— Новы сезон — новая музыка, — гаворыць мастацкі кіраўнік галоўнай музычнай установы краіны, заслужаны артыст Беларусі Юрый Гільдзюк. — Асаблівасць любога філарманічнага сезона, у адрозненне ад тэатральнага, — у павышанай колькасці прэм’ер. Бо гэта і новыя творы, і новыя праграмы, і новыя выканаўцы. Што ні канцэрт — прэм’ера!
У гэтым пераканалі нават першыя вечары, дзе побач з сусветнымі шэдэўрамі гучалі айчынныя творы. Міжнародны дзень музыкі, што прыпадае на 1 кастрычніка, будзе адзначаны ўверцюрай Вячаслава Кузняцова “Трыумфаванне з выпадку…” Наступным тыднем вечарынай “Мой родны кут” працягнецца святкаванне 80-годдзя Ігара Лучанка. У сярэдзіне лістапада — сусветная прэм’ера чарговай буйной партытуры Ларысы Сімаковіч “Скарына. Вяртанне. Сем сцэн жыцця”.
Больш чым калі будзе і сумесных міжнародных праектаў. І гэта не толькі фестывалі! Ансамбль “Класік-Авангард” выступіць разам з польскімі калектывамі. Знакаміты баяніст Уладзіслаў Плігаўка — з літоўскім ансамблем Subtilu-Z і расійскім акардэаністам Мікітам Уласавым. Гродзенскі піяніст Кірыл Кедук — з французскім трубачом Гі Мішэлем Туўронам. Апошні канцэрт, дарэчы, адбудзецца ў рамках новага абанемента “Залатыя дуэты” Дзяржаўнага камернага аркестра. Сачыце за афішамі!