Узнагароджванне ўдзельнікаў рэспубліканскай акцыі “Мецэнат культуры Беларусі — 2018” праходзіла пад загалоўную мелодыю вядомага кінафільма Марка Захарава “Формула кахання”. Акцёры, чые жартаўлівыя нумары аб’ядноўвалі канцэртна-віншавальную праграму ў адзінае цэлае, шукалі ідэальную нацыянальную формулу любові да мастацтва. У выніку атрымалася, што ў аснове канцэпцыі ляжыць прынцып дапамогі талентам. Часцяком менавіта дабрачыннасць бізнес-колаў дорыць творцам і культработнікам магчымасць быць пачутымі, заявіць пра сябе, данесці свае задумы да гледача.
Першым слова на сцэне Палаца Рэспублікі ўзяў міністр культуры Беларусі Юрый Бондар.
— Роля мецэнацтва ў жыцці грамадства вылічваецца шматвяковай гісторыяй чалавецтва і не страчвае свайго значэння ў сучасным жыцці. Прыемна ўсведамляць, што прадстаўнікоў дзелавых колаў, прадпрымальнікаў, калекцыянераў, прыватных асоб шчыра турбуе лёс нашай культуры. Іх аб’ядноўвае памкненне памножыць мастацкае багацце краіны, падтрымаць высілкі дзяржавы ў справе захавання і развіцця духоўнай спадчыны народа Беларусі.
Юрый Паўлавіч дадаў, што падначаленае яму міністэрства разумее: каб адраджаць лепшыя айчынныя традыцыі мецэнацтва і дабрачыннасці, неабходна ўдасканальваць заканадаўства, праз гэта фарміраваць сістэму стымулаў і заахвочванняў для тых, хто займаецца высакароднай дзейнасцю.
Важнасць дабрачыннай дапамогі цяжка пераацаніць. Пры садзейнічанні неабыякавых прадстаўнікоў кампаній розных форм уласнасці былі набыты і прывезены ў Беларусь многія творы мастацтва. Юрый Бондар падкрэсліў: “Мы ствараем музейныя каталогі, рэкламныя матэрыялы, афармляем страхоўкі для міжнародных выстаў. І ўсё гэта — дзякуючы вам”.
Пры дапамозе пазабюджэтнага фінансавання ў краіне ладзяцца многія значныя культурныя падзеі, якімі мы па праве ганарымся. У прыватнасці, спадар міністр узгадаў такія буйныя праекты, як міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, Міжнародны фестываль “Лістапад”, фестываль Юрыя Башмета, форум тэатральнага мастацтва “ТЭАРТ”, Калядны оперны форум, вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў, Мінскі форум вулічных тэатраў, выставачны праект “АРТ-астравы”, фестываль “Уладзімір Співакоў запрашае…” і многія-многія іншыя акцыі, як на рэспубліканскім, так і на рэгіянальным узроўнях.
Прыемна ўражвае, што прыкладаў дзяржаўна-прыватнага партнёрства год ад году становіцца больш. Так, на аналагічным мерапрыемстве ў 2017 годзе гаварылі пра пяць мільёнаў рублёў, выдаткаваных прыватнымі структурамі на падтрымку культуры. Летась жа дзяржаўныя арганізацыі культуры атрымалі спонсарскую падтрымку ў памеры 6 мільёнаў 400 тысяч рублёў.
На сёлетняй цырымоніі ўручаны 44 дыпломы. Фіналістаў рэспубліканскай акцыі ўзнагароджвалі за ўклад у развіццё і папулярызацыю беларускай культуры і міжнароднага культурнага супрацоўніцтва, за аказанне падтрымкі ў правядзенні наватарскіх культурных праектаў, за сталую падтрымку нацыянальнай культуры, за значны ўклад у арганізацыю міжнародных і рэспубліканскіх фестываляў, конкурсаў, святаў. Што цікава, у апошняй намінацыі сярод арганізацый прагучала і імя прыватнай асобы: дыплом і кветкі атрымаў Юрый Зісер, які аказаў дапамогу фестывалю Башмета і Рэспубліканскаму тэатру беларускай драматургіі.
Мяркую, многія з прысутных на цырымоніі падзяляюць выказаныя падчас імпрэзы словы мастацкага кіраўніка Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета, айчыннага піяніста Расціслава Крымера:
— Мы вельмі ўдзячны за вернасць нашым партнёрам і мецэнатам іншых мерапрыемстваў у нашай краіне, бо культура — гэта залог поспеху будучых пакаленняў.