Па куплеце ўсяму свету

№ 7 (1342) 18.02.2018 - 26.02.2018 г

Анжаліка Ют на розных планетах шоу-бізнесу
Будучы яшчэ з канца 1990-х хоць і шапачна знаёмым з гэтай чароўнай спявачкай, якая валодае фантастычным па прыгажосці і моцы голасам, не раз адзначаў яе заўсёдную засяроджанасць, сур’ёзнасць, грунтоўнасць. Як вы ўбачыце са змешчанага ніжэй інтэрв’ю, гады характар Анжалікі ЮТ ані не змянілі. Як мала памянялася і знешнасць артысткі — усё гэтак жа захапляе.

/i/content/pi/cult/679/14969/20.JPGПобач з Гэры Мурам

— “Складвацца” як артыстка Анжаліка Ют пачала ў Беларусі. З вашым з’яўленнем на нашай эстрадзе нібы адкрылася новае дыханне — свежае, сучаснае па тых часах…

 — Усё ж, “складвацца” я пачала ў Сімферопалі, дзе была прымай тэатра музкамедыі, і ў Маскве, у студыі “Ласкавы май”, дзе мы працавалі на канцэртах разам альбо з Юрам Шатуновым, альбо з Аляксандрам Сяровым. Пераехаўшы жыць у 1992 годзе ў Беларусь, я апынулася ў новых умовах, сярод новых людзей і ў новай для сябе абстаноўцы. Мне вельмі падабалася музычная атмасфера Мінска таго часу. У аркестры Міхаіла Якаўлевіча Фінберга, як мне здаецца, сабраліся найлепшыя ў краіне музыканты і вакалісты. Менавіта працуючы ў гэтым калектыве, я заваявала Першую прэмію Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-93” і стала дыпламантам Міжнароднага конкурсу “Вільнюс-93”.

— Але што вас перастала задавальняць у нашым шоу-бізнесе ды прымусіла з’ехаць у Маскву?

— У Беларусі мне было “зацесна”, і мяне ўвесь час цягнула назад у Маскву. Ды і “зламалася” нешта ў беларускім шоу-бізе. У канцы 1990-х была напісаная новая праграма, пачаліся перамовы з маскоўскімі прадзюсарамі. Праектам зацікавіўся небезвядомы Ігар Селіверстаў, і мы, як праект “Анжаліка”, пераехалі ў Маскву. Я сустрэлася з Сашам Сяровым, у нас зноў пачаліся сумесныя канцэрты.

— Ці моцна расійская музычная індустрыя адрозніваецца ад беларускай?

— Гэта дзве розныя планеты. Там зусім іншыя рытм жыцця і кантрактныя абавязацельствы, непараўнальныя адлегласці перасоўванняў. Усё больш жорстка, людзі больш закрытыя. Працуючы з Селiверставым, я ў пэўны момант нават адчувала настальгію па маім любімым аркестры Фінберга, па той атмасферы, што панавала там у пачатку 1990-х. Неяк я нават прыязджала ў Мінск да Міхаіла Якаўлевіча і спрабавала сумяшчаць супрацоўніцтва з аркестрам і канцэрты ў Маскве. Але аб’ём работы ў Расіі нарастаў, мне даводзілася практычна жыць у цягніках і самалётах. Давялося зрабіць канчатковы выбар на карысць Масквы.

— Далёкае замежжа заўсёды шанавала самабытныя галасы. І гэта акурат тое, што ёсць у вас — каларатурнае сапрана. Наколькі я разумею, была спроба зрабіць кар’еру ў Заходняй Еўропе, аднак пакуль усё абмяжоўваецца тым, што час ад часу там выдаюцца вашыя рэлізы, нейкія песні трапляюць у чарты. Але магутнага тамтэйшага прадзюсавання вы не атрымалі.

