У гонар Песняра

№ 45 (1380) 10.11.2018 - 17.11.2018 г

2 лістапада 2018 года ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбылася XXXІI навуковая канферэнцыя “Каласавіны — 2018”, прысвечаная 100-годдзю першага выдання паэмы Якуба Коласа “Сымон-музыка” і 95-годдзю выхаду паэмы “Новая зямля”.

Мерапрыемства распачала вучаніца СШ № 196 Соф’я Гаро, якая чытала вершы класіка. Канферэнцыю наведалі даследчыкі і ганаровыя госці не толькі з Беларусі, але і з Літвы, Польшчы, Расіі і іншых краін. Сярод іх — доктар гістарычных навук, прафесар Алесь Лакотка, пісьменнік, намеснік старшыні Беларускага Фонду культуры Анатоль Бутэвіч, паэт Навум Гальпяровіч, дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Іван Саверчанка, старшыня беларускай суполкі “Крыніца” з Клайпеды Мікалай Логвін, намеснік старшыні Таварыства беларускай культурнай спадчыны Друскенікаў Ірына Мудрова, а таксама дырэктар літаратурна-мастацкага музея Анастасіі і Марыі Цвятаевых з горада Аляксандраў (Расія) Леў Готгельф.

На пленарным пасяджэнні выступілі намеснік дырэктара Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Яўген Гарадніцкі і загадчык кафедры тэорыі і гісторыі культуры Сілезскага інстытута ў Катавіцах (Польшча) Эва Касоўская.

Тэмы дакладаў вылучаліся разнастайнасцю. У прыватнасці, даследчык Аляксей Ненадавец сканцэнтраваў сваю ўвагу на “Рыбалоўстве палешукоў у трылогіі Якуба Коласа “На ростанях”, старшыня фонду духоўнага і культурнага адраджэння “Сакавік” Марыя Міцкевіч распавяла пра стасункі Коласа і братоў Луцкевічаў, а дацэнт кафедры беларускай і замежнай літаратур Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Таццяна Хоміч засяродзілася на інтэрпрэтацыі Адама Бабарэкі паэмы “Сымон-музыка”.

Аляксей ШАЛАХОЎСКІ,
гісторык культуры