Вандроўнік у трох вымярэннях

№ 41 (1376) 13.10.2018 - 20.10.2018 г

Сёння адзначаецца 130-годдзе з дня нараджэння Язэпа Драздовіча. Мастак, скульптар, педагог, вучоны, пісьменнік, ён абышоў усю Беларусь наяве і падарожнічаў па Сонечнай сістэме ў сне, даследаваў мінуўшчыну і прадказваў будучыню. Да канца года ў Нацыянальным мастацкім музеі працуе выстава “Сусвет Язэпа Драздовіча”. Карэспандэнт “К” паглядзела яе разам з куратарам Вольгай Архіпавай і даведалася, як выглядаюць жыхары Сатурна і чаму сіле лепш проціпастаўляць розум.

/i/content/pi/cult/713/15603/12.jpgЭкспазіцыю адкрывае аўтапартрэт мастака, на якім ён выявіў сябе ў трох іпастасях — даследчыка космасу, этнографа-вандроўніка і педагога. Драздовіч быў упэўнены, што чалавек павінен адначасова знаходзіцца і ў мінулым, і ў цяперашнім, і ў будучым — каб ведаць, што ў яго за плячыма і для чаго жыве.

— Бачыце падцёкі і разводы? Партрэт, на жаль, не ў лепшым стане, яго адшукалі падчас экспедыцый па мясцінах Язэпа Драздовіча, — тлумачыць куратар выставы. — Гэта проста халсціна, нават без грунту. На адваротным баку — подпіс мастака, пазначаны год яго нараджэння — 1888, а таксама год стварэння карціны — 1943. Аўтапартрэт пачынае экспазіцыю невыпадкова. Ён як найлепей адпавядае мэце нашай выставы: паказаць розныя грані творчасці гэтай выбітнай асобы. Шмат чым ён займаўся паралельна: вандраваў, збіраў фальклор, вывучаў гісторыю, маляваў, запісваў свае астральныя сны… Таму творы для выставы мы разбілі на тэматычныя блокі: гісторыя, космас, народнае мастацтва, этнаграфія, містыка.

Замалёўкі мінуўшчыны

У гістарычна-этнаграфічным блоку прадстаўлены жывапісныя партрэты Усяслава Чарадзея і Францыска Скарыны, графіка з выявамі беларускіх гарадоў.

— Пра Язэпа Драздовіча кажуць як пра заснавальніка нацыянальнага гістарычнага жывапісу, — каментуе спадарыня Вольга падборку для першай часткі экспазіцыі. — Цікавасць да мінуўшчыны праяўляецца ўжо ў яго першым апублікаваным творы — вокладцы календара “Нашай нівы” за 1910 год. Надзвычай цікавая для нас і яго мастацкая рэканструкцыя драўлянай абарончай архітэктуры беларускіх гарадоў ранняга сярэднявечча — напрыклад, Мінскага замышча. Захапленне гісторыяй спадарожнічала Драздовічу цягам усяго яго творчага жыцця.

Што адразу прыцягвае ўвагу, дык гэта бездакорнае ў “тэхнічным” плане выкананне архітэктурных замалёвак — у тым ліку, і зробленых з натуры. Яно здзіўляе хаця б таму, што вышэйшай мастацкай адукацыі Драздовіч не меў. За яго плячыма была толькі знакамітая віленская школа Івана Трутнева. Але, мяркуючы па ўсім, базу там давалі нядрэнную.

/i/content/pi/cult/713/15603/13.jpgТапаніміка Месяца

Пераходзім да касмічных палотнаў: Сатурн і яго жыхары, архітэктура іншапланетных гарадоў, насельнікі Месяца…