— Калі скончыўся кантракт з Селiверставым, мы пачалі развіваць зусім іншы праект, арыентаваны не на вузкарасійскую, а на сусветную аўдыторыю. Спачатку з’явіліся вакальныя версіі вядомых класічных твораў у клубных міксах — Саракавая сімфонія Моцарта, “Танец маленькіх лебедзяў” Чайкоўскага, “Салавей” Аляб’ева. Калі гэта “пакаціла” на Захадзе, сталі пісаць арыгінальныя трэкі, дзе маё каларатурнае сапрана ўпляталася ў напрамкі trance і chill. Яны сталі падымацца на першыя пазіцыі сусветных чартаў (iTunes, Juno, Beatport) і “круціцца” на радыёстанцыях па ўсім свеце. Адразу пяць маіх трэкаў увайшлі ў культавы зборнік New Age Style — New Opera нароўні з кампазіцыямі такіх артыстак, як Эма Шаплiн, Лара Фабіян, Сара Брайтман... Пачынаючы з 2011 года мае новыя рэлізы (у тым ліку і ў супрацоўніцтве з вядомымі заходнімі ды-джэямі) выходзяць рэгулярна. Бліжэйшыя, напрыклад, — 2 сакавіка — Fata Morgana на лэйбле Mondo Records у Лондане, і 6 сакавіка — In My Dreams на аўстрыйскім GlobalsounD Production.

Але асабліва папулярным апынуўся, на здзіўленне, Гімн Расіі ў маім выкананні. У яго мільёны праглядаў у інтэрнэце, вось ужо больш за паўгода ён увесь час уваходзіць у першую пяцёрку Top 100 iTunes Blues Chart Russia, перыядычна падымаючыся на першае месца. Побач — Гэры Мур c Still Got the Blues, Рэй Чарльз з Hit the Road Jack. Пагадзіцеся, нядрэнная кампанія!

Што ж тычыцца канцэртнай дзейнасці, то ў канцы сакавіка зноў плануюцца гастролі ў Германіі. Аднак цалкам пераязджаць на Захад і рабіць там кар’еру планаў няма: у мяне хапае працы і ў Маскве.

/i/content/pi/cult/679/14969/21.JPG— Оперныя спевакі Муслім Магамаеў і Мікалай Баскаў аддалі перавагу эстрадзе. Вы ніколі не хацелі, будучы ўжо поп-спявачкай, цалкам сысці ў оперу?

— Я пачынала з аперэты, потым пайшла на эстраду, затым — у клубную музыку. Але ў выніку зразумела, што ў адным жанры мне зацесна. Я займаюся тым, што мне цікава, а не тым, што мне навязваюць. Менавіта з гэтай прычыны жорсткіх кантрактаў з прадзюсарамі больш не падпісваю.

Пра карысць гузакоў

— Абывацель скажа: ну так, нешта памятаю пра Ют. Скажам, песню “Мама-Маруся” — перапеў трэка Mamma Maria італьянскага трыа Ricchi e Poveri. А чаму той спявачкі няма “ў тэлевізары” або на радыё сёння?

— Мы пра беларускага абывацеля гаворым?

— Вядома.

— Дык ён і глядзіць толькі беларускае ТБ і слухае толькі беларускае радыё. А вось сябры з розных краін дасылаюць мне спасылкі на ратацыі маіх песень, напрыклад, у Італіі, Мексіцы, Грэцыі, Бразіліі. Кліп на Egyptian Love папулярны ў арабскіх краінах, а рускамоўны “Прощай” круцілі на некаторых тэлеканалах ЗША, Эстоніі, Германіі і Аўстрыі. Нешта выкладваю спасылкамі або анонсамі на сваіх старонках у сацсетках. Але адсачыць усе мае ратацыі па свеце проста нерэальна (да прыкладу, кампазіцыя Fantasia del Amor, вельмі папулярная ў Лацінскай Амерыцы, была спецыяльна запісаная па просьбе маіх мексіканскіх сяброў менавіта для тамтэйшай публікі і праспяваная на іспанскай мове). І тое, што “круцяць” заходнія станцыі і тэлеканалы — гэта, ужо выбачайце, не той фармат, які распаўсюджаны ў Беларусі. Нават самыя папулярныя мае trance- і chill-трэкі будуць, мякка кажучы, моцна выбівацца з беларускага радыёфармату.

Песні ж на рускай я апошнім часам запісваю нячаста. Але, дарэчы, “Зоркі”, як мне перадавалі, у Мінску па радыё чулі шмат разоў. Кажуць, што “круцяць” і яшчэ нешта.

