцовай культуры выдаткоўваюцца. З мясцовага бюджэту. Трэба аддаць тут належнае старшыні Чашніцкага райвыканкама Леаніду Пляшко.

Кіраўнік цэнтра культуры і народнай творчасці Ала Шасцітка распавяла, што раён да нядаўняга часу заставаўся рэкардсменам на Віцебшчыне вось у якім адмоўным плане: пры гарадскім Доме культуры адсутнічалі (даруйце за рэалізм!) прыбіральні, а ўсё адпаведныя зручнасці знаходзіліся ў двары. У выніку рэканструкцыі становішча якасна выпраўлена (ёсць прыбіральня нават для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі). Пры гэтым праца ГДК не спынялася.
Неўзабаве будуць заменены крэслы ў глядацкай зале. А ў дыскатэчным памяшканні распачаты касметычны рамонт.

І апошні камплімент, пераднавагодні. Такой прыгожай ялінкі, якая красуецца перад Чашніцкім райвыканкамам, я больш нідзе ў перадсвяточных камандзіроўках не бачыў.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"