— Гэтая тэма ўзнікла ў творчасці мастака на пачатку 1930-х гадоў, — распавядае куратар. — Сам ён лічыў, што валодае дарам прадказваць будучыню. А таксама ладзіў самнамбулічныя падарожжы па іншых планетах і Месяцы, а потым дэталёва і даткліва апісваў убачанае, не сумняючыся ў яго рэальнасці. Вандроўкі ў снах накладваліся на атрыманыя Драздовічам веды ў галіне астраноміі. Гэта ўжо ў 1960-я гады стала відавочна, што жыццё ў космасе без кіслароду і атмасферы немагчымае. А ў 1930-я гады ўяўленні пра планеты Сонечнай сістэмы былі зусім іншыя. Многія сур’ёзныя навукоўцы былі перакананыя, што яны заселеныя. У прыватнасці, лічылася, быццам на планеце Сатурн кантрасны клімат. І вось, мы бачым на карцінах Драздовіча сатурнян, якія — зусім па-нашаму — гукаюць вясну або рыхтуюцца да зімоўкі.

Побач з карцінамі змешчаны яшчэ і ўрыўкі з тэкстаў Язэпа Драздовіча з каментарыямі, з якіх зразумела, напрыклад, чаму сатурняне — гэта істоты без вушэй і з безбялковымі вачамі. Такімі мастак убачыў іх у сне.

— Пра Месяц ён таксама шмат пісаў. Фактычна, першым з беларусаў прадказаў, што чалавек ступіць на яго паверхню. Але Драздовіч думаў, што там ёсць цэлыя гарады! Адзін з іх — Трывеж, — звяртае ўвагу куратар на яшчэ адзін пейзаж і паказвае яго адваротны бок, дзе намаляваны Маладзік, а на ім кропкай пазначана месцазнаходжанне Трывежа. Тут ёсць нават набліжаны план горада.

— Убачыць гэта не менш цікава за саму карціну, — усміхаецца мастацтвазнаўца. — Не да ўсіх, але шмат да якіх работ Драздовіч сам пісаў такія тлумачэнні на адваротным баку: што гэта намалявана, як ён гэта ўбачыў, як зразумеў. Напрыклад, паглядзіце на графіку з серыі “Жыццё на Месяцы”. Вось гэтыя істоты — луніды-хімероіды, якія хаваюцца на гары Сігнал, а гэтыя — луніды-антрапоіды, што ратуюцца ад лёду, які растае. Сама я б гэтыя назвы наўрад ці прыдумала — такія апісанні пакінуў мастак.

Ёсць у экспазіцыі і адмысловая карта Месяца — каменны шар на драўлянай аснове. Кропачкі на камяні — месцы, дзе пабываў у сваіх снах Язэп Драздовіч.

— На рэальнай карце Месяца каля 60 кропак, якія маюць назву, — дадае куратар. — А ў Драздовіча іх болей! Пасля падарожжаў у снах мастак распавядаў, што бачыў гарады ў кратэры Платона ці Каперніка. Пасля Другой сусветнай вайны Драздовіч вёў дзённік, у якім сам задаваў пытанні і на іх адказваў — штосьці накшталт навуковай працы, хто мы, дзе мы ў сусветным маштабе. Яго вельмі займала гэта пытанне.

/i/content/pi/cult/713/15603/14.JPGЗ усіх работ Язэпа Драздовіча, якія да нас дайшлі, большасць прысвечана менавіта касмічнай тэматыцы.

— Ён сам паклапаціўся пра іх захаванне — усе свае касмічныя серыі мастак пераплятаў і здаваў у Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча, — кажа куратар выставы. — Частка работ, архівы, кнігі засталіся пасля ў Літве. Але частка ўсё ж такі трапіла і ў беларускую Акадэмію навук, у музеі. Штосьці збіралі нашы супрацоўнікі ў экспедыцыях па Беларусі.

Лебедзі да вяселля

Касмічныя матывы змяняюць кветкі, птушкі, лодкі ды лугі-палі на льняных дыванах, якімі з другой паловы 1930-х было модна ўпрыгожваць хаты. Побач з маляванкамі прадстаўлены яшчэ і драўляныя анёлы, посахі, шкатулкі — усё, што ён рабіў па замове простых сялян. Не спазнаўшы прызнання ў “вялікім свеце”, мастак кінуў жыццё надгаладзь у Вільні і вярнуўся ў родныя мясціны. Апошнія два дзесяцігоддзі свайго жыцця ён быў вандроўным мастаком.