— А што наогул сёння адбываецца ў вашым творчым жыццi?

— Запісваю новыя песні, развіваю сваю вакальную школу. Вакалісты, якіх я навучаю, жывуць не толькі ў Маскве, а і ў розных гарадах Расіі. Некаторыя з іх дасягаюць рэальных вяршыняў, перамагаюць у вакальных конкурсах, скараюць заходнія чарты. Напрыклад, Паліна Клiнквурт, якую Амерыканская музычная акадэмія сёлета намініравала на прэмію Artist of the Year 2017. Ёсць вучні ў Францыі, Ізраілі, ЗША, Тайландзе.

— І чаму б тады не адкрыць філіял школы, скажам, у беларускай сталіцы?

— Калі ў тым будзе чыясьці рэальная зацікаўленасць, то можна пралічыць рэнтабельнасць (маральную і матэрыяльную), абмеркаваць пытанне канкрэтна. Але толькі калі ўсё рабіць па-сур’ёзнаму, па-даросламу. Гуляцца ў цацкі мне ўжо даўно не цікава.

— Кажучы “мы”, вы пад гэтым займеннікам маеце на ўвазе сябе і Уладзіміра Станкевіча — у першую чаргу вядомаму “абывацелю” па ролі Дзяніскі Кораблёва ў кінастужцы “Па сакрэце ўсяму свету” студыі “Беларусьфільм”, а потым ужо як стваральніка ды ўдзельніка музычных праектаў Elegant Company і “Анжаліка”? Ён жа стаў не толькі вашым прадзюсарам, але і мужам.

— Мы пазнаёміліся на адным з маіх першых у Беларусі зборных канцэртаў — у Дзяржынску. Ён там быў вядучым. Першае ўражанне — гнюсны тып! Але калі я выйшла замуж за гэтага чалавека, значыць, яно аказалася памылковым. Значыць, у яго тады была нагода для жорсткага сцёбу артыстаў (мяне, дарэчы, гэта не тычылася). Некалькі месяцаў таму мы адзначылі 20 гадоў з дня афіцыйнага роспісу ў ЗАГСе!

— Напэўна, правільным будзе назваць адзін з кірункаў, у якім вы працуеце, красоверам, сінтэзам некалькіх жанраў. А чаго ў Анжаліцы Ют намяшана як у чалавеку?

— У любым з нас шмат чаго панамешвана. Але вельмі часта чалавек да канца не ведае, якія неверагодныя магчымасці хаваюцца ў яго ўнутры, што і калі “стрэліць”. Я вельмі шматгранная. Настолькі, што часам сама ад сябе не чакаю нейкіх дзеянняў і ўчынкаў. Магу быць і рахманай, ранімай дзяўчынкай, а магу — жорсткай і непахіснай.

— Ці было на вашым творчым шляху нешта такое, што вы зрабілі не так? Ад чаго, быць можа, хацелі б перасцерагчы выканаўцаў-пачаткоўцаў?

— Ні пра што не шкадую! Набітыя гузакі — жыццёвы вопыт. Пушкін правільна напісаў: “І досвед, сын памылак цяжкіх”. Магу толькі параіць ніколі не пасаваць перад складанасцямі, заўсёды лезці напралом. І не прагінацца ні перад кім, захоўваць уласную індывідуальнасць. Бо менавіта індывідуальнасцю, у першую чаргу, і каштоўны артыст.

Даведка

Анжаліка ЮТ (сцэнічнае імя Анжаліка, Angelika), нарадзілася ў Сімферопалі. Скончыла Сімферопальскую музычную вучэльню. У пачатку 1990-х — салістка Крымскага ўкраінскага тэатра драмы і музычнай камедыі, былая вакалістка студыі “Ласкавы май”, ВІА “Чараўнiцы”, Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі, ансамбля “Сябры”, гурта “Анжаліка”, Прадзюсарскага цэнтра Ігара Селiверстава. Салістка аўстрыйскага лэйбла Millennium Opera, кампазітар, вакальны трэнер, прадзюсар, член Прафесійнага саюза пісьменнікаў Расіі.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"