“Мы апынуліся ў казцы”

№ 38 (1373) 22.09.2018 - 30.09.2018 г

“Я з хваляваннем чакаю сустрэчы з гледачом, яго рэакцыі — за два з паловай месяцы мы зрабілі неверагоднае”, — прызнаўся пару дзён таму ў размове з “К” дырэктар Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Яўген Клімакоў. Але ўчора ў будынку на вуліцы Энгельса, 20 адкрыўся чарговы сезон, і ўсе хваляванні адпалі. Да свайго 80-годдзя і самому сабе, і сваім прыхільнікам тэатр зрабіў доўгачаканы падарунак — цалкам абнавіў глядзельную залу. Змены, відавочна, да лепшага.

/i/content/pi/cult/710/15552/19.JPG— Нараканняў апошнім часам гучала шмат. Асабліва дзецям было нязручна глядзець спектаклі, таму што ўзровень падлогі пад усімі шэрагамі амаль аднолькавы, — патлумачыў Яўген Віктаравіч. — Мы спрабавалі ў свой час яго крыху падняць на некалькі сантыметраў, але ўсё адно гэтага недастаткова. Цяпер паднялі на метр трыццаць, заслалі падлогу гукаізаляцыйным пакрыццём, замянілі старыя крэслы і пашырылі праходы паміж імі. Крыху абнавілі абсталяванне, зрабілі для асвятляльнікаў балкон. Сцяну, якая мяжуе з залай кінатэатра “Піянер”, таксама пакрылі гукаізаляцыйнымі матэрыяламі і спадзяемся, што цяпер падчас прагляду спектакляў увагу гледачоў ужо нічога не будзе адцягваць.

Абнавіць сцэну — задача на наступнае лета. І гэта толькі адзін з крокаў на шляху паляпшэння сваёй прасторы, якім тэатр няўхільна рушыць больш за паўстагоддзя. З таго моманту, як нарэшце атрымаў свой дом — толькі на 28-ы год існавання.

“Пакуль у нас нічога няма”

Гісторыя Дзяржаўнага тэатра лялек пачалася ў 1938 годзе ў Гомелі. Звесткі пра гэты час засталіся ўрыўкавыя і няпоўныя. Тым больш, неўзабаве пачалася вайна, і калектыў увогуле раз’ехаўся. А вось пра 1950-я, калі тэатр пераехаў у Мінск, вядома ўжо крыху больш — прычым непасрэдна ад тых, хто фактычна ствараў трупу нанова. Артыстка Лідзія Мікула трапіла ў яе ў 1952 годзе, калі лялечнікам толькі-толькі далі памяшканне на другім паверсе тэатра оперы і балета.

/i/content/pi/cult/710/15552/20.JPG— Побач там знаходзіліся два пакоі, — згадвае суразмоўца. — Адзін з іх займаў тэатр драмы і камедыі, адкуль я акурат вырашыла звольніцца. Другі ж пакой вылучылі тэатру лялек, куды Сяргей Мерзлякоў пачынаў набіраць людзей. Памятаю, падышоў ён да мяне: “Лідзія Сяргееўна…” Так дзіўна і смешна стала — мне ж толькі 18 гадоў было! Ён сказаў: “Мы толькі пачынаем, пакуль у нас нічога няма”.

Разам з Лідзіяй Сяргееўнай набралі пяць акцёраў.

— Пакуль вызваляўся пакой у оперным, мы ўсе працавалі ў кватэры Мерзлякова на Куйбышава, — распавядае артыстка. — Ён сам распісваў на фанеры дэкарацыі, выпільваў іх. Мы сваімі рукамі шылі лялькі і касцюмы. Так працавалі каля месяца.

Затым рэпетыцыі перанеслі ў “афіцыйнае” памяшканне. І ўжо неўзабаве калектыў стаў ездзіць па школах і дзіцячых садках.

— Пачыналі мы з пальчаткавых лялек, у нас была перасоўная шырма — і так мы гралі два — тры спектаклі. Памятаю п’есу “Следапыты”, якую Мерзлякоў сам напісаў. Тады яна падавалася такой цікавай і незвычайнай — як, напэўна, і ўсё напачатку. Цяпер жа зразумела, што гэта была даволі прымітыўная гісторыя: дзеці гулялі ў разведчыкаў, — кажа Лідзія Сяргееўна. — У хуткім часе наш пакой спатрэбіўся мастацкім майстэрням опернага тэатра, таму нас перасялілі фактычна ў былую курылку, яшчэ меншую за ранейшае памяшканне. У ёй не было нават стала ці крэслаў, але мы праводзілі там увесь час — днём рэпетавалі, увечары нешта шылі, або заставаліся на оперу ці балет. І вось там мы пратрымаліся, пакуль не атрымалі памяшканне на праспекце.

“Дзіцячых спектакляў чакалі дарослыя”

На праспекце — гэта ў доме на Энгельса, 8. Там, дзе цяпер уваход у метро на станцыю “Кастрычніцкая” і магазін мабільнай сувязі, у 1950-я размяшчаўся рэпетыцыйны пакой, бутафорская майстэрня, кабінеты, склад, бухгалтэрыя.

— Мы апынуліся ў казцы, цяпер ужо ва ўсіх сэнсах, — смяецца Лідзія Сяргееўна. — Вокны былі вялізныя, ад падлогі да столі, мы называлі іх тэлевізарамі. Як перапынак у рэпетыцыі — усе адразу ішлі туды. Тады ў тэатр прыйшлі мастакі, таму ў нас з’явіліся трысцявыя лялькі. Карацей, прагрэс пайшоў. Мы пачалі ставіць спектаклі і для дарослых. У трупу набралі больш людзей, але цяпер мне ўжо складана ўзгадаць, хто і калі дакладна працаваў. Усё мянялася, і хутка… Пакуль Ляляўскі не прыйшоў — што называецца, надоўга.