— Гэта давала яму сродкі для існавання, якіх мастаку заўсёды не хапала, — тлумачыць спадарыня Вольга. — У той час распісаныя дываны былі вельмі папулярным упрыгожаннем дома, бо іншых простыя людзі не маглі дазволіць сабе купіць. Яны не ўмелі ні чытаць, ні пісаць, яшчэ не ведалі нават, чаму дзень змяняе ноч. Уявіце сабе рэакцыю вясковых жыхароў, калі да іх прыходзіў Драздовіч і пачынаў расказваць пра планеты, што круцяцца вакол сонца — а такія лекцыі ён ладзіў ці не ў кожнай хаце! Яму замаўлялі маляванкі, пейзажы для хат.

Маляванкамі тады займаўся шмат хто, кірмашы былі імі заваленыя. Для іх стварэння выкарыстоўвалі звычайную льняную тканіну, якую фарбавалі ў чорны колер і паверх яе малявалі. Існавалі строгія каноны, як гэта трэба рабіць. Дываны лічыліся святочнымі. Калі, напрыклад, на іх лебедзі — значыць, перад намі падарунак на вяселле.

Самая позняя работа на выставе — маляванка “Красналюдка-бай” 1948 года: гном у атачэнні лясных звяроў і птушак.

— Мне падаецца, выява хоць і казачная, але сам гномік нагадвае аўтапартрэт, — усміхаецца куратар. — Мяркую, такімі народнымі замовамі мастак і зарабляў да канца дзён. Пра яго пасляваенныя творы мала што вядома. З 1950-х гадоў толькі маляванкі і захаваліся.

Ды і тыя таксама не ў лепшым стане — фарба аблупілася, тканіна пацерлася.

— Усё гэта было адшукана ў 1970 — 1980-я гады падчас экспедыцый па мясцінах Язэпа Драздовіча, — дадае Вольга Архіпава. — Зразумела, што тыя маляванкі ўжо нікому не былі патрэбныя, таму на іх ссыпалі бульбу ці яшчэ як-небудзь выкарыстоўвалі ў гаспадарцы. Каб уратаваць творы, вывозілі іх у музей. Некаторыя нават ужо і не пакажаш на выставе, — са скрухай кажа куратар.

Падарожжы ў 3D

— Са спадчынай Язэпа Драздовіча нам пашанцавала. Усё ж такі, як самі бачыце, захавалася даволі шмат, — завяршае экскурсію па выставе Вольга Архіпава. — Мы сабралі тут каля 70 твораў з калекцый некалькіх беларускіх музеяў. Вельмі хацелася прывезці з Польшчы зробленыя Драздовічам тэатральныя дэкарацыі — велізарную халсціну з выявай Мірскага замка. Было б цікава яе ўбачыць, але яна патрабуе рэстаўрацыі, і паказаць гэты твор наведвальнікам пакуль немагчыма.

Дасюль невядомы лёс тых прац Драздовіча, якія ён стварыў падчас сваёй службы вайсковым фельчарам, што доўжылася ажно сем гадоў, захапіўшы і перыяд Першай сусветнай вайны. Хаця, паводле іх апісанняў, ужо ў гэтых ранніх творах праявілася самабытнасць мастака-правідца.

— Мне падаецца, гісторыя Драздовіча — натхняльны на ўсе часы прыклад таго як можна займацца творчасцю, нягледзячы на няпростае жыццё, — перакананая Вольга Архіпава. — Мастак перажыў дзве вайны, цягам амаль усяго жыцця меў крайнюю нястачу, але верыў, што дух чалавека можа спасцігнуць душу Сусвету. І ўласны свет, які ён ствараў у сваіх работах, быў для яго таксама рэальным. Я мару, каб хтосьці візуалізаваў яго ў 3D! Уявіце, як здорава было б хаця б віртуальна павандраваць па тых касмічных гарадах, якія Язэп Драздовіч бачыў у свах самнамбулічных падарожжах!

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"