Пагонны метр нязбыўнай мары

№ 31 (1366) 04.08.2018 - 11.08.2018 г

Жлобіншчына: пра рэкламу, Мурзіка і парваны баян
Даводзілася бачыць культуру Жлобінскага раёна ў самых розных яе праявах. У 2009 годзе, да прыкладу, пісаў пра цякучку кадраў, пра частыя змены кіраўніцтва аддзела культуры і як вынік — пра не надта высокую дысцыпліну сельскіх работнікаў культуры. Становішча з таго часу значна стабілізавалася. Пераканаліся ў гэтым і падчас выязной рэдакцыі “К” (2012) у шэраг раёнаў Гомельшчыны. Сёння застаецца толькі згадваць, што быў час, калі пэўныя клубы ў рабочы час былі зачынены без дай прычыны, дзе-нідзе буяла пустазелле, а дах у дзіцячай бібліятэцы безнадзейна працякаў.

/i/content/pi/cult/703/15414/16.jpgЧырвоны ці Красны?

Даўно заўважыў: штосьці не шанцуе работнікам культуры Гомельскай вобласці са службовым транспартам. Да прыкладу, на Жлобіншчыне больш-менш прыстойна выглядае толькі бусік нямецкай вытворчасці. ПАЗік — на рамонце, а “Газель” выглядае так, што нібыта вось-вось разваліцца. І як мы на ёй ці не палову раёна аб’ехалі? Напэўна, не час яшчэ забывацца на тое, што дадзеныя мясціны пацярпелі ад чарнобыльскай бяды, і што дзяржаўны клопат пра мясцовых жыхароў неапраўданым капрызам ніяк не назавеш.

Другая праблема — гэткая ж глабальная, як і першая. Праўда, вырашэнне яе і ад мясцовых улад у пэўнай ступені залежыць. Маю на ўвазе эфектыўную прыдарожную рэкламу, пра сённяшнюю неабходнасць якой “К” піша гэтак жа часта, як і пра рэбрэндынг рэгіянальнай культуры. Дык вось, ёсць у раёне населены пункт Чырвоны Бераг. Адны тлумачаць назоў тым, што было тут калісьці шмат чырвонай гліны. У дадзеным выпадку такая назва — цалкам апраўданая. Іншыя схіляюцца да другой версіі: прырода тут вельмі маляўнічая, прыгожая, таму магнат Козел-Паклеўскі і выбраў тут месца для летняй рэзідэнцыі. Калі так яно і было, дык вёску варта называць Красны (прыгожы) Бераг. Ці не час урэшце з версіямі вызначыцца?

А на Жлобіншчыне з гэтымі назвамі — пакуль вэрхал. Адзін указальнік, што паказвае на сядзібна-паркавы комплекс, кажа адно, а ўказальнік на населены пункт — зусім іншае. Вельмі крыўдуе з-за гэтага кіраўнік філіяла Жлобінскага краязнаўчага музея (філіялам, як вы здагадаліся, стала сядзіба Козел-Паклеўскага) Марыя Ткачова. Маўляў, многія аўтатурысты ў пошуках Краснага Берага цалкам ігнаруюць Чырвоны і беззваротна праязджаюць міма. І не таблічкі тут патрэбны, а маштабныя маляўнічыя банеры (і далёка не адзін). Дарэчы, вось яшчэ тэма для асобнага артыкула сацыяльнай значнасці, дзе прагучалі б хаця б прыблізныя адказы на пытанні “Колькі каштуе сацыяльная рэклама?” і “Ці ёсць у краіне сістэма прыдарожнага інфармавання?”

Мурка дамавіка не баіцца

Дзевятнаццаць гадоў — каціны век. Роўна столькі цягнулася рэканструкцыя сядзібы ў Красным Беразе. Коціка Мурзіка ці не з першых дзён прылашчылі і пакінулі на аб’екце рабочыя. Коцік пражыў дзевятнаццаць гадоў, быў адданым вартаўніком будоўлі. Перад смерцю прывёў замену — котку Мурку. Яна асвоілася імгненна: хоць мясцовага дамавіка і не баіцца, але ў музейныя залы не заходзіць, варту нясе на вуліцы і застаецца галоўнай гераіняй усіх перадмузейных турыстычных фотасесій. Так, турысты наведваюць аб’ект досыць актыўна. Аднак, на думку Марыі Ткачовай, іх магло быць і паболей пры прадуманай рэкламнай кампаніі.