Анатоль Ляляўскі стаў мастацкім кіраўніком тэатра ў 1956 годзе.

— Часам тата браў мяне з сабой на работу, — расказвае Аляксей Анатольевіч Ляляўскі, які ў 1986-м замяніў на гэтай пасадзе свайго бацьку. — У галоўнага мастака — Леаніда Міхайлавіча Быкава (прыйшоў у тэатр у 1957 годзе — “К”) — быў акварыум. І традэсканцыя. Тата пасмейваўся з гэтай жывой прыроды. А мне падабаліся рыбкі. А яшчэ — сядзець на падваконні і пазіраць у акно.

Каб паглядзець спектаклі, хлопчыку трэба было разам з трупай кудысьці ехаць — усе паказы ў той час адбываліся толькі на выездах.

— Ніколі не забуду, як выбраліся мы зімой некуды, здаецца, пад Мёры, — згадвае Лідзія Сяргееўна. — Дарог не відаць — метровыя сумёты. А мы ж на грузавой машыне — проста на скрынях у кузаве! Адміністратар пешшу кіламетраў пяць да бліжэйшай вёскі ішоў за трактарам, каб нас выцягнулі. Часта даводзілася выклікаць падводы ці нават самазвал. Падчас выправы ў Калінінградскую вобласць арганізавалі нам паказы дзесьці на Куршскай касе. І тут раптам і прыліў, і моцны дождж. А білеты ўсе прададзены — дарослыя людзі так чакалі дзіцячыя спектаклі! Наш адміністратар
пайшоў перад машынай па гэтай вадзе і палкай, бы лотам, правяраў, дзе якія яміны, ці можна праехаць. Хапала ў нас на гастролях прыгод!

Басейн з залатымі рыбкамі

Толькі ў 1966 годзе ў калектыву з’явіліся не толькі рэпетыцыйныя памяшканні, але і свая глядзельная зала, дзе можна было нікуды не выязджаючы паказваць спектаклі — у тым самым будынку на вуліцы Энгельса, дзе яны ідуць і цяпер. Але паколькі першапачаткова “Піянер” задумваўся менавіта як дзвюхзальны дзіцячы кінатэатр, тую частку, якую аддалі тэатру лялек, пад яго патрэбы адаптуюць яшчэ і па сёння.

— Пераезд — гэта падзея! Артыстам на ўсіх далі два невялікія грымпакоі, але для нас і тое было шыкам, — смяецца Лідзія Сяргееўна. — Вось калі тэатр стаў стацыянарным, і пайшлі сур’ёзныя дарослыя спектаклі, мы былі на вышыні! Яшчэ на павароце да нас ад вуліцы Карла Маркса пыталіся лішні білецік. У касе
заўжды пісалі абвесткі, калі на наступны месяц пачнуць прадаваць квіткі. На кожны дзень пэўная колькасць выпісвалася. Дык людзі станавіліся ў чаргу з раніцы! Прыходзіў чалавек, які правяраў, колькі хто купіў і ці не прыхавала сабе што касірка. Ажыятаж быў і на дзіцячы рэпертуар.

— На ўсе спектаклі я хадзіў, але яны мяне мала цікавілі, — узгадвае Аляксей Ляляўскі (на момант пераезду тэатра яму было 9 гадоў). — Уражвала іншае. У фае раслі невялікія пальмы, толькі не ў вазонах, як цяпер, а наўрост з падлогі. І басейн з залатымі рыбкамі, абкладзены па борціку кавалкамі каляровага шкла! Усе дзеці там “заліпалі” перад паказамі. Хаця некаторыя спектаклі таксама з задавальненнем узгадваю. Таго ж “Ката ў ботах” старога — вельмі смешны быў. Я любіў за шырмай глядзець спектаклі, дзе акцёраў бачна. Вось там цікава было, але ўсё адно не адчуваў захаплення. Проста прыходзіў да таты на працу. Яго кабінет быў спачатку на першым паверсе, побач з цяперашнім пажарным выхадам з залы. Пакой вузенькі-вузенькі. Там змяшчаўся толькі стол і крэсла. Каб адчыніць акно, трэба было спачатку прыбраць са стала. Я чытаў там кніжкі, маляваў.

Асобны службовы ўваход, буфет, балконы для тэхнічных службаў — усё гэта з’явілася ўжо значна пазней. Другі паверх надбудавалі толькі 15 гадоў таму.

— Напачатку ўсе радаваліся, што хаця б так. Пагатоў, у большасці тэатраў лялек Савецкага Саюза лёс быў невясёлы — што далі, тое і далі, — кажа Аляксей Анатольевіч. — Размовы пра асобны будынак для нас пазней заводзіліся, але ўсе разумелі, што спецыяльна для тэатра ніхто нічога будаваць не будзе — калі толькі прыстасоўваць нешта на ўскраіне. Вырашылі, што лепш застацца там, дзе ўжо пачалі штосьці рабіць. Першы спектакль я нават здаваў у інстытуце, бо ў тэатры ішоў рамонт. Яшчэ адзін выпускаў пад гук перфаратара, а ў зале стаялі рыштаванні, праз якія я спрабаваў разгледзець, што там артысты на сцэне робяць. Таму тое, што мы цяпер маем — велізарны скачок у параўнанні з тым, што было і нават магло б быць.

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"