Словы пра паэта і рэдактара Алеся Пісьмянкова

№ 42 (1377) 20.10.2018 - 26.10.2018 г

Герой новага сяброўскага нарыса Адама Глобуса — паэт родам з Касцюковіцкага краю. Ён адышоў у лепшы свет усяго ў 47 гадоў, пакінуўшы па сабе не толькі дыхтоўныя ды шчырыя радкі, але і добрую памяць ва ўсіх тых, хто яго ведаў.

/i/content/pi/cult/714/15620/19.JPGРодныя словы

У Алеся Пісьмянкова ў вершах шмат любімых словаў, за якімі стаяць родныя вобразы. Найперш гэта: снег, славянства, студня, ранет, сяброўства, конь... Ёсць іншыя, але гэтыя — найперш.

Прыязнасць

У мяне з паэтам Пісьмянковым былі прыязныя адносіны. У мяне і з рэдактарам тыднёвіка “ЛіМ” Алесем Пісьмянковым адносіны складаліся выдатныя. З сакратаром саюза пісьменнікаў Алесем Уладзіміравічам Пісьмянковым я ні разу не пасварыўся, хоць і хацеў бачыць на той пасадзе іншага нашага паэта — Леаніда Галубовіча. Але пісьменнікі абралі ды прызначылі ў кіраўнікі Пісьмянкова, а не Галубовіча. Перакананы, яны яго абралі з-за прыязнасці ў адносінах, бо не толькі са мной у Алеся Пісьмянкова складаліся добразычлівыя і цёплыя, таварыскія і нават блізкія да сяброўства стасункі. Ён умеў выказаць павагу да старэйшых без ценю ліслівасці. Умеў выклікаць давер у маладзейшых за сябе. З ім лёгка і плённа працавалася.

Мянушкі

У Алеся Пісьмянкова была мянушка — Пісьмянок. Так яго клікалі сябры, так пра яго казалі і супрацоўнікі рэдакцый з пісьменнікамі. Ён моцна пастараўся, каб менавіта гэтая мянушка прыжылася і стала ягонай. Ён нават верш адпаведны напісаў з пафасным назовам “Балада роду”. У тым вершы ёсць радкі:

З пяром і з граматай у згодзе

Ён жыў. І незнарок,

Казалі, князь пры ўсім народзе

Яму імя даў — Пісьмянок.

Нашто так старацца? Чаму Алесь пісаў верш пра Пісьмянка? Пэўна, каб ягонае прозвішча не выклікала іншых, грэблівых асацыяцый, як тое здарылася з іншымі паэтамі — Пісарыкам і Пысіным. Іх прозвішчы калегі па цеху міжсобку трансфармавалі без шкадавання.

Жорсткія норавы, жорсткія языкі, гнюсныя мянушкі... Супраць іх і паўстаў Алесь Пісьмянкоў, паўстаў і выйграў змаганне за мянушку. Такое мала каму ўдаецца, але Пісьмянку ўдалося.

Жонка

/i/content/pi/cult/714/15620/18.JPGНіколі не бачыў жонку паэта Алеся Пісьмянкова, адно чуў пра яе. Першы раз я пачуў пра жонку Пісьмянкова, калі сказаў, што зазвычай першая кніга паэта — найлепшая, а калі не самая лепшая, дык адна з самых удалых. Так у Багдановіча, так у Купалы, так у Гаруна... “Сваю першую кнігу я не вельмі люблю. Разам з жонкай прачытаў яе разоў сто. Мы яе вычытвалі і перачытвалі. Правілі і шліфавалі. Мы так стаміліся ад маёй першай кнігі “Белы камень”, так яна нас змучыла, што я цяпер яе і не люблю...” — такое я пачуў ад Пісьмянкова.

І моцна здзівіўся, бо ніхто з маіх знаёмых пісьменнікаў і паэтаў не вычытваў і не выпраўляў уласныя кнігі разам з жонкай. Кнігі чыталіся з сябрамі, з паплечнікамі, з рэдактарамі ды карэктарамі, а тут — праца з жонкай. Здзівіла.

Падобным чынам мяне здзівіла абурэнне Алеся, калі я
няўдала штурхнуў яго на сцяну, і ён запэцкаў крэйдай новы пінжак: “Паглядзі, што ты нарабіў? Ты сапсаваў пінжак! Што я цяпер жонцы скажу?” Вядома, мяне толькі развесяліла гэткае баязлівае: “Што я цяпер жонцы скажу?” — “Адчысцім і адмыем мы твой пінжачок. Жонка твая і не заўважыць!”

Ці заўважыла спадарыня Пісьмянкова крэйду на мужавым пінжаку? Не ведаю. Пэўна,
заўважыла, але мне пра тое не казалі. Мне казалі пра іншае, казалі пра кватэру. Неяк я спытаў у Алеся: “Чаму ты не пайшоў у чатырохпакаёўку на Багдановіча?” Ён сказаў, што жонка не захацела жыць побач з інфекцыйнай клінікай, якая непадалёк адтуль — на Крапоткіна.

Мяне такая клініка не палохала. Чытарохпакаёўка дасталася мне, і жылося ў ёй проста выдатна, за што я нейкім чынам нават удзячны жонцы Алеся Пісьмянкова, якой ніколі не бачыў у рэальным жыцці.

Подпіс

Мастак Дзяніс Раманюк аднойчы ў шчырай размове прызнаўся: “Адносіны да сябе я правяраю адносінамі да майго бацькі. Калі чалавек не паважае майго бацьку і без разумення ставіцца да ягонай творчай спадчыны, ён мне малацікавы. Я не веру, што можна любіць мяне і ў той жа час не любіць майго бацьку. Выказаўся кепска пра бацьку ці ягоны твор? Усё! Гуд бай...”

