Мінулы год прайшоў для мастакоў пад знакам 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і 950-годдзя заснавання нашай сталіцы. І найбольш амбіцыйныя і паспяховыя выставачныя праекты наўпрост ці ўскосна былі звязаныя менавіта з гэтымі датамі. У Беларускім саюзе мастакоў ужо звярстаны план выставачнай дзейнасці на гэты год. Ён звыкла ахоплівае экспазіцыі, якія будуць разгорнутыя ў галоўнай выставачнай зале краіны — Палацы мастацтваў.
У прыватнасці, леташні “Восеньскі салон з “Белгазпрамбанкам”, які ўяўляе сабой шырокі агляд маладога мастацтва Беларусі, меў добры розгалас у калямастакоўкай грамадзе, выклікаў сапраўдную цікавасць у публікі. Доўжыць справу падтрымкі таленавітай моладзі згаданы банк будзе і сёлета. “Восеньскі салон-2018” адбудзецца ў кастрычніку-лістападзе.
А ў красавіку-маі той жа банк правядзе ў Палацы не менш маштабную “дарослую выставу” — мастацкі фэст “Арт-Мінск”. Мяркуецца, што яна прадэманструе гледачам і самім творцам ступень адаптацыі найноўшага беларускага мастацтва да рэалій глабальнага свету, адпаведнасць нашай выяўленчай мовы і ладу мыслення сучаснаму камунікацыйнаму фармату.
У сваёй выставачнай палітыцы Саюз мастакоў зыходзіць з таго, што ў Беларусі няма і не можа быць культурнай правінцыі, што ў нашай культурнай прасторы Мінск хоць і з’яўляецца месцам прыцягнення амбіцыйных асоб і рэалізацыі самых важкіх праектаў, але сутнасна — ён толькі першы сярод роўных. Пацвярджэннем гэтай тэзы з’яўляюцца рэгулярныя выставы абласных арганізацый саюза ў сталіцы. Сёлета ў пачатку чэрвеня ў Палацы будуць гасцяваць мастакі Віцебскай вобласці. Можна спадзявацца, што гледачы пабачаць, як праз творчасць сённяшніх віцебчукоў гістарычныя традыцыі трансфармуюцца ў рэчаіснасць.
У другой палове чэрвеня — пачатку ліпеня плануе зладзіць выставу ў Палацы мастацтваў хросны бацька і нязменны кіраўнік пленэру па кераміцы “Арт-Жыжаль” Валерый Калтыгін. Яна будзе зборам найбольш значных твораў за пятнаццацігадовую гісторыю пленэра. Сам спадар Валерый у рамках гэтай імпрэзы правядзе і сваю персанальную выставу.
У той жа час Палац прыме выставу “Шлях Альгерда”. Ужо з назвы відаць, што яна прысвечана памяці вялікага князя Альгерда. Ёсць спадзяванні, што мастакі, маючы пэўны досвед асэнсавання гісторыі нашай дзяржавы, здолеюць выйсці за межы просталінейнай візуалізацыі ўжо звыклых грамадзе з’яў і падзей. Што гледачы ўбачаць не проста шэраг выяваў, але канцэпцыю, актуальную для сённяшніх рэалій.
Адным з чыннікаў існавання Саюза мастакоў з’яўляюцца вытворчыя структуры, якія ператвараюць творчыя задумы ў матэрыяльныя аб’екты — манументальную і дэкаратыўную скульптуру, аздобу фасадаў і інтэр’ераў і гэтак далей. Выстава пад назвай “Арт-камбінаты” плануецца на пачатак красавіка.
У ліпені гледачоў чакае арт-праект “Семкі”. У ім будуць прадстаўленыя розныя віды мастацтва. Верагодна, што ў творах экспазіцыі будзе дамінаваць не надта сур’ёзны, іранічны погляд на шмат якія праявы жыцця. Зрэшты, праблемы лягчэй вырашаюцца, калі глядзець на іх з гумарам.
Будуць у Палацы і выставы-персаналіі. Гэта экспазіцыі твораў Уладзіміра Церашчука, Алеся Цыркунова, Пятра Прохарава, Юрыя Багушэвіча. Будзе і групавая выстава — творчай суполкі “Традыцыя”, члены якой з’яўляюцца прыхільнікамі рэалістычнай вобразнасці, але сам рэалізм трактуюць вельмі шырока.
Падсумаваннем года стане Біенале жывапісу, графікі і скульптуры ў лістападзе-снежні. Як і ў мінулыя гады, у дадатак да згаданых адбудзецца і шэраг камерцыйных выстаў.
Палац мастацтваў падчас "Восеньскага салона-2017". Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА