Храм, які яны ўратавалі

№ 29 (1364) 21.07.2018 - 28.07.2018 г

Першая асацыяцыя з вёскай Мядзведзічы, што ў Ляхавіцкім раёне — гэта, вядома ж, касцёл. Велічны храм у гонар святых апосталаў Пятра і Паўла размешчаны на пагорку, узвышаючыся па-над усім наваколлем і здзіўляючы турыстаў сваім хараством. А між тым, гэтая святыня была збудавана рукамі саміх вяскоўцаў. Яны ж яе і ўратавалі потым ад спусташэння і руйнавання, якога не пазбеглі многія беларускія храмы. Таму гісторыя гэтага касцёла — унікальная.

/i/content/pi/cult/701/15384/23.JPGКалі мне было гадоў дзесяць, мы ездзілі сюды на роварах з суседняй вёскі на падрыхтоўку да Першай Камуніі. Дарога да касцёла заўсёды здавалася вельмі доўгай. Але назад вярталіся чамусьці з пачуццём лёгкасці і радасці. Вось так, яшчэ ў дзяцінстве, Бог даваў сілы для жыццёвага падарожжа. Муры касцёла ратавалі ад спёкі летам, а ў халодныя зімы, падчас пастэркі перад Божым Нараджэннем, выпрабоўвалі на трываласць.

Дзве калоны дзяцей уздоўж касцёла, у дзяўчынак белыя сукенкі і вяночкі на галовах, хлопцы, як і патрэбна, у строгіх чорна-белых уборах. Мы першы раз прымаем Цела Хрыста ў Мядзведзічах… Светлы, незвычайны дзень, які назаўсёды застанецца ў памяці.

Gloria Deo!

Паводле звестак польскага даследчыка Ежы Ахманьскага, гісторыя парафіі ў Мядзведзічах распачалася яшчэ ў 1483 годзе. Мястэчка тады належала Віленскаму біскупу. Спачатку пабудавалі мураваны храм, але падчас нашэсця татараў ён быў спалены. На яго месцы ў XVI стагоддзі паўстаў драўляны касцёльчык. Але ў 1886 годзе ён быў зачынены царскімі ўладамі — як і многія іншыя касцёлы на Беларусі.

Але мясцовыя жыхары мужна адстойвалі сваю святыню. Некаторыя вернікі нават ездзілі ў Пецярбург прасіць у цара дазволу адкрыць касцёл. Доўгі час намаганні не мелі плёну, але жыхары мястэчка праяўлялі настойлівасць. І ўрэшце 11 лістапада 1905 года, на хвалі лібералізацыі, касцёл быў вернуты вернікам.

На месцы драўлянага храма ў хуткім часе вырашылі пабудаваць мураваны. Праект зрабіў польскі архітэктар Стэфан Шылер. А будавалі ўсім людам: паводле расповедаў мясцовых жыхароў, з навакольных вёсак везлі неабходныя матэрыялы, талакою капалі зямлю пад фундамент.

— Мая мама на той час была падлеткам — і таксама капала разам з усімі, хаця і цяжка было, — узгадвае жыхарка Мядзведзічаў Соф’я Шышко.

У 1908 годзе будаўніцтва завяршылі. На фасадзе змясцілі “залаты” надпіс Gloria Deo, або “Слава Богу” — напамін пра чарговае адраджэнне касцёла. Праз два гады святыня была кансэкраваная Магілёўскім біскупам Янам Цеплякам, а пробашчам прызначылі ксяндза Яна Эйсманта.

/i/content/pi/cult/701/15384/24.JPGУ віхуры войнаў

Між тым, новыя выпрабаванні не прымусілі сябе чакаць. Распачалася Першая сусветная вайна. У 1914 годзе ксёндз Ян быў прызваны ў войска — праўда, у якасці капелана. А неўзабаве і сам касцёл, які надоўга апынуўся на прыфрантавой тэрыторыі, быў рэквізаваны на карысць арміі — як стратэгічна важны аб’ект. На яго вежы паставілі рускіх салдат-назіральнікаў. Немцы пра гэта ведалі, і таму храм не раз трапляў пад абстрэлы.