Мы разам пасумавалі па колішняй Дзяржпраграме “Беларусь — краіна замкаў”. Нават і згадваць не хочацца, што скасавалі яе з-за недастатковага фінансавання. У выніку аншлагам забяспечаны толькі Мір ды Нясвіж. А Жылічы, а Косаўскі палац, а Красны Бераг? Можна колькі заўгодна гаварыць пра турыстычны імідж Беларусі, але ад гэтага ён не стане трывалым і прывабным. Не вялікі я эканаміст, але ведаю, колькі ўкладзеш, столькі, як мінімум, і атрымаеш. А з такой базай, як у Красным Беразе, толькі пра максімум варта думаць. Гэтага ж меркавання прытрымліваецца і Марыя Дзмітрыеўна. План па аказанні платных паслуг выконваецца. Апрача экскурсій ахвотным прапаноўваюцца рэгістрацыя шлюбу, фотасесіі, рэканструкцыі баляў, віншаванні юбіляраў. Не забывайце: ёсць тут і старасвецкі парк з алеямі і рэчкай Добаснай. Няма пакуль што чоўнаў ды карэт для няспешных шпацыраў. Я чамусьці не сумняюся, што з часам з’явяцца і яны.

Дзе фіранкі прыдбаць?

— Пра што канкрэтна пісаць будзеце? — запыталася Марыя Ткачова. — Пра магнатаў увогуле, канкрэтна пра Козел-Паклеўскага ці пра тагачасную сядзібна-палацавую архітэктуру?

Я вырашыў, што пісаць буду пра стаўленне кіраўніка да сваёй установы культуры. Думаю, іншым будзе вельмі карысна пазнаёміцца. Я запытаўся ў Марыі Дзмітрыеўны, што ёй псуе настрой. Яна сама паказала ўсё.

Аднаўленне ўнутранай аздобы ішло сёмым этапам (пачыналі з даху). Калі чагосьці не хапала, будаўнікі казалі: “Потым!” Гэтае слова цяпер для Марыі Ткачовай — самае нелюбімае. “Потым” — на мове абыякавага азначае “ніколі”. Перыметр адмысловых карункаў на лесвіцы пакрыты сусальным золатам. Яго не хапіла роўна на пагонны метр над дзвярыма другога паверха, што вядуць у будуар. Усё блішчыць, а гэты метр цьмяны, як настрой у кіраўніка філіяла. Паколькі гаспадары любілі вандраваць, дык і залы ў рэзідэнцыі аформлены па іх загадзе ў стылі розных краін. У арабскай, да прыкладу, столя — у мудрагелістым маўрытанскім арнаменце. Але без жырандолі (“Потым!”), замест яе — звычайная лямпачка. Адно толькі добра, што энергазберагальная. На пэўных вокнах няма фіранак — “Потым!” Дзе і за што іх цяпер прыдбаць?

І ўсё ж Марыя Дзмітрыеўна знаходзіць сілы радавацца. Сярод наведвальнікаў знаходзяцца неабыякавыя. Пасля іх візітаў палац багацее гадзіннікам, іконамі, дробным антыкварыятам. Але ўсе рэкорды дабрачыннасці пабіў гомельскі калекцыянер Сяргей Пуцілін, які аддаў палацу ў арэнду частку сваёй мэблевай калекцыі. Слава Сяргею Леанідавічу, але хацелася б, каб самым лепшым мецэнатам заставалася дзяржава.

Музейшчыкі Краснага Берага, натуральна, ратуюць сябе і самі. Атрымалі 18 тысяч прааанаўскіх еўра, частка іх пайшла на набыццё цудоўнага гасціннага гарнітура з адмысловымі эмалевымі мініяцюрамі на спінках крэслаў. Астатнія грошы выкарыстаны для добраўпарадкавання парка і сядзібы. Цяпер актыўна думаюць, як яшчэ прыцягнуць увагу Еўрасаюза.

Ёсць у Рэкце “Гасцёўня”

Хто што ведае пра Рэкту? А шкада. Зноў рэкламная праблема. А Рэкта заслугоўвае, каб пра яе ведалі калекцыянеры, аматары нестандартных сувеніраў ды традыцыйных беларускіх рамёстваў, а яшчэ — гаспадары сямействаў, якія хочуць
паўнацэнна адпачыць на прыродзе. Паспрабую хоць неяк кампенсаваць рэкламную нішчымніцу.

