Пачуў, як карэнныя гараджане называюць тых, хто пачынаў 60 гадоў таму, першабудаўнікамі і адчуў, што ёсць у гэтым нешта біблейскае. На неўтаймоўных полацкіх балотах у час хрушчоўскай адлігі сабраліся людзі, разняволеныя рамантыкай перамог над сабой ды прыродай, і пастараліся перакуліць свет. І ў іх атрымалася. Але спачатку ўзніклі чатыры палаткі, дзе знаходзіўся штаб будоўлі ды рэдакцыя газеты (той, хто недаацэньвае ролю СМІ, недаацэньвае сябе).
Першастваральнікі
Крыху пазней з’явілася жытло для будаўнікоў: восем баракаў. Узнікла не надта таннай цаной. Каб экскаватар не губляў манеўранасці, людзі кідалі пад яго гусеніцы свае ватоўкі. А будаўнік Пётр Блахін не дажыў і да трыццаці, прастудзіўся і не змог адолець хваробы. Іхнімі імёнамі названы вуліцы Наваполцка, пра іх лёсы распавядаюць мемарыяльныя дошкі на сценах гарадскіх дамоў — першазаснавальнікі, першабудаўнікі. А дух тагачаснага рамантызму, кажуць, жыве ў горадзе і па сёння. Маладыя людзі ходзяць па вечарах з гітарамі. І не трэба доўга запрашаць людзей, скажам, на суботнікі, бо ўсё тут робіцца добраахвотна, як і 60 гадоў таму. На адным з гарадскіх п’едэсталаў захоўваецца коўш ад першага экскаватара. Як напамін пра тое, што жалеза гнецца і ламаецца, а чалавек ідзе далей і заўжды прагне светлага. Менавіта таму яшчэ ў адным з баракаў Нацыянальны мастацкі музей зладзіў выставу жывапісу. А да дзесяцігоддзя нафтаграда быў створаны музей, які стаў музеем гісторыі і культуры Наваполацка.
Урбанізацыя
Роля горада з кожным годам становіцца больш важкай. Гарпасёлак Баравуха даўно скарыўся і стаў прыгарадам. На месцы першай палаткі месціцца гісторыка-мемарыяльны комплекс. У Наваполацку цяпер — больш за сто тысяч насельнікаў.
— І кожны пяты актыўна ўдзельнічае ў мастацкай самадзейнасці, — распавядае кіраўнік Цэнтра культуры Наваполацка Валянціна Кішчанка. — А першаму афіцыйнаму клубнаму калектыву — народнаму хору, ядро якога калісьці складалі медработнікі — споўнілася сёлета 46 гадоў. Усяго ў горадзе — 30 аматарскіх ансамбляў, 11 з іх — народныя і ўзорныя.
24 чэрвеня, як паведаміла Валянціна Паўлаўна, у горадзе ўпершыню пройдзе фестываль урбаністычнага мастацтва. Наваполацк дарос да стрыт-арту. Ці стрыт-арт дарос да Наваполацка? Прынамсі, гарадская моладзь задаволена: Наваполацк, адваяваны ў балот, упэўнена пашырае прасторы магчымасцяў для самавыражэння сваіх насельнікаў. Горад таксама ўмее быць удзячным да сваіх стваральнікаў.
Пушкін, Маякоўскі, Маршак
Цікавая справа, у Наваполацку — сем бібліятэк, шэсць з іх носяць імя знакамітасцяў: Пушкіна, Маякоўскага, Сіманава, Маршака, Коласа, Караткевіча. Толькі бібліятэка Баравухі — безназоўная. Але галоўнае тое, што перад установай імя Пушкіна ёсць помнік Пушкіну, а перад установай імя Караткевіча, Караткевіча няма. Між тым, бібліятэка гэтая хоць і знаходзіцца на ўскраіне, але з’яўляецца вельмі запатрабаванай, бо ў бок той ускраіны Наваполацк і развіваецца. Так што можна і бібліятэку тую лічыць градаўтваральнай. Спадзяюся, з часам тут і выява Караткевіча з’явіцца. Ён таксама заставаўся да канца рамантыкам.
Не ведаю, ці была ў першай палатцы кніжка? Відаць, была. Што тады чыталі? “Брацкая ГЭС” Еўтушэнкі і “Трохвугольную грушу” Вазнясенскага. Цяпер, натуральна, чытаюць іншае. Але, як запэўнівае дырэктар ЦБС Марыя Караваева, удзельнічае ў гэтым працэсе кожны трэці новапалачанін. Цудоўна, калі так.
У бібліятэцы імя Якуба Коласа летась зрабілі выставачную залу плошчай аж у 150 квадратаў. Цудоўная эвалюцыя! Па маім меркаванні, толькі такім, мастацкім, чынам і павінны прырастаць бібліятэкі.
Марыя Караваева дадае, што распрацоўваецца яшчэ адна перспектыўная дзялянка бібліятэчнага развіцця. Будучыня, пераканана кіраўнік ЦБС, за квэстамі. Прынамсі, сёння ў іх гуляюць літаральна ўсе: і дзеці, і дзядулі.
Усё толькі пачынаецца
Вулічны музыкант, закаханы, як сімвал Наваполацка, журавы ў абдымках, Пушкін на каванай лаве — вось, бадай, і ўсё помнікі горада. Па мне — мала. Галоўная захавальніца фондаў Музея гісторыі і культуры горада Ірына Скіжанок спрачаецца:
— Сярод ляснога масіву ў нас ёсць дзіцячы парк з мноствам драўляных скульптур. Ёсць казачныя выявы на любы густ. І ўвогуле, у горада вельмі маладое аблічча. Помнікі пасуюць больш сталым паселішчам.
Тут, сапраўды, цяжка не пагадзіцца. Галоўная вуліца Наваполацка — Маладзёжная. Тут і адбываюцца асноўныя “сталічныя” падзеі, бо на Маладзёжнай размешчаны і актыўна дзейнічаюць школы музычная і мастацкая, два цэнтры культуры (адзін — нафтавікоў). Самая апошняя акцыя — адкрыццё арт-плота “Галерэя для ўсіх”, дзе размешчаны фотарэпрадукцыі жывапісных палотнаў, што захоўваюцца ў фондах музея.
А яшчэ ў фондах захоўваецца дзённік Мікалая Кускова — першабудаўніка, які разам з 15 калегамі 7 чэрвеня 1958 года высадзіўся на балотах ля вёскі Слабада. Тут і ўзнік потым Наваполацк, для якога ўсё толькі пачынаецца.