На шчасце, ён ацалеў. Па сканчэнні вайны ў ім зноў аднавіліся набажэнствы. І ў 1918 годзе ў яго сценах упершыню прагучала беларуская мова — што на той час у касцёльным жыцці здаралася не так і часта. Малады тады яшчэ субдыякан Пётр Татарыновіч паходзіў з тых мясцінаў, і да сваіх ён прамаўляў па-свойску. Рэакцыя парафіянаў была станоўчай.

Айцец Татарыновіч увайшоў у гісторыю як выбітны дзеяч рэлігійнага руху, заснавальнік беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё. А да ўсяго, ён быў сапраўдным рупліўцам народнай асветы. У сярэдзіне 1930-х гадоў інтэлігенцыя Заходняй Беларусі выступіла з ініцыятывай стварэння Беларускіх дамоў — своеасаблівых правобразаў цяперашніх сельскіх устаноў культуры. Польскія ўлады, зразумела ж, сустрэлі ідэю ў штыкі, але адзін такі дом, усё ж, з’явіўся — у амаль родных для ксяндза Пятра Мядзведзічах.

У 1933 годзе парафія ў Медзведзічах налічвала шэсць тысяч чалавек. А на вялікія святы збіралася незлічоная колькасць вернікаў.

— Людзі прыязджалі нават са Слуцка, шмат адкуль. Поўны касцёл, і на вуліцы стаялі, на траве, укленчыўшы, маліліся, — распавядае Ядвіга Гладкая з Мядзведзічаў.

— Некалі ідуць людзі да касцёла — то як провад па вуліцы! Самі ідуць, на роварах едуць… Стаць не было дзе, — узгадвае Францішка Зянько з Гайніна. — Памятаю, ідзем да Першай Камуніі. Бацькі ж стараюцца, каб убраць хораша. Ва ўсіх белыя сукеначкі, белыя панчошкі… Мая маці не знайшла белага матэрыялу — дык пашыла мне ружовую. І яшчэ адной дзяўчыне таксама такую пашыла. Да Камуніі прыступілі. Якое хараство было!

Мноства вернікаў сабралася ля храма і 29 чэрвеня 1941 года — на парафіяльнае свята Пятра і Паўла. І акурат у той дзень у Мядзведзічах з’явіліся немцы. Тагачаснага пробашча Леана Буйноўскага падчас імшы паклікалі ў сакрыстыю. Тут жа вывелі і пасадзілі ў машыну. Болей вернікі яго не бачылі. Як і многія іншыя святары, ён загінуў у Калдычэўскім лагеры смерці пад Баранавічамі.

Доўгі час у парафіі пробашча не было. 26 лютага 1948 года ім нарэшце стаў ксёндз Вацлаў Пянткоўскі. Але нядоўга яму давялося служыць на новым месцы: ужо праз два гады ён быў арыштаваны савецкімі ўладамі як “агент Ватыкана” і вывезены ў лагеры Казахстана.

/i/content/pi/cult/701/15384/25.JPGНесупынная варта

Петрапаўлаўскі касцёл быў зачынены. Улады хацелі забраць яго пад свае патрэбы, аднак ім гэта не ўдалося: некалькі гадоў мясцовыя жыхары пастаянна дзяжурылі каля святыні, молячыся часам нават на снезе. Вартаваць касцёл хадзілі па чарзе, удвух, а бывала, што і цэлай грамадою. У асноўным, жанчыны і моладзь, але былі выпадкі, калі мужчыны пераапраналіся ў жаночую вопратку і таксама ішлі на варту.

— Ля касцёла мы начавалі некалькі разоў, — узгадвае Браніслава Цярпіцкая з Мядзведзічаў. — Адзін раз толькі ў самім касцёле. Паселі там у невялікім пакойчыку на дываны. Мая сяброўка Гандзя Свірэпа заснула, а я не магу — баюся. А вецер шуміць, страшна...

Калі ў Мядзведзічы прыязджалі прадстаўнікі ўлады, а ў гэты час людзі працавалі на полі, хтосьці адзін аббягаў вёску і клікаў усіх да касцёла. Не абыходзілася і без хітрыкаў.

— Быў у нас сляпы Костусь, які касцёл адмыкаў — ну, усё ж, трохі бачыў, мабыць. Дык улады яму сказалі, каб ён ім ключ аддаў. А ён гаворыць: “У мяне нехта забраў, а я і не ўгледзеў, хто гэта быў”. Не аддалі мы гэты ключ! Пільнавалі, — распавядае Ядвіга Свірэпа.

Яе свякроў Ганна Свірэпа была на той час абраная старшынёй касцёльнага камітэта. Разам з іншымі вернікамі яна ездзіла ў Мінск і Маскву дабівацца, каб храм дазволілі адкрыць для малітвы. І ў рэшце рэшт улады пайшлі на саступкі. З Баранавічаў раз у месяц прыязджаў ксёндз і адпраўляў імшу.

нелегальная семінарыя

Праз шэсць гадоў высылкі ў Мядзведзічы вярнуўся ксёндз Вацлаў. Змучаны, з падарваным здароўем, але з чыстым сумленнем. Сустракаць яго выйшла ўся вёска з кветкамі. Людзі плакалі і ўкленчвалі перад ім.

Святарская служба была для яго сапраўдным жыццёвым пакліканнем. Людзі гарнуліся да ксяндза Вацлава, любілі яго. А вось пераслед не супыняўся. У 1958 годзе ўлады забаранілі пробашчу адведваць сваіх вернікаў у калядны перыяд і ўдзяляць сакрамант бежмавання, а ў 1967 годзе — і наогул на тры месяцы адпраўляць набажэнствы. Тым не менш, гэта не перашкодзіла ксяндзу адважна выконваць свае святарскія абавязкі.

Нягледзячы на рэлігійныя забароны, Першая Камунія па-ранейшаму была сапраўдным святам для парафіянаў. Жыхары вёскі таемна, агародамі, вадзілі сваіх дзяцей у касцёл, каб тыя маглі прайсці курс хрысціянскай навукі і падрыхтавацца да першай споведзі.

— Не было белых сукенак. Я была ў нейкім тканым кафтаніку і паркалёвай сукенцы. Але свечкі былі ў кожнага, — узгадвае парафіянка Браніслава Цярпіцкая.

Аднадушная падтрымка мясцовай грамады дазволіла пробашчу пайсці на рызыкоўны крок. Каталіцкіх святароў тады на Беларусі не рыхтавалі нідзе. І вось, у 1970-х ксёндз Вацлаў арганізаваў у Мядзведзічах нелегальную каталіцкую семінарыю, дзе таемна выкладаў маладым хлопцам гісторыю Касцёла, кананічнае права, этыку, замежныя мовы і філасофію. У ёй навучаліся сённяшнія біскупы Антоній Дзям’янка і Казімір Велікаселец. А ўсяго за часы існавання семінарыі ксяндзом Вацлавам было падрыхтавана дзесяць святароў.

Ажно 43 гады айцец Пянткоўскі прысвяціў служэнню ў мядзведзіцкай парафіі. Запомніўся людзям сваёй адкрытасцю, дабрынёю, кемлівасцю і адукаванасцю.

***

Сёння ў касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла прыходзяць пераважна людзі сталага веку. Вёска спакваля вымірае. Моладзь у большасці паз’язджала ў гарады і бывае тут найчасцей толькі на вялікія святы. Людзі сярэдняга веку далёка не ўсе наведваюць храм, а вось старыя, як і раней, ідуць туды любімымі сцежкамі.

— Выходзіш з касцёлу ачышчаны, нібы падзараджаешся! — распавядае Генрых Свірэпа. — Табе добра, ты ўсміхаешся людзям і сонцу. У цяжкія часы мы яго адстаялі, а цяпер ён нас падсілкоўвае, не дае страціць сваю веру і сваё “я”. Напамінае, што мы — гэта не толькі нашая цялесная абалонка. І ўвасабляе еднасць з тымі, каго ўжо няма на свеце.

Марына ВАЛАСАР

Фота аўтара і з архіва парафіі