У вёсцы Рэкта працуе дом рамёстваў “Гасцёўня”. Назва дакладна перадае яго спецыфіку. Сюды можна і трэба завітаць для вельмі слушнага і карыснага для ўсіх адпачынку. Часовы кіраўнік установы Пётр Альхоўскі (нядаўні старшыня мясцовага сельсавета) расказвае, што дырэктар Святлана Бабянкова — у дэкрэтным адпачынку: трэцяга сына нарадзіла. Майстры-рамеснікі вельмі цікавыя і таленавітыя. Мастак Ганна Бацюшкова і вышывальшчыца Любоў Сарокіна такія сувеніры вырабляюць, што раскупляюць іх вельмі актыўна. Зусім нядаўна пачалі працаваць рэзчык па дрэве Павел Валчкоў і сталяр Аляксандр Бацюшкоў. Нядаўна тут прайшло раённае свята “Майстры Жлобіншчыны”. Вельмі завозна было тады ў “Гасцёўні”. Што яна можа прапанаваць? Майстар-класы па вырабе лялькі, шыцці і разьбе па дрэве. Працу адпаведных гурткоў, дзе
займаюцца амаль два дзясяткі чалавек. А яшчэ — шыкоўны і вялікі газон для хадзьбы басанож. Як на мяне, дык не хапае на падворку нескладаных вясковых прыстасаванняў для забаў: арэляў ды каруселяў рознага роду. Вельмі актыўна супрацоўнічае дом рамёстваў з мясцовым СДК. Што яшчэ? Мае дом рамёстваў сапраўдны музей сялянскага побыту.

Калі вы яшчэ не бывалі ў Рэкце, настойліва раю: кідайце ўсе клопаты, збірайце сямейнікаў і спяшайцеся ў тамтэйшы дом рамёстваў. Здзіўленню вашаму не будзе мяжы. Я, да прыкладу, купіў там такія сувеніры, што на іх мае суседзі глядзяць са зразумелай для мяне сквапнасцю. У Рэкту!

“Вы інструмент нам не купіце?”

Гэтым пытаннем мяне выбілі з каляіны дырэктар СДК у Красным Беразе Тамара Ермаловіч і акампаніятар Сяргей Сныткоў. Аказваецца, для народнага ансамбля “Дабаснянка”, дзе Тамара Уладзіміраўна — мастацкі кіраўнік, патрэбны новы баян, бо стары клеены-пераклеены і вось-вось парвецца. Доўга не мог зразумець, чаму пытанне — да газеты “Культура”. А мне ў адказ — аргумент: для згаданага ансамбля сцэнічныя касцюмы купіла Жлобінская райгазета “Новы дзень”. Вось тут мне і стала сорамна. Як патлумачыць, што раёнка можа мецэнацтваваць, а важкае рэспубліканскае выданне — не. Сорамна і таму, што наклад у “Новага дня” — утрая большы, чым у “Культуры”. І не надта вясёлыя думкі пасля гэтага. Так, нас не выпісваюць пад прымусам. Мы стараемся рабіць газету для прафесіяналаў. Вось толькі трывожыць пытанне:
“Няўжо іх засталося ў краіне не больш за чатыры тысячы?” Між іншым, у Красным Беразе “Культуру” выпісваюць.

Сяргей Сныткоў сумаваў з іншай нагоды: вельмі мала сярод акампаніятараў слухачоў засталося. Таксама праблема. Слухач — універсал, ён грае і па слыху, акадэміст — толькі па нотах. Адбяры ў апошняга гэтую “мыліцу” — змоўкне. А вось чаму сёння нашы навучальныя ўстановы не рыхтуюць слухачоў-акадэмістаў? Пытанне заслугоўвае, як падаецца, асобнага аналітычнага артыкула.

Некалькі слоў пра “Дабаснянку”. Вы чулі калі-небудзь прыпеўкі з элементамі рэпа? Гурт з Краснага Берага можа і не такое. Таму слава ў яго — агульнараённая. Тамара Ермаловіч кажа, што ансамбль сам па сабе — доўгатэрміновы праект сістэмнай папулярызацыі традыцыйнага песеннага мастацтва (рэпавыя матывы — творчы эксперымент, без якога няма руху наперад). Але і такі, здавалася б, перспектыўны праект можна загубіць на корані. Справа ў тым, што калісьці ў складзе гурта было 15 чалавек, цяпер — 7. Доказ таму, што пра амаладжэнне “спеўнага арганізму” трэба клапаціцца загадзя.

У тым, што прафарыентацыя ды пераемнасць у галіне культуры наладжана на Жлобіншчыне няблага, я пераканаўся ў вёсцы Шчадрын. Кіраўнік клубнай установы Алена Крантоўская, якая працуе ў галіне з 1977 года, мае цудоўную маладую памочніцу — акампаніятара Надзею Курдаеву. Вельмі таленавітая дзяўчына вядзе яшчэ і аматарскае аб’яднанне па дэкаратаўна-прыкладным мастацтве. І мясцовы бібліятэкар Ганна Грынькова спакойная. Знайшла сабе замену — маладую Таню Мінькову. Таня расказвае, што Ганна Пятроўна цяпер на пенсіі, але часта бібліятэку наведвае, падтрымлівае парадамі. Усе дзяўчаты — мясцовыя, ніхто не збіраецца шукаць лепшай долі. Толькі так, падаецца і можна вырашыць кадравае пытанне.

Клубнікі раёна заняты цяпер пераглядам зместу святаў вёскі. Рэбрэндынг — працэс няпросты. Хочацца пажадаць работнікам культуры паболей творчых знаходак і здзяйснення ўсіх без выключэння мараў.

Знаёмцеся!

Лялькіна мамка

/i/content/pi/cult/703/15414/17.JPGЯна працавала мастаком на фабрыцы мастацкай інкрустацыі ў Кобрыне, калі нарадзіла трох дзяцей — выхавацелькай дзяцячага садка ў Рэкце, потым — паштаркай, фермерам, прыёмшчыцай заказаў камбіната бытавога абслугоўвання і цырульнікам, на паўстаўкі — настаўніцай малявання ў школе, на сёння — майстар-метадыст дома рамёстваў “Гасцёўня”. Гаворка пра Ганну Бацюшкову (з ужо знаёмай вам Рэкты) — унікальнага мастака-лялечніка. Па ўсім бачна, што толькі з важкім жыццёвым багажом за плячыма і можна з поспехам займацца такой сур’ёзнай справай як выраб лялек.

Адкуль бярэцца здольнасць вадзіць алоўкам па паперы і бачыць, як з-пад грыфеля пакрысе прарастае зусім іншае жыццё? У пэўных народаў, кажуць, маляванне людзей ды звяроў — пад забаронай. Маўляў, ці ж можна пераймаць боскія здольнасці? На радасць усім у майстрыхі Ганны Бацюшковай такія неабдымныя амбіцыі, што яна без разваг імітуе на практыцы здольнасці Стваральніка: вырошчвае, як кветку, свой свет. Спачатку гэта былі фабрычныя інкрустацыі. Неяк неўпрыкмет (з-за ўсё тых жа бязмежных амбіцый) Ганна Бацюшкова ўваходзіць у лік лепшых спецыялістаў і атрымлівае права карыстацца асабістым кляймом.

І чым бы потым яна не займалася, але маляванне прысутнічала ў жыцці заўжды. Пазіраючы на маці, маляваць сталі і трое дзяцей. Далей — болей. Ганна Кірэеўна пераканалася, што яе работы людзям падабаюцца. Пачала эксперыментаваць. Да трох ночы заседжвалася. Так з’явіліся першыя лялькі. Абярэгі — гэта адно. Лялькі ў нацыянальным адзенні і з дакладна прапісаным тварам — зусім іншае. Такія называюць калекцыйнымі. Кожная — са сваім характарам. Нават не верыцца, што за гэтымі вельмі чалавечымі выразамі — банальнае пап’е-машэ. Адкуль бярэ Бацюшкова гэтыя характары? Нават сама не ведае. Адкульсці з-пад сэрца. Спрабавала перамалёўваць з часопісаў ды з фотакартак. Не атрымліваецца! А з галавы — толькі паспявай занатоўваць. А гэта ўжо штосьці ды значыць. Тое, да прыкладу, што мастацтва жыве ў душы майстрыхі.

А яшчэ Ганна Кірэеўна робіць барэльефы-магніцікі. Гэта таксама фігуркі беларусаў і беларусак. На першы погляд, рэч інсітная. Але варта прыгледзецца, каб зразумець, наіў — у характарах фігурак. А самі яны — нібыта гімн людзям працы, здольных на любоў і каханне, самаадданасць у працы ды творчасці.

 

Замест заканчэння

Згадкі пра “Куфар…”

Калісьці “К” друкавала метадычныя матэрыялы пад назвай “Куфар-радца”. З-за недахопу газетнай плошчы некалькі гадоў таму гэты праект мы спынілі. Але ці не падчас кожнай нашай камандзіроўкі чуем просьбу: “Вярніце “Куфар”!”

Гаварылі пра гэта работнікі культуры Карэліцкага раёна, згадвалі праблему і па клубных установах Жлобіншчыны. Я ўдакладніў. У першую чаргу ім не стае для працы беларускіх песень беларускіх кампазітараў, дыхтоўных сцэнарыяў на роднай мове. Перакананы, “Куфар”, хоць і не ў ранейшых памерах, але неабходна вяртаць. Мо такім чынам мы і падпіску колішнюю вернем. А як вы думаеце?

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"