У мяне такога радыкалізму няма, але падыход Дзяніса Раманюка я лічу цалкам правільным. Адно што, я вымяраю адносіны не кепскімі словамі, сказанымі ў бок таты, а добрымі справамі зробленымі для яго і ягонай спадчыны. Кепскія словы чалавек можа сказаць і ў запале, і ва ўзрушэнні, і не
падумаўшы. Добрыя справы робяцца марудна і свядома. Таму я паважаю ўсіх, хто дапамагаў і дапамагае мне з публікацыямі татавых твораў, ягоных дзённікавых запісаў і лістоў.

Я, напрыклад, удзячны рэдактару Алесю Пісьмянкову не толькі за словы павагі, сказаныя пра тату, а і за ягоны рэдактарскі подпіс, які дазволіў татавым дзённікам з’явіцца на газетных старонках.

Хрэстаматыйнасць

Алесь Пісьмянкоў у вершаскладанні абапіраўся на прыклады з класікі. У беларусаў ён выбраў Купалу, Коласа і Багдановіча, з рускіх паэтаў шанаваў Ясеніна, Блока і Фета. Сярод прысвячэнняў можна пабачыць прозвішчы Вярцінскага, Свіркі, Чыгрынава, Сіпакова, Федарэнкі. У вершах чытаем:

Словы бываюць росныя, —

Як у Вялюгіна позняга...

Чытаем далей:

Малюся слову,

А ў горных высях

Маўчаць сурова

Стральцоў і Пысін...

І яшчэ:

Нібыта з верша

Віці Шніпа

Азяблы ліст

Прыліп да шыбы...

Ніякіх выпадковых прозвішчаў. Ніякіх сумнеўных персанажаў. Толькі надзейныя, правераныя і пераправераныя паэты і празаікі. Толькі свае. Толькі нашы. Творчасць Алеся Пісьмянкова — суцэльна хрэстаматыйная, школьная.

Сум

На лепшай кнізе Алеся Пісьмянкова “Я не памру, пакуль жыву” залатымі літарамі пазначана серыя “Беларуская паэзія ХХ стагоддзя”. У гэтай серыі выйшла шмат адметных зборнікаў, сярод якіх былі кнігі нашых велічных класікаў. Безумоўна, ХХ стагоддзе — залаты век беларускай паэзіі.

Чытаючы і перачытваючы Пісьмянкова я адчуў востры сум, бо залатое стагоддзе беларускага вершаскладання засталося ў мінулым. Усё лепшае — ад Янкі Купалы да Анатоля Сыса — цяпер гісторыя літаратуры і тэксты ў анталогіях. На пачэсным месцы ў гэтай гісторыі і ў гэтых анталогіях вершы майго таварыша — Алеся Пісьмянкова. Хацеў бы я прамовіць за рускім класікам: “Мне грустно и легко; печаль моя светла...”, але ж мой сум не светлы, мой сум цёмны.

Коміксы

Апісваць знешнасць чалавека, чый фотаздымак можна лёгка адшукаць у сеціве — справа малапатрэбная. І ўсё ж я напішу колькі сказаў пра вобраз Алеся Пісьмянкова, бо ён быў для мяне важны. Светлавалосы, светлавусы, светлатвары Алесь выглядаў як ідэальны беларус, ідэальны славянін, ідэальны герой казкі пра волата-пераможцу. Да манументальнай знешнасці дадаваўся яшчэ і густы ды сакавіты бас.

Таму калі я пачаў працу над коміксамі, дык адразу ўбачыў, што знешнасць Алеся Пісьмянкова падыходзіць да выявы бога Вялеса, караля Стаха. У маім коміксе “Дзікае паляванне” паводле Уладзіміра Караткевіча на галоўную ролю караля я і прызначыў паэта Алеся Пісьмянкова. Вядома, у маім намаляваным варыянце ён адрозніваецца ад фотапартрэтаў, але сутнасць і светласць вобраза я захаваў. Прынамсі, стараўся захаваць.

Самаўпэўненасць

Заўжды мяне дзівілі самаўпэўненыя людзі, якія лёгка прамаўляюць пра перамогі над хваробамі, а часам нават кажуць і пра гіпатэтычную перамогу над смерцю. Жонка паэта Пісьмянкова Алена, якая пабаялася сяліцца ў доме непадалёк ад інфекцыйнай бальніцы, раптам робіць смелы запіс у форме звароту да мужа-нябожчыка: “Ніколі не зайздросціла тваім добрым знаёмым і сябрам. Яны былі заўсёды ў форме. У добрай літаратурнай форме. Упершыню я пазайздросціла 23 красавіка гэтага года маладой аўтарцы, якой ты рэдагаваў вершы. Яна была побач, у рэдакцыі часопіса “Вожык”, калі ў цябе пачаўся сардэчны прыступ. Калі б там была я, ведаю дакладна, ты б застаўся жыць”.

Смерць Алеся можна назваць лёгкай. Ён хацеў адкрыць фортку ў рэдакцыйным кабінеце. Узняў руку — і жыццё пакінула цела.

Некаму з нас наканавана жыць доўга, а ў некага век кароткі ці нават зусім кароткі. Але мы мераем чалавечае жыццё не толькі днямі, месяцамі ды гадамі. Мы доўга помнім добрыя справы зробленыя таленавітым чалавекам. Алесь Пісьмянкоў зрабіў шмат для таго, каб яго ўспаміналі цёплымі словамі.

Адам ГЛОБУС,
мастак, літарар