Разабрацца ў асаблівасцях

№ 4 (1339) 27.01.2018 - 02.02.2018 г

Выстава “Асаблівая фатаграфія” ладзілася вельмі хутка, і толькі зараз пачынаеш разумець, што ўсё ж такі часу на падрыхтоўку не хапіла. 18 студзеня пайшоў з жыцця найвыдатнейшы беларускі фатограф Юрый Васільеў. Яго знакаміты здымак з серыі “Кіжы” невыпадкова яшчэ да трагічнай падзеі быў абраны “тварам” выставы, што адкрылася днямі ў Музеі гісторыі беларускага кіно.

/i/content/pi/cult/676/14909/pages-8-92-copy-S.jpg

Юрый Сяргеевіч рыхтаваўся да выставы, у свае апошнія часы пісаў суправаджальны тэкст да фатаграфій, які так і не скончыў. “Гэта мая памяць…” — такі радок паўтараецца ў яго чарнавых запісах. “Гэта мая памяць” — і асноўны матыў усёй выставы Секцыі аналагавай фатаграфіі Беларускага аб’яднання фатографаў, дзе экспануюцца здымкі дваццаці выбітных аўтараў, сярод якіх Ігар Саўчанка, Віктар Бутра, Сяргей Кажамякін, Марына Бацюкова, Вадзім Качан, Уладзімір Суцягін, Валерый Вядрэнка і шмат іншых. Кожны фатограф падрыхтаваў для экспазіцыі запісаныя ад рукі мастацкія нарысы, тлумачэнні ці гісторыі да здымкаў.

— У бясконцай плыні лічбавых файлаў, якія прэтэндуюць на тое, каб звацца фатаграфіямі, губляецца галоўная якасць здымка — тактыльнасць, дачыненне да працэсу атрымання малюнка і ўвасаблення творчай задумкі ў канчатковым выніку. Менавіта таму мы хацелі зрабіць выставу, дзе кожная фатаграфія асаблівая, унікальная. У першую чаргу — дзякуючы сваёй рукатворнасці, — адзначаюць арганізатары.

Камернае памяшканне Музея кіно таксама спрацавала на гэту ідэю. Там хочацца спыніцца хаця б на некалькі хвілін і доўга ўглядацца ў здымкі, адчуваць пах новых пашпарту і не думаць пра тое, што на свеце існуюць іншыя колеры, акрамя чорнага і белага, учытвацца ў гісторыі пад фатаграфіямі.

“Асаблівая фатаграфія” — не падвядзенне нейкіх вынікаў мінулага, якія прэзентуюцца сучаснаму гледачу, бо наведвальнік убачыць і здымкі, зробленыя ў савецкі час, і сучасныя работы. Выстава сведчыць аб тым, што фотамастацтва ў нашай краіне сапраўды існуе, і што незалежна ад развіцця тэхналогій яно працягвае рухацца ўсё больш імкліва.

Фота аўтара

Аўтар: Ганна ШАРКО